Фрыдман: «Генацыд беларускага народу» ў прапагандзе – не пра людзей, а пра вобраз ахвяры Захаду


Увесну 2021 года з падачы Міністэрства замежных справаў улады Беларусі загаварылі пра «генацыд беларускага народу» ў час Другой сусветнай вайны. Сёлета генеральны пракурор хацеў нават судзіць памерлых нацыстаў. Навошта гэта ўладам, калі злачынствы нацыстаў і так даследуюць і асуджаюць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны пракурор Андрэй Швед (на першым плане) прэзентуе сваю кнігу «Генацыд беларускага народу» на адкрыцці выставы ў Горадні, Беларусь. 6 траўня 2022 года.
Фота: Аляксей Бібікаў / sb.by

Тэма «генацыду беларускага народу» выйшла далёка за межы гістарычных даследаванняў. Напрыклад, нібыта за «рэабілітацыю генацыду» чынілі рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў Беларусі. Спальванне Хатыні ставяць у адзін шэраг з пратэстамі пасля выбараў 2020 года, наўпрост параўноўваюць праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі з нацыстамі і заяўляюць, што ў суседніх з Беларуссю краінах адбываецца «гларыфікацыя нацызму». Генеральная пракуратура дапытвае тысячы чалавек пра падзеі 1940-х гадоў. Пра «генацыд беларускага народу» ладзяць асобныя выставы і акцыі ў школах.

Навошта гэта?

«Мала сёння толькі прасоўваць вобраз Беларусі як пераможцы ў вайне, як частку пераможнага Савецкага Саюзу, – тлумачыць «Белсату» гісторык Аляксандр Фрыдман. – Гэты вобраз, безумоўна, далей прасоўваецца. Але каб, так бы мовіць, яго зрабіць яшчэ больш моцным і закрануць як мага большыя пласты насельніцтва, яны таксама робяць акцэнт на вобразе Беларусі як краіны пацярпелай».

Спушчаная зверху канцэпцыя «генацыду беларускага народу» цяпер у Беларусі адзіная магчымая для аналізу падзеяў Другой сусветнай – іншыя канцэпцыі афіцыйна не прызнаюцца, кажа  гісторык. Мэта – паказаць дваісты вобраз «рэспублікі-пераможцы з традыцыямі Чырвонай арміі і партызанскага руху і рэспублікі, якая асабліва моцна пацярпела ад нацысцкіх злачынстваў».

Пры гэтым канцэпцыя спрошчаная, заўважае Фрыдман: усё насельніцтва Беларусі на момант вайны абвяшчаецца беларусамі, незалежна ад паходжання і ідэнтычнасці, дзеянні супраць усяго насельніцтва называюцца «генацыдам беларускага народу», а такія асаблівасці нацысцкай палітыкі, як генацыд габрэяў ці цыганаў, у гэтай канцэпцыі адыходзяць на другі ці трэці план.

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Асаблівая ўвага надаецца лічбам: у савецкі час казалі, што Беларусь «страціла кожнага чацвёртага», цяпер жа кажуць, што ўжо «кожнага трэцяга». Падкрэсліваюць, што апыталі шмат сведкаў і выйшлі на «лічбы якасна новага ўзроўню». Паводле Фрыдмана, у гэтай канцэпцыі «трагедыя людзей вымяраецца лічбамі: чым больш ахвяраў, тым горшае злачынства».

Таму ў ахвяры «генацыду беларускага народу» залічваюць пацярпелых ад акцыяў супраць беларускага насельніцтва па заканчэнні Другой сусветнай (знак роўнасці ставяць між злачынствамі нацыстаў і гвалтам супраць беларусаў у паваеннай Польшчы), і ўсіх грамадзянаў СССР, якія былі на тэрыторыі Беларусі ў час вайны (у тым ліку людзей з Закаўказзя ці Сярэдняй Азіі, якіх забілі падчас вайны на тэрыторыі Беларусі).

«Маштабы нацысцкіх злачынстваў, безумоўна, былі жахлівыя, – пагаджаецца Фрыдман. – Гэта абсалютна вядомыя часткі гісторыі. Проста сёння гэта набывае новы кірунак: падзеі вайны выразна выкарыстоўваюцца ў сённяшніх палітычных мэтах».

Рэжым Лукашэнкі, мяркуе Фрыдман, спрабуе стабілізаваць сябе з дапамогаю гістарычных і часткова псеўдагістарычных аргументаў:

«Паказаць прыхільнікам рэжыму, што яны на выразна правільным баку гісторыі, на баку тых, хто перамог нацызм, і яны таксама нашчадкі ахвяраў, якія пацярпелі ад нацызму. Падвоеная натура гэтага вобразу вельмі пасуе да сённяшніх рэаліяў: можна прадставіць сябе і сёння новаю ахвярай так званага калектыўнага Захаду, які, як сцвярджае дзяржаўная прапаганда, імкнецца зноў напасці на Беларусь і паўтарыць тое, што імкнуліся зрабіць нацысты падчас акупацыі 1941–1944 гадоў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё выставы пра «генацыд беларускага народу» ў Акадэміі МУС. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: amia.by

Ёсць, дадае ён, і прасцейшая формула: «Як перамаглі тады, так пераможам і сёння».

Такая падвоеная канцэпцыя актыўна прасоўваецца пасля пратэстаў 2020 года, з таго часу нічога прынцыпова новага ў ёй не з’явілася, але цяпер «усё гэта аформілі», канстатуе Фрыдман: канцэпцыя набыла больш цэласны характар.

Нацысты праўда чынілі страшныя злачынствы супраць беларусаў. Чаму б не прызнаць гэта генацыдам?

Пытанне, адказвае Фрыдман, цяжкае, і ім павінны займацца гісторыкі. Пра тое, ці былі цяжкія злачынствы нацыстаў супраць беларусаў, «няма пра што дыскутаваць»: сапраўды былі забойствы вялікага маштабу і спаленыя вёскі, беларусы як славяне сапраўды былі ў нацысцкай «расавай іерархіі» на вельмі нізкай ступені.

Гісторык Аляксандр Фрыдман. 8 траўня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Калі б, працягвае гісторык, нацысты перамаглі ў вайне, то яны б відавочна рэалізавалі свой «генеральны план Ост» – план генацыду, паводле якога планавалася знішчыць 75 % беларусаў, а астатніх германізаваць. У час вайны беларусы, аднак, не былі прыярытэтам у нацысцкіх забойствах. Галоўная задача была – знішчыць габрэяў, потым камуністаў, цыганаў. Беларусаў вывозілі на прымусовую працу.  Іх забівалі найперш тады, калі яны належалі да згаданых групаў (камуністы, камсамольцы, ваеннапалонныя, псіхічна хворыя і г. д.), удзельнічалі ў руху супраціву альбо ў якасці помсты партызанам. Пакарання за знішчэнне «расава непаўнавартасных» не прадугледжвалася.

Фрыдман тлумачыць: калі параўноўваць лёс габрэяў і беларусаў, то гаворка не ідзе, як гэта падкрэслівае прапаганда, пра (прызнаных) ахвяраў вышэйшага і (непрызнаных) ніжэйшага гатункаў. Гэта, кажа ён, увогуле амаральна. Гаворка ідзе пра тое, каб зразумець логіку і ход злачынстваў.

«Але гаворка ж не пра навуку! – абураецца Фрыдман. – Уладам патрэбен свой «генацыд». І не таму, што яны жадаюць вярнуць увагу да тых злачынстваў. Мэта палітычная: паказаць, што беларусы ёсць такімі ж ахвярамі, як і тыя групы насельніцтва, якія падлягалі татальнаму вынішчэнню з боку нацыстаў у час вайны: тыя ж габрэі і цыганы. А потым выкарыстоўваць канцэпцыю генацыду ў сваіх мэтах».

У такім пытанні, кажа гісторык, гаворка мусіць быць пра навуку і тэрміналогію, тады як улады Беларусі тут цікавіць не навука, тэрміналогія і вывучэнне нацысцкіх злачынстваў, а прасоўванне ўласных палітычных наратываў.

Агляд
Па Беларусі коціцца хваля дзіўнаватых імпрэзаў да 9 траўня. Што адбываецца
2023.05.07 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў