Оляф Шольц афіцыйна абраны новым канцлерам Нямеччыны


Кіраваць Нямеччынай будзе кааліцыя сацыял-дэмакратаў, «Зялёных» і Свабоднай дэмакратычнай партыі. Дзявятым канцлерам стаў лідар сацыял-дэмакратаў.

Федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. 2017 год.
Фота: Thomas Koehler / bundesfinanzministerium.de

У падтрымку кандыдатуры Оляфа Шольца на пасадзе федэральнага канцлера 8 снежня прагаласавалі 395 з 736 дэпутатаў Бундэстагу пры 369 неабходных галасах, піша «Deutsche Welle». Шольц заменіць на пасадзе Ангелу Мэркель, якая была кіраўніцай Нямеччыны цягам 16 гадоў.

Таксама 8 снежня Бундэстаг мае прывесці да прысягі Шольца і чальцоў ягонага ўраду. Міністаркай замежных справаў у гэтым урадзе мае стаць лідарка «Зялёных» Аналена Бэрбак – ад яе чакаюць цвёрдай і рашучай пазіцыі адносна Кітаю, Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле нямецкіх законаў, федэральнага канцлера выбірае парламент, а зацвярджае федэральны прэзідэнт. Пасада прэзідэнта больш цырыманіяльная і прадстаўнічая, фактычна ж першай асобай дзяржавы ёсць канцлер.

Оляф Шольц нарадзіўся ў 1958 годзе, вывучаў юрыспрудэнцыю, працаваў адвакатам. З 1998 года быў дэпутатам Бундэстагу, у 2007–2009 гадах быў міністрам працы, з 2011 да 2018 – першым бургамістрам Гамбургу, з 2018 года быў міністрам фінансаў і віцэ-канцлерам пры Мэркель.

Шольца крытыкавалі за «адсутнасць харызмы» падчас перадвыбарчай кампаніі. Амаль дзве траціны немцаў сумняюцца, што Шольц прабудзе на пасадзе больш за чатыры гады, а каля 20 % мяркуюць, што кіроўная кааліцыя разваліцца яшчэ да наступных выбараў.

Артыкулы
«Ён страціў усялякую легітымнасць». Верагодны пераемнік Мэркель падтрымаў новыя санкцыі супраць Лукашэнкі
2021.11.16 09:59

Шольц падтрымліваў дэмакратычныя сілы Беларусі, асабіста сустракаўся са Святланай Ціханоўскай яшчэ ў кастрычніку 2020 года, калі быў віцэ-канцлерам.

АА belsat.eu

Стужка навінаў