Авіякампанія «Iraqi Airways» зробіць эвакуацыйны рэйс з Менску ў аўторак, 10 жніўня. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Twitter амбасадар Іраку ў Беларусі Абдулрахман Хамід аль-Хусэйні:
«Кампанія «Iraqi Airways» арганізуе эвакуацыйны рэйс для іракскіх грамадзянаў, якія затрымаліся ў Беларусі», – напісаў амбасадар.
Таксама ён дадаў, што консульская дэлегацыя амбасады будзе прысутнічаць у офісе кампаніі «Iraqi Airways» і ў аэрапорце, каб прадаставіць усе магчымыя паслугі грамадзянам.
Падобны рэйс быў здзейснены 6 жніўня, калі ў Менск прыляцеў пусты самалёт з Іраку, каб забраць жадаючых вярнуцца дадому.
Рашэнне вяртаць грамадзянаў Іраку дадому было прынята 6 жніўня, калі ў Багдад патэлефанавалі прадстаўнікі Еўразвязу і міністры замежных спраў Літвы і Латвіі. У сваю чаргу ўрад Іраку абяцаў прыняць меры для абароны сваіх суграмадзянаў і заявіў аб часовым спыненні палётаў у Менск і арганізацыі зваротных рэйсаў у Багдад.
Пасля гэтага кіраванне грамадзянскай авіяцыі Іраку (ICAA) на падставе распараджэння ўрада краіны адмяніла ўсе авіярэйсы ў Менск. Аднак дазволена адпраўляць пустыя самалёты ў Менск, каб забраць грамадзянаў Іраку дадому.
АД, belsat.eu