Памежная ахова Польшчы стварыла пошукава-ратавальныя атрады для дапамогі мігрантам на мяжы з Беларуссю


Памежная ахова Польшчы абвесціла пра стварэнне спецыяльных атрадаў, галоўным заданнем якіх будуць пошукава-ратавальныя аперацыі ў дачыненні мігрантаў на мяжы з Беларуссю.

Памежная ахова Польшчы стварыла пошукава-ратавальныя атрады на мяжы з Беларуссю.
Фота: Памежная ахова Польшчы

Атрады пачалі працу на памежных заставах Падляскага і Надбужанскага аддзяленняў. Яны складаюцца з некалькіх дзясяткаў службоўцаў з навыкамі надаваць першую медычную дапамогу і добрым веданнем мясцовасці. Атрады маюць у распараджэнні ўсё неабходнае абсталяванне, у тым ліку медычнае.

Новыя службовыя падраздзяленні Памежнай аховы будуць шукаць і дапамагаць мігрантам, якія трапілі на тэрыторыю Польшчы з Беларусі, заблукалі ў лесе, на іншай цяжкадаступнай мясцовасці. Атрады будуць супрацоўнічаць з НДА і іншымі службамі, у тым ліку медычнымі.

«Стварэнне атрадаў таксама скіраванае на перадухіленне гуманітарных крызісаў у памежных раёнах, а адным з элементаў іх функцыянавання стане навучанне, арганізаванае ў супрацы з няўрадавымі арганізацыямі», – апавялі ў Памежнай ахове.

Памежная ахова Польшчы стварыла пошукава-ратавальныя атрады на мяжы з Беларуссю.
Фота: Памежная ахова Польшчы
Памежная ахова Польшчы стварыла пошукава-ратавальныя атрады на мяжы з Беларуссю.
Фота: Памежная ахова Польшчы

Апошнім часам спробы нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы фіксуюцца Памежнай аховай Польшчы штодня. За 6 і 7 сакавіка такіх спробаў была 141. Таксама 27 разоў мігранты спрабавалі прарвацца з Беларусі ў Латвію.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ пачаў развівацца ўвесну 2021-га і дасягнуў апагею ў лістападзе таго ж года, калі натоўп мігрантаў быў гатовы амаль штурмам узяць польскую мяжу. Пасля таго як Польшча адмовілася іх упускаць, тысячы грамадзянаў усходніх краінаў захраслі на беларускім баку мяжы. Бальшыня мігрантаў была з Іраку, куды яны паступова вярнуліся адмысловымі авіярэйсамі.

На працягу двух гадоў амаль штодня фіксуюцца спробы незаконна перайсці мяжу невялікімі групамі.

Польшча і Літва ўзвялі металічныя платы на мяжы з Беларуссю, каб перадухіліць міграцыйны крызіс, які Еўразвяз назваў гібрыднай агрэсіяй з боку ўладаў Беларусі. Афіцыйны Менск у сваю чаргу рэгулярна вінаваціць ЕЗ у жорсткасці да мігрантаў, якіх сумежныя краіны выцясняюць на беларускую тэрыторыю.

На мяжы з абодвух бакоў неаднаразова знаходзілі целы мігрантаў.

Hавiны
Польскія памежнікі паказалі, як мігранты з беларускага боку шукаюць спосабы перайсці мяжу
2024.02.02 15:56

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў