Калабарантам ці патрыётам быў Вацлаў Іваноўскі? Размова з гісторыкам


Восемдзесят гадоў таму ў цэнтры Менску забілі сапраўднага патрыёта Беларусі Вацлава Іваноўскага. Дасюль невядома, хто менавіта здзейсніў напад. Афіцыйная версія савецкіх уладаў – помста партызанаў за тое, што Вацлаў Іваноўскі быў бурмістрам Менску. Але ягоныя сучаснікі і некаторыя гісторыкі думаюць, што забойства было звязанае з запланаванымі выбарамі ва ўрад незалежнай Беларусі. А Вацлаў Іваноўскі быў галоўным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка. Паводле некаторых даследнікаў, забойства маглі здзейсніць немцы. Біяграфія гэтай унікальнай асобы, стваральніка беларускага нацыянальнага руху не надрукаваная ў школьных падручніках і таму мала каму вядомая.

Вацлаў Іваноўскі. Крыніца: wikiwand.com

Не толькі Вацлаў, але і ягоныя браты і сястра пакінулі след у гісторыі ажно чатырох краінаў. Даследнікі дасюль збіраюць звесткі пра гэтую сям’ю, у тым ліку і ў архівах нашчадкаў. Днямі ў Варшаве ў літоўскую амбасаду наведаліся ўнукі і праўнукі братоў Іваноўскіх, якія жывуць у Польшчы. Усе яны лічаць сябе палякамі. Але іхныя продкі – чатыры браты і сястра – мелі розную нацыянальную ідэнтычнасць. Чаму такое сталася магчымым? На гэтае ды іншыя пытанні адказаў «Белсату» доктар гістарычных навук, імя якога не называецца дзеля бяспекі.

– Прыклад сям’і Іваноўскіх сведчыць, якія велізарныя працэсы пачалі адбывацца на тэрыторыі беларуска-літоўскага краю, калі нарэшце падышла эпоха нацыяналізму і сталася магчымаю дзейнасць на тэрыторыі Расейскай імперыі перад рэвалюцыяй 1905–1907 гадоў ды пасля яе. Гэта была звычайная сям’я літоўскіх палякаў, род, які даўно пераняў польскую мову, бо быў спаланізаваны культурна. Іхны маёнтак месціўся каля Шчучына на Гарадзеншчыне. У сям’і было чацвёра сыноў і адна дачка.

Так, усе сыны мелі розную нацыянальную ідэнтычнасць. Двое з іх былі кіраўнікамі вызвольных рухаў. Ежы Іваноўскі быў адным з актыўных дзеячаў Польскай сацыялістычнай партыі. Нават ратаваў Пілсудскага з псіхіятрычнага шпіталю ў Пецярбурзе, калі той адтуль уцёк. Ежы лічыў сябе палякам.

Вацлаў Іваноўскі стаўся адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Ён лічыў сябе беларусам.

Браты Іваноўскія (злева): літовец Тадэвуш, паляк Ежы і беларус Вацлаў. Фота з кнігі Ю. Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» / wikiwand.com

А Тадэвуш Іваноўскі, якога больш ведаюць як Тадаса Іванавічкуса, стаўся заснавальнікам заалогіі і біялогіі ў Літве. Ён зрабіўся літоўскім навукоўцам, якога ведалі за межамі Літвы. Вучыўся ў Сарбоне, быў ганаровым прафесарам ва ўніверсітэце ў Падуі. Тадэвуш лічыў сябе літоўцам.

Чацвёрты сын меў польскую ідэнтычнасць. Ён дзеяў у польскім вызвольным руху, але пра яго не так шмат вядома.

Сястра выехала ў Вялікую Брытанію. Вучылася ў Оксфардзе. Яна адна з першых знаёміла брытанцаў з беларускім фальклорам, з беларускаю народнаю культурай. Папаўняла фонды беларускай бібліятэкі.

Безумоўна, гэта няпростая сітуацыя, калі сыны вырастаюць і маюць розную нацыянальную ідэнтычнасць. Яны становяцца прыкметнымі фігурамі ў жыцці трох народаў – палякаў, літоўцаў і беларусаў.

– Такая сітуацыя з выбарам ідэнтычнасці была тыповая для таго часу?

– Гэта датычыла ў асноўным мясцовай эліты літоўска-беларускага краю, якая пераняла польскую культуру. Гэта адбывалася ў XVII і ХVIII стагоддзях. Яны адчувалі сябе ліцвінамі ў гістарычным сэнсе. А канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя – гэта перыяд, калі развіваюцца нацыянальныя рухі. Гэтая катэгорыя ліцвінаў знікае, з’яўляецца новая – этнаграфічная. Ствараецца нацыянальна-літоўскі рух. Хто ёсць ліцвін? Той, хто размаўляе па-літоўску. У гэты час развіваецца беларускі рух. Польская нацыянальная ідэя шырыцца ў Беларусі. Гэтая катэгорыя такіх мясцовых гістарычных ліцвінаў нібы завісла. Яе ніхто не прымаў. Іх маглі прыняць палякі, але для гэтых людзей радзімаю была Літва, а не Польшча. Яны заўсёды дыстанцыяваліся ад Каралеўства Польскага. Можна прыгадаць паўстанне 1863 года і пазіцыю Кастуся Каліноўскага, які ўвесь час імкнуўся адмежавацца ад Варшавы. Ён казаў, што Варшава не разумее, што ў нас іншая сітуацыя і мы мусім змагацца па-іншаму. Гэтыя людзі разумелі асаблівасці беларуска-літоўскага краю. Набліжалася сітуацыя расколу, і трэба было выбіраць, дзе ты будзеш. Большасць, вядома, выбірала Польшчу.

Стары крыж на магіле Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках у Менску, Беларусь.
Фота: Павел Хадзінскі / Новы Час

– Восемдзесят гадоў таму Вацлава Іваноўскага забілі. Пра яго савецкія крыніцы пісалі ў негатыўным ключы. А што цяпер? Ці можам мы ўжо па-іншаму паглядзець на тыя падзеі і асобу Вацлава Іваноўскага? Ён патрыёт ці здраднік?

– Ён сапраўды супрацоўнічаў з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Ён быў бургамістрам Менску. Але калі мы так агулам абвінавачваем у калабарацыі і здрадзе, то папросту да канца не разумеем усёй сітуацыі, у якой была краіна. Як можна было тады змагацца за свабоду Беларусі? А галоўным матывам была менавіта свабода. Ёсць Сталін, які ёсць ворагам Беларусі, і ёсць Гітлер, які таксама ёсць ворагам Беларусі. Шмат хто спрабаваў лавіраваць і выбіраў нешта адно, і найчасцей выбіралі Гітлера. Бо з самога пачатку вайны былі спадзяванні, што гэта будуць немцы, як у Першую сусветную вайну, калі можна было і БНР абвяшчаць, і нейкія спадзевы на дзяржаўнасць мець. Але хутка стала ясна, што цяпер усё не так. Іваноўскі таксама гэта зразумеў. Ён быў бургамістрам Менску і ў той жа час падтрымліваў сувязі з Арміяй Краёвай. А гэта ў першую чаргу быў вельмі моцны антыфашысцкі рух. Вацлаў Іваноўскі падтрымліваў сувязь з партыяй беларускіх нацыяналістаў. Была такая нелегальная партыя, якая змагалася супраць камуністаў і нацыстаў. Таму можна казаць, што фармальна ён быў калабарантам, але насамрэч ён змагаўся за Беларусь. Займаў такую пасаду, якая давала магчымасць браць на працу людзей, якія змагаліся супраць нацысцкага рэжыму.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў