«Усё папрадавалі». За год кватэраў для арэнды паменела ў Менску на траціну


Пасля 2022 года ў Менску стала істотна змяншацца колькасць кватэраў для арэнды. Тады на піку было амаль 6000 прапановаў, цяпер – толькі 3100. Скарачэнне год да года – 35 %, піша Realt.by. Эканамістка Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» паразважала, куды дзелася арэндавая нерухомасць.

Жылы комплекс «Малая Радзіма» ў Заводскім раёне сталіцы. Менск, Беларусь. 24 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Напачатку 2022 года, калі пачалася вайна ва Украіне, у базе кватэраў для доўгатэрміновай арэнды было 5700 прапановаў. З таго часу колькасць аб’ектаў зніжаецца, за выняткам некалькіх усплёскаў. У лютым здаваліся 2100 кватэраў, цяпер, у сакавіку, іх паболела да 3100.

Год да года прапановаў на рынку арэнды паменела на 35 %.

Дынаміка прапановы на рынку кватэраў для доўгатэрміновай арэнды ў Менску. Ілюстрацыя: realt.by

Пры гэтым кошт арэнды за год вырас: напрыклад, аднапакаёвак – на 10 %, двухпакаёвак – на 12 %. Цяпер зняць аднапакаёвую кватэру каштуе ў сярэднім $ 300, двухпакаёвую – $ 370, трохпакаёвую – $ 465.

З пытаннем «куды падзелася нерухомасць» карэспандэнт «Белсату» звярнуўся да эканамісткі даследчага цэнтру BEROC Настассі Лузгіной. На ейную думку, прапанова сціснулася праз продаж кватэраў эмігрантамі:

«Людзі, якія з’язджалі ў 2020–2022 гадах, спачатку, хутчэй за ўсё, не думалі прадаваць. Аднак мінае нейкі час, і людзі пастанаўляюць набыць жытло ў той жа Польшчы ці ў іншай якой краіне. І гэтыя кватэры, што вісяць у іх у Менску, прадаюцца».

Продаж кватэраў на другасным рынку магло падштурхнуць тое, што дыстанцыйныя ўгоды з нерухомасцю дазволілі толькі з даверанасцямі, аформленымі ў Беларусі, і тыя беларусы, у каго былі менавіта такія даверанасці, паспяшаліся да канца тэрміну дзеяння дакументу. «Таму людзі забіралі сваю нерухомасць з арэнды і прадавалі», – дапускае Лузгіна.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск-Свет». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Адна з крыніцаў пашырэння прапановы арэндавага жытла – гэтак званыя інвестыцыйныя кватэры, якія набываюць акурат для такіх мэтаў. Аднак цяпер такая схема асаблівага прыбытку не дае, адзначыла суразмоўца «Белсату».

«Купляць кватэру, каб здаваць у доўгатэрміновую арэнду, – не вельмі прыбытковая справа, бо шмат гадоў кошты арэнды ў доларах не растуць увесь час, яны вагаюцца то ўверх, то ўніз. Да таго ж падаражэлі матэрыялы, і на рамонт у кватэры перад тым, каб яе здаць, патрабуецца багата грошай. Гэтак укласціся і потым здаваць за 200–400 долараў – гэта давядзецца вельмі доўга чакаць, каб інвестыцыі вярнуліся», – тлумачыць экспертка.

Пры такім скарачэнні прапановы за апошні час і пры захаванні або росце попыту арэнда нерухомасці мусіла б істотна падаражэць, аднак гэтага не адбываецца. То бок нельга казаць, што кватэраў на рынку паменела, бо ўсё расхапалі.

«Трэба разумець, што людзей у Беларусі менее. Лік жыхароў скарачаецца не адзін год. Тых жа студэнтаў менее, адпаведна, традыцыйны ўсплёск попыту на кватэры ў Менску ў жніўні – верасні ўжо не такі высокі. Да таго ж будуюцца і рамантуюцца інтэрнаты», – звярнула ўвагу эканамістка.

Таксама не выпадае спадзявацца на працоўных мігрантаў, якія прыедуць у Беларусь і пачнуць браць арэндавае жытло як гарачыя піражкі. Меркаванне, што кватэраў паменела, бо нашая краіна нейкім чынам прыцягнула работнікаў з-за мяжы, няслушнае.

Агляд
Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?
2024.02.29 17:43

«Вакансіяў менш не становіцца. І не более занятых у эканоміцы – наадварот, мы бачым, што гэты паказнік зніжаецца», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Даведка
Паводле Белстату, у студзені сёлета ў эканоміцы былі занятыя 4,129 мільёна асобаў (мінус 43 800 год да года). Сярэдняя колькасць занятага насельніцтва цягам мінулага года – 4,152 мільёна асобаў, гэта на 62 100 меней, чымся пазалетась.

Звесткі Нацыянальнага кадастравага агенцтва сведчаць, што ў Менску колькасць угодаў з кватэрамі вырасла ў 2023 годзе на 54,6 % у параўнанні з 2020-м.

Актыўнасці пакупнікоў на рынку нерухомасці спрыяюць даступныя крэдыты. Праз мяккую манетарную палітыку Нацыянальнага банку стаўкі знізіліся, і беларусы пачалі браць больш грошай на набыццё кватэраў. Прычым, як адзначалі рыэлтары, ахвотна купляюць як новабудоўлі, гэтак і другаснае жытло, і збольшага – каб жыць, а не здаваць. Паводле інфармацыі рэгулятара, у лютым запазычанасць фізічных асобаў у крэдытах на нерухомасць перавысіла 13,6 мільярда рублёў, што на 22 % болей, чымся было ў пачатку 2022 года.

Аналітыка
Растуць попыт і цэны, аб’ёмы будаўніцтва – падаюць. Што адбываецца на рынку нерухомасці?
2024.02.08 07:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў