Спрэчныя заявы Лукашэнкі пра ўдзел у выбарах 2025 года


Аляксандр Лукашэнка вядзе складаныя перамовы з Уладзімірам Пуціным пра сваю будучыню. Ён робіць супярэчлівыя заявы пра магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Інтрыга застаецца. Адназначна вядома, што ў палітычнай сістэме пачаліся вялікія змены. Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Камілем Клысіньскім, аналітыкам дзяржаўнага польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Рэжым Лукашэнкі нібыта такі сама, што да адзінага дня галасавання, на якім выбіралі дэпутатаў мясцовага самакіравання і лукашэнкаўскага парламенту. Аднак пэўныя змены адбыліся. Што змянілася ў рэжыме Лукашэнкі пасля апошніх выбараў?

У рэжыме як такім не змянілася нічога. Ён адлюстроўвае сваю палітыку таталітарнага ціску на грамадства, канфрантацыйную палітыку ў адносінах да Захаду і збліжэнне з Расеяй. Як гэта раней называлася – дзікі нахіл на Усход, калі параўноўваць маштабы залежнасці, вымяраючы з Расеяй, але ёсць нейкія нюансы. Па выніках гэтых выбараў мы можам убачыць больш партыйных дэпутатаў, якіх заўсёды ў беларускай спецыфіцы было вельмі мала.

Лукашэнка заўсёды вельмі неахвотна ўспрымаў палітычныя партыі. Ён дапускаў іх прысутнасць. У парламент пускалі пасля другой паловы 1990-х толькі лаяльныя партыі з невялікімі выключэннямі. Мы памятаем Ганну Канапацкую і Алену Анісім: дзве жанчыны – дзве незалежныя дэпутаткі. Але ў прынцыпе гэта былі заўсёды лаяльныя падначаленыя дэпутаты, але не партыйныя ў большасці. Лукашэнка заўсёды баяўся партыі ўлады, і дасюль гэта так, але дапусціў больш прадстаўнікоў партыі, асабліва «Белай Русі», якая з’явілася як партыя толькі летась і зарэгістравалася толькі летась. 51 дэпутат з 110 у цэлым у Палаце прадстаўнікоў. Гэта даволі шмат. А калі дадамо іншыя партыі, то атрымліваецца больш за 60 месцаў.

70 месцаў з 110 належаць партыям.

Самая вялікая фракцыя, як я ўжо сказаў, – гэта «Белая Русь». Гэта найперш людзі прарасейскія. Яны, вядома, лаяльныя Лукашэнку, але адначасова арыентаваныя на Расею, прарасейскіх поглядаў. Яны вельмі зацікаўленыя ў распаўсюдзе і ідэалогіі «русского мира» ў Беларусі, і расейскіх інтарэсаў. Думаю, гэта вялікая змена. І гэта толькі пачатак вялікіх зменаў унутры рэжыму і ў Беларусі.

Вы сказалі, «дзікі нахіл у бок Расеі». Допуск прадстаўнікоў партыяў, у тым ліку дамінавальнай партыі «Белая Русь»: што гэта як не дзікі нахіл у бок Расеі? Гэта капіяванне расейскай сістэмы. Хоць расейская сістэма мае яшчэ больш ілюзіяў дэмакратыі. Там у Дзяржаўнай думе ёсць фракцыі нават, у парламенце Лукашэнкі няма. Навошта яму пускаць гэтыя партыі? Гэта ягонае жаданне або прэсінг ягонага атачэння, якое хоча развівацца, як у Расеі, і мець аналагічную сістэму, дзе праз партыйныя структуры можна дамагацца ўлады. Гэта сацыяльны ліфт, скачок ва ўладу, якога раней не было. Раней Лукашэнка пастанаўляў. Цяпер будзе партыя, праз якую можна трапіць ва ўладу.

Гэта складанае пытанне. Дакладных доказаў няма. Я магу абапірацца толькі на свой шматгадовы досвед аналітыкі ў беларускіх пытаннях. Мне здаецца, прысутнасць палітычных партыяў на найвышэйшым узроўні ў парламенце – гэта вынік шмат якіх фактаў. Частку з іх ты ўжо згадаў. Гэта ўплыў і імкненне часткі прадстаўнікоў наменклатуры, сканцэнтраваныя ў «Белай Русі», там 40 тысяч сябраў, чым яны вельмі выхваляюцца. Гэта вельмі вялікая партыя – тым больш у беларускіх непартыйных умовах. Яны, вядома, заўсёды хацелі быць больш рэпрэзентаваныя хоць бы ў Палаце. Гэта першы фактар. Другі фактар – гэта Расея. З 2020 года вядуцца розныя перамовы. Пераважна непублічныя паміж Пуціным і Лукашэнкам, што павінна быць прарасейская фракцыя. Прыхільнікі, патрыёты Беларусі з пункту гледжання Лукашэнкі і Пуціна, вядома, а не з пункту гледжання апазіцыі. Патрыёты Беларусі, але прарасейскія патрыёты Беларусі. Яны мусяць быць больш рэпрэзентаваныя ў парламенце. І Лукашэнка мае ўлічваць гэтыя абодва фактары. Вядома, зніжаючы, наколькі магчыма, значэнне гэтай партыі. Не дапускаючы, каб яна была самым уплывовым цэнтрам сілы ў Беларусі. Яна пакуль такою не ёсць, але пачаўся працэс.

Hавiны
«Выбары* з зорачкай». Праваабаронцы падвялі вынікі «адзінага дня галасавання»
2024.02.27 16:10

Паглядзім, як будуць сябе паводзіць гэтыя дэпутаты. Палата прадстаўнікоў пакуль яшчэ не сабралася. У гэтым месяцы мае адбыцца першае пасяджэнне. Гэта будзе вельмі цікавы працэс. Пагатоў у канцы красавіка збярэцца Усебеларускі народны сход. І туды ўсе дэпутаты ўвойдуць аўтаматычна. Усе чальцы Палаты прадстаўнікоў, і гэтая прарасейская фракцыя, як я падазраю, таксама там будзе даволі актыўная, як мінімум некаторыя дэпутаты з гэтай фракцыі. Гэта цікавы працэс, і пакуль гэта яшчэ не ідзе ў бок адхілення Лукашэнкі і таго, што гэтыя дэпутаты будуць мацнейшыя за Лукашэнку. Гэта абсурдна, вядома. Прэзідэнт у Беларусі – усё роўна галоўны цэнтр сілы і ўлады. Пакуль так застаецца, але нешта пачало мяняцца. Паглядзім у найбліжэйшым месяцы, як гэтыя дэпутаты будуць сябе паводзіць, якія прапановы будуць выстаўляць.

На тваю думку, тое, што адбылося, можа быць звязанае з рыхтаваннем Лукашэнкі да выбараў прэзідэнта ў 2025 годзе?

Гэта яшчэ больш складанае пытанне, чымся папярэдняе. Я не ўпэўнены, што там усё дакладна і ясна наконт транзіту ўлады або працягу ўлады Лукашэнкі. Хачу звярнуць увагу на вельмі дзіўныя паводзіны Лукашэнкі з нагоды асноўнага пытання, якое задаюць яму дзяржаўныя журналісты, рэжымныя лаяльныя журналісты, ці пойдзе ён на наступны тэрмін.

Што за пытанне? Відавочны адказ. Ён пойдзе на выбары. Навошта яны задаюць гэтае пытанне?

Гэта таксама цікава. Здавалася, што гэта ўсё спектакль. Яны задавалі гэтае пытанне ў апошні галоўны дзень выбараў, 25 лютага, толькі для таго, каб ён сказаў, што пойдзе. І ён сказаў, што пойдзе, але потым пачаў апраўдвацца і мяняць пазіцыю. Маўляў, я сказаў так, каб апазіцыя паслухала і пабаялася, але гэта яшчэ невядома. Думаю, гэта таксама можа быць вынікам нейкіх складаных перамоваў з Пуціным, што ўсё яшчэ неадназначна. Хачу нагадаць, што трошкі змяняецца дзяржаўны лад Беларусі пасля канстытуцыйнага рэферэндуму. З’яўляецца новы орган – Усебеларускі народны сход, і Лукашэнка будзе на чале гэтай структуры. Гэта таксама дадае інтрыгу: ці застанецца ён адначасова старшынём сходу і прэзідэнтам ці пакіне прэзідэнцтва і нехта іншы будзе балатавацца – вядома, па ўзгадненні з Масквою.

Калі інтрыга высветліцца? Цяпер, калі пачне працу Усебеларускі народны сход, ці Лукашэнка будзе адцягваць гэтае рашэнне бліжэй да тэрміну выбараў у 2025 годзе?

Думаю, другі варыянт больш верагодны. Будзе перацягваць канат з Пуціным, будуць зацягваць. Гэтае пытанне шмат у чым залежыць ад сітуацыі ў самой Расеі, ад стабільнасці Пуціна і ягонага атачэння, ад вайны ва Украіне. Але пакуль усё ідзе да таго, што Пуцін застанецца ва ўладзе. Ніякіх пагрозаў мы не бачым. Ціск з боку Пуціна і ягонае імкненне навесці свой парадак у Беларусі будзе працягвацца. Таму пытанне, ці будзе Лукашэнка ісці на чарговы тэрмін, па-мойму, застаецца адкрытым. Я пакуль бы яшчэ яго не закрываў. Пагатоў Лукашэнка дае нам вельмі розныя і не зусім выразныя адказы на гэтае пытанне. Ён сам, магчыма, яшчэ не ведае.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў