На Берасцейшчыне пасля 2020 года памерлі не менш за пяць палкоўнікаў


Праваабаронцы Mayday Team паведамілі пра смерць дастаткова маладога і высокапастаўленага супрацоўніка МУС: памёр 44-гадовы начальнік упраўлення ў справе супрацьдзеяння кіберзлачыннасці Берасцейскага УУС, палкоўнік Андрэй Глінскі. Гэта сталася падставаю для Альянсу следчых Беларусі вывучыць даступныя дакументы сілавікоў пра асабовы склад. Выявіліся цікавыя факты. 

Альянс расследавальнікаў Беларусі нядаўна рабіў агляд наконт смерцяў пасля 2020 года сілавікоў розных чыноў і рангаў. Супрацоўнікі паміралі ўдома і на працоўных месцах, у медычных установах. Шмат якія з гэтых смерцяў выглядаюць дзіўна.

Начальнік упраўлення ў справе супрацьдзеяння кіберзлачыннасці Берасцейскага УУС Андрэй Глінскі.
Фота: Следчы камітэт

Пасля звесткі пра смерць Андрэя Глінскага, АРБ вывучыў даступныя дакументы сілавікоў наконт асабовага складу. Журналісты-расследавальнікі выявілі, што на Берасцейшчыне пасля 2020 года пры розных абставінах памерлі не менш за пяць высокапастаўленых афіцэраў. Хоць афіцыйна не паведамлялася пра гэтыя смерці, інфармацыя пра дзве з пяці ўсё ж прасачылася ў СМІ.

Першы пайшоў з жыцця палкоўнік у запасе Генадзь Вайтовіч: 19 траўня 2021 года ў лесапаласе пры дарозе ў Берасцейскім раёне яго знайшлі павешаным. Вайтовіч выйшаў на пенсію ў канцы 2020-га з пасады начальніка ўпраўлення аховы правапарадку УУС Берасцейскага аблвыканкаму. На пенсіі жыў у прадмесці Берасця з жонкай і сынам, які таксама быў супрацоўнікам МУС. Спіртнымі напоямі Вайтовіч не злоўжываў, намераў скончыць жыццё самагубствам не выказваў.

Упраўленне, якім камандаваў Вайтовіч перад выхадам на пенсію, у 2020 годзе каардынавала працу ўсёй берасцейскай міліцыі ў здушэнні пратэстаў і наўпрост справаздачылася перад МУС.

Дакумент для рэдакцыі
Дакумент для рэдакцыі
Дакумент для рэдакцыі

Другая смерць здарылася ў Баранавічах. Улетку 2022 года пры купанні скокнуў у ваду, зламаў шыю і пазней памёр у шпіталі начальнік аддзелу аховы правапарадку Баранавіцкага ГАУС, падпалкоўнік міліцыі Аляксей Гецьман. Ён вядомы тым, што ілжэсведчыў у судах, фабрыкаваў адміністратыўныя і крымінальныя справы супраць гараджанаў.

АРБ выявіў дакументы, што перад смерцю Следчы камітэт паводле матэрыялаў Упраўлення ГУУБ МУС РБ па Берасцейскай вобласці распачаў крымінальную справу за паклёп на Гецьмана ў інтэрнэце.

Дакумент для рэдакцыі

Наступны памерлы – падпалкоўнік упраўлення ГУУБ МУС па Берасцейскай вобласці, якое спецыялізуецца на пошуку беларусаў, якія пакідаюць у сеціве каментары пра сілавікоў.

19 снежня 2020-га ў сваёй кватэры памёр 43-гадовы старэйшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах упраўлення ГУУБ МУС, падпалкоўнік Р. Леванюк.

Дакумент для рэдакцыі

Уначы 15 траўня 2021 года ў Берасцейскую больніцу хуткай медычнай дапамогі ў стане комы, выкліканай алкагольнай інтаксікацыяй, чэрапна-мазгавою траўмай, страсеннем галаўнога мозгу даставілі былога начальніка АБЭЗ, які атрымаў павышэнне ў службе на пасаду старэйшага оперупаўнаважанага ў асабліва важных справах УБЭЗ УУС Берасцейскага аблвыканкаму, падпалкоўніка міліцыі У. Пытлякова. З дапамогаю медычнай ініцыятывы «Белыя халаты» ўдалося даведацца, што высокапастаўлены убэпавец памёр.

Дакумент для рэдакцыі

Апошнім у шэрагу смерцяў супрацоўнікаў у палкоўніцкіх званнях сталася нядаўняя вестка пра раптоўную смерць згаданага ў пачатку артыкулу 44-гадовага начальніка ўпраўлення ў справе супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, палкоўніка Глінскага. На пасаду яго прызначылі ўлетку 2022-га. Улічваючы век і званне, ён зрабіў галавакружную кар’еру. У звязку з ягонаю смерцю распаўсюджваецца памылковае меркаванне, што памерлы займаўся грамадзянамі, якія ажыццяўлялі незаконныя аперацыі з крыптавалютай, а грошы збольшага мелі крымінальнае паходжанне.

АРБ высветліў, што пасля 2020 года асноўнаю функцыяй упраўлення ў справе супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, як і большасці сілавых ведамстваў Беларусі, ёсць барацьба з іншадумствам, пошук і арышты беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Для Берасця гэта найперш арышты ўдзельнікаў «карагоднай справы».

Упраўленне ў справе супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, якое да 2020 года называлася АРЗСВТ – аддзел раскрыцця злачынстваў у сферах высокіх тэхналогіяў, разам з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, ГУБАЗіКу і, як відаць з дакументаў вышэй, ГУУБ бярэ ўдзел у рэпрэсіях супраць народу.

Дакумент для рэдакцыі
Дакумент для рэдакцыі

У Telegram-канале МУС з’явіліся паведамленні са згадваннем новага начальніка ўпраўлення ў справе кіберзлачыннасці УУС, ім стаўся падпалкоўнік міліцыі В. Гадлеўскі, да гэтага ўзначальваў Жабінкаўскі РАУС. Пад ягоным кіраўніцтвам у 2021-м у Жабінцы распачалі крымінальную справу за брудныя партрэты Лукашэнкі, знойдзеныя ў смеццевых кантэйнерах, шукалі людзей, якія пакідаюць каментары ў сеціве і сарвалі сцяг з будынку мясцовай бібліятэкі.

Дакумент для рэдакцыі

Дзякуем «Белым халатам» і «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Расследаванні АРБ можна паглядзець на YouTube.

Праца Альянсу расследавальнікаў Беларусі трымаецца на энтузіязме. Калі маеце магчымасць, падтрымайце. PayPal: arb2021@protonmail.com

belsat.eu 

Стужка навінаў