Як можа (не) здарыцца, што Беларусь стане свабоднай

Пры правядзенні фінансавага аналізу фактараў, што ўплываюць на стан прадпрыемства, заўсёды больш, чым адзін. З часам антыкрызісны кіраўнік вучыцца вылучаць тыя, што ўплываюць мацней за ўсё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што цяпер мацней за ўсё ўплывае на ўтрыманне Лукашэнкам улады? На сённяшні дзень відавочна, што гэта расейская вонкавая палітыка. І калі ў пачатку 2022 года шмат хто меў спадзевы, што вызваленне Беларусі будзе звязанае з перамогай Украіны, то ў канцы 2023-га мы бачым, што вайна ва Украіне можа працягвацца гады.

Паколькі ўкраінскае войска залежнае ад паставак узбраення ЕЗ і ЗША, хуткага контрнаступу не адбылося. Саюзнікі не пастаўляюць боепрыпасаў у рэжыме «безлімітнай лініі». Акрамя таго, вайна ў Ізраілі ўносіць свае карэктывы. Відавочна, сярод амерыканскага істэблішменту выхадцаў з Ізраілю больш, чым з Украіны і Беларусі, разам узятых.

Давайце паспрабуем пазначыць тыя фактары, якія мусяць адбыцца, каб вызвалення Беларусі не здарылася, і зыходзячы з іх – стварыць базавы песімістычны сцэнар.

У сярэднетэрміновай перспектыве (3–5 гадоў) санкцыі не даюць чаканага выніку ў паслабленні эканомікі РФ. Накладзеныя эканамічныя забароны паспяхова пераадольваюцца РФ пры дапамозе падстаўных кампаніяў і шэрых юрысдыкцыяў. Кітай працягвае падтрымліваць РФ дыпламатычна і эканамічна. Рэзкага падзення ўзроўню дабрабыту ў РФ не адбываецца, расейцы не ўвязваюць вядзення вайны з асабістымі істотнымі негатыўнымі наступствамі.

Заробак расейскіх салдатаў захоўваецца на ранейшым узроўні. На сённяшні дзень медыянны заробак у Расеі – 40–50 тысяч, заробак у «СВА» – 200 тысяч расейскіх рублёў. Такім чынам, РФ захоўвае рэсурсы для актыўнага вядзення вайны. Армія РФ не паказвае прыкметаў блізкай паразы.

Гэтыя фактары дазваляюць РФ працягваць фінансаваць лукашэнкаўскі рэжым і кантраляваць нашую тэрыторыю для патэнцыйных нападаў на Украіну.

Разгледзім яшчэ шэраг важных фактараў:

  1. Частка беларускіх палітыкаў гіне ў турмах пры нявысветленых (але відавочных) абставінах. Яшчэ частку беларускіх палітыкаў выпускаюць з турмы пад умовай пакінуць краіну.
  2. Лукашэнка застаецца кіраўніком да сваёй смерці. Пасля смерці Лукашэнкі з натуральных прычынаў уладу прымае ўмоўны Карпянкоў ці аналагічны яму прадстаўнік сілавога блоку. У краіне замацоўваецца вайсковая хунта.
  3. Рэпрэсіі працягваюцца, амністыі не адбываецца, плынь эмігрантаў не слабее.

Выглядае цалкам рэалістычна ў 2023 годзе. Ці не праўда? Што трэба рабіць, каб так адбылося? Наогул нічога. Самае зручнае – гэта сядзець і нічога не рабіць. Такі асабісты выбар кожнага асобнага беларуса з кожным днём павялічвае верагоднасць для гэтага сцэнара. Таму прапаганда цяпер практычна не імкнецца перацягваць на свой бок, пераконваць, што Лукашэнка – лепшы выбар за Бабарыку ці Севярынца. Замест гэтага ўладны медыярэсурс актыўна працуе, каб пераканаць беларусаў, што «ўсё знікла, супраціў не мае плёну, а Ціханоўская – такая ж, як Лукашэнка».

Цяпер давайце паспрабуем прадумаць, які сцэнар у гэтай сітуацыі можа быць аптымістычным для Беларусі:

Расейская эканоміка, пераведзеная на ваенныя рэйкі, працуе ў рэжыме «ўсё для фронту, усё для перамогі». Ваенная эканоміка разам з санкцыямі значна панізілі дабрабыт расейцаў, і нягледзячы на ​​ўплыў прапаганды, расейцы звязваюць пагаршэнне свайго жыцця з вядзеннем вайны.

Нягледзячы на ​​ўсе намаганні, забеспячэнне расейскага салдата з чатырохкратным для Расеі сярэднім заробкам падае да аднакратнага, што выклікае крытычную нястачу людзей на фронце. Дэфіцыт асабовага складу робіць цяжкім нават утрыманне пазіцыяў, што ўжо казаць пра захоп новых тэрыторыяў. Такім чынам, расейскае войска захрасла ва Украіне, тысячы салдатаў гінуць штомесяц.

У расейскага грамадства, у пачатку 2022 года ахопленага шапказакідальніцкімі настроямі «Кіеў за 3 дні», з кожным днём усё менш разумення, «навошта нам гэтая вайна».

Беларускі плацдарм больш не цікавы Крамлю з ваеннага пункту гледжання, паколькі задачы генералаў, якія вядуць «СВА», ад пагрозаў Літве і Польшчы ў пачатку вайны звузіліся да таго, каб утрымаць наяўныя пазіцыі і не распыляць рэсурсаў.

Украіне, пры падтрыманні ЕЗ і ЗША, удаецца дабіцца сітуацыі, аналагічнай Ізраілю, калі ракету ў яе могуць шпурнуць, але «адказ сабе даражэй абыдзецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Крэмль драматычна ўразае фінансаванне рэжыму Лукашэнкі. І накіроўвае абмежаваныя рэсурсы на вядзенне вайны і ўнутраныя патрэбы.

Знікненне адзінай крыніцы даходу Лукашэнкі прыводзіць да затрыманняў у выплаце заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах цягам некалькіх месяцаў. На буйных дзяржаўных беларускіх заводах пачынаюцца стыхійныя страйкі, што гвалтоўна душацца паводле сцэнароў 2020 года. Сотні страйкоўцаў трапляюць у турму.

Нястача сродкаў у бюджэце прымушае забіраць маёмасць у набліжаных да Лукашэнкі. Канфіскацыя суправаджаецца арыштамі, якія ўжо сталі звычайнымі. Сярод грамадзянскіх вярхоў назапашваецца і спее незадаволенасць сям’ёй Лукашэнкі.

З Крамля даюць зразумець, што не зацікаўленыя ў падтрыманні Лукашэнкі, які стаміў здрадай і вымаганнем грошай, і адкрытыя да зʼяўлення больш дамоваздольных кандыдатаў.

У нейкі момант у Лукашэнкі, пра стан здароўя якога ўжо неаднаразова былі кантраляваныя выцёкі інфармацыі, раптоўна спыняецца сэрца. Уладу пераймае Савет бяспекі. КДБ пачынае спальваць архівы. Краіну пакідаюць некалькі дзясяткаў высокапастаўленых дзеячаў. Страйкі, што прыпыніліся, узнаўляюцца з новай сілай і ператвараюцца ў бестэрміновыя. У цэнтры Менску ладзіцца намётавы лагер. Беларусы з рэгіёнаў прыязджаюць і далучаюцца да пратэстаў.

Савет бяспекі Беларусі пасля кансультацыяў з РФ і ЕЗ праводзіць аўдыт дзяржаўных фінансаў і абвяшчае скасаванне культу асобы Лукашэнкі, амністыі палітычным зняволеным і курс на спыненне рэпрэсіяў. Пасля выхаду з турмаў палітычных вязняў у краіну вяртаюцца палітычныя эмігранты. Савет бяспекі і Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў абвяшчаюць правядзенне круглага стала, грунтуючыся на імкненні да прымірэння і абʼяднання падзеленага грамадства.

Што агульнага ў гэтых сцэнарах? Ключавым фактарам разглядаецца здольнасць Расеі весці вайну і, адпаведна, фінансаваць рэжым Лукашэнкі. Адкрытым застаецца пытанне, ці зацікаўлены Крэмль утрымліваць лаяльную РФ уладу ў Беларусі любымі сродкамі? Калі ўплыў Масквы відавочна знізіцца, ці будзе РФ дзейнічаць адносна Беларусі тымі ж сродкамі, як гэта было ва Украіне і Грузіі? Адказы на гэтыя пытанні нам дасць толькі час.

Галоўным для нас з практычнага боку ёсць тое, як павысіць шанцы на пазітыўны для дэмакратычных сілаў  сцэнар і мінімізаваць рызыкі ператварэння Беларусі ў аўтакратыю паводле сярэднеазіяцкага тыпу.

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў