Генпракурор хоча правесці завочныя суды ў «справе генацыду беларускага народу»


У Беларусі сёлета пачнуцца завочныя суды ў справе аб генацыдзе беларускага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны, аднак судзіць плануюць і памерлых. Пра расследаванне крымінальнай справы чарговы раз выказаўся генеральны пракурор Андрэй Швед.

Андрэй Швед на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Фота: belta.by

«Я думаю, у канцы гэтага года мы пачнем завочныя працэсы ў беларускіх судах у дачыненні не толькі яшчэ жывых катаў, але і памерлых», – цытуе Андрэя Шведа прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Генпракурор у канцы мінулага года ўжо казаў, што ведамства рыхтуецца перадаць у суды першыя справы, звязаныя з расследаваннем генацыду беларускага народу. На ягоную думку, гэта дазволіць «вызначыць віну канкрэтных фашыстаў, нават тых, якія памерлі, каб нашчадкі ведалі, у чым заключалася іхная віна».

Таксама Швед ацаніў суму матэрыяльнай шкоды для Беларусі ад дзеянняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на прынамсі 2,3 трыльёна долараў. Паводле генеральнага пракурора, да пачатку 2023 года ў крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народу дапыталі 16 тысячаў чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў