Беларускія жанчыны, якімі мы можам ганарыцца


Тры нямецкія К: «Kinder, Küche, Kirche» – дзеці, кухня, царква. Гэты выраз апісвае ўяўленне пра ролю жанчыны ў кансерватыўнай сістэме. Але гэта не пра нашых сённяшніх гераінь. Святлана Алексіевіч, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Дар’я Домрачава – сучасныя беларускія лідаркі. Але ўзоры самастойных і смелых жанчын мы знойдзем у кожны час гісторыі Беларусі. Вы здзівіцеся, наколькі сучасна гучаць іхныя гісторыі. І наш сённяшні спіс далёка не поўны.

Палута Бадунова, намесніца старшыні Рады БНР у 1919 годзе

Палута Бадунова. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Палута нарадзілася пад Гомлем. Вывучылася на хатнюю настаўніцу і паехала вучыцца далей. Ад жаночых курсаў яе абралі дэпутаткай у Петраградзе. Бадай, толькі ў беларусаў стаіць жаночы подпіс пад Актам незалежнасці. Яна вярнулася і стала ў народным урадзе займацца сацыяльнай палітыкай, а таксама збірала дапамогу пацярпелым ад вайны.

Кажуць, што ў палітыцы яе пакінула каханне. Яна зазнала польскі і бальшавіцкі палітычны пераслед. У 1937 годзе Палуту засудзілі на 10 гадоў лагераў, а ў 1938 годзе яе расстралялі. Крыж памяці Палуты Бадуновай стаіць у Курапатах.

Дарэчы, Раду БНР цяпер ізноў ачольвае жанчына – Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе, а нарадзілася ў Стоўбцах.

Саламея Русецкая, лекарка і авантурніца

Саламея Русецкая. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Саламея нарадзілася ў 1718 годзе ў Карэлічах. Бацька вучыў яе страляць і карыстацца кінжалам. Ужо ў 14 гадоў яе выдалі за нямецкага лекара. І тут яго запрасілі працаваць у Стамбул, Саламея паехала з ім.

Паводле адной з версіяў, ейны муж памёр – і яна не засталася сядзець на месцы. Узяла дачку і выправілася ў прыгоды. Ёй патрэбныя былі грошы, і Саламея выкупляла ваеннапалонных і перапрадавала іхным сем’ям. Але аднойчы выкупіла афіцэра, у якога закахалася і пабралася з ім шлюбам. Саламея была вельмі добрай лекаркай і хутка зрабілася знакамітай – лекавала нават імператараў.

Усё гэта вядома з ейнага раману-дзённіка «Авантуры майго жыцця» – назва інтрыгуе! Дарэчы, ёсць пераклад на беларускую.

Францішка Уршуля Радзівіл, першая жанчына-драматург у ВКЛ

Францішка Уршуля Радзівіл. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Францішка – нясвіжская княгіня, якая нарадзілася ў 1718 годзе. У 20 гадоў яна пабралася шлюбам з Міхалам Казімірам Радзівілам на мянушку Рыбанька. І тут ейны лёс перакрыжоўваецца з ужо знаёмай нам Саламеяй. У той час Саламея прыехала працаваць у палац Радзівілаў на запрашэнне Рыбанькі, і жанчыны пасябравалі.

Прыкладна тады ж у палацы выступіў замежны тэатр. Францішцы так не спадабаўся спектакль, што яна пастанавіла стварыць уласны тэатр. І ніхто не зробіць лепш, чым сама, – сцэнары яна таксама пісала ўласнаручна.

Сваё жыццё Францішка паклала не на шляхетныя п’янкі-гулянкі, а шмат зрабіла для культуры. Акром унёску ў тэатральную справу, княгіня значна павялічыла бібліятэку Радзівілаў і ўпарадкавала архівы.

Эмілія Плятэр. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Эмілія Плятэр, ліцвінская Жанна д’Арк

У 24 гады падчас антыімперскага паўстання 1830–1831 гадоў дзяўчына ўзначаліла атрад з 500 паўстанцаў.

А на Віцебшчыне яна збірала беларускі фальклор і вучылася сялянскім танцам. Але, на жаль, памерла Эмілія вельмі рана – у 25 гадоў, ад хваробы. Навіна пра ейную смерць разнеслася па свеце, і пісьменнікі ўсёй Еўропы пісалі пра яе вершы. Адам Міцкевіч, напрыклад, стварыў «Смерць палкоўніка» – але троху павысіў Эмілію ў вайсковым званні, бо яна ў паўстанцкіх войсках была капітанам.

У гонар Плятэр названая адна з цэнтральных вуліцаў Варшавы. Спадзяёмся, Эмілія стане сімвалам і ў свабоднай Беларусі.

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. Рэвалюцыянерка, якая ездзіла з падробленым пашпартам у Беларусь

Рэдактарка, выдавец, арганізатарка беларускіх школаў і нават медычная працаўніца – усё гэта розныя ролі адной нашай гераіні.

Вы думаеце: а чаму ж Цётка? Гэта паважлівы зварот у беларускіх сялянаў да шаноўнай старэйшай жанчыны. Можна сказаць, яна прысвяціла сваё жыццё таму, каб сяляне здабылі беларускую свядомасць.

Алаіза нарадзілася на Шчучыншчыне ў 1876 годзе. Сям’я лічыла сябе палякамі, але яны з братам называліся беларусамі.

Дзіўны факт з ейнага жыцця – вучылася ў дарагой гімназіі ў Вільні, але галадала да страты прытомнасці. Далей Пецярбург, дзе яна далучылася да беларускіх справаў. А потым эмігравала ў Львоў – тагачасны цэнтр беларускага нацыянальнага руху. (Вітанні беларускай дыяспары ў Львове!)

Нелегальна, пад чужым пашпартам, прыязджала на радзіму і супрацоўнічала з «Нашай доляй», бо ўжо тады Цётка зазнала палітычны пераслед. А пазней ужо легальна (бо выйшла замуж за літоўца і атрымала новы пашпарт) вярнулася ў Беларусь, каб займацца нашай справаю.

На ейнай радзіме мясцовая школа носіць імя Алаізы Пашкевіч, нават помнік стаіць. Але калі б паэтка завітала цяпер туды, то расчаравалася б, бо ў школе ейнага імя няма ніводнага беларускага класу.

Апалонія Дарэўская. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Апалонія Дарэўская, прыгонная танцорка, якая стаяла ля вытокаў беларускага балету

Пэўна, можна сказаць, што Апалонія зрабілася ахвяраю моды. У XVIII стагоддзі да нас прыйшла мода на тэатр, і ў багатага аматара мастацтва Антонія Тызенгаўза ўзнікла ідэя адкрыць тэатральную школу ў Горадні, каб пазней стварыць уласныя тэатральныя трупы. Таленавітых прыгонных сялянаў фактычна прымусілі ў ёй вучыцца. У першы набор трапіла 8-гадовая Апалонія. Ейны любімы харэограф Гаэтана Пэтынэцці эксперыментаваў – ставіў уласныя балеты на мясцовыя сюжэты, выкарыстоўваў у іх рухі народнага танцу.

Тызенгаўз памёр, але склаў тастамент, паводле якога танцоры перайшлі ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага. І з 1785 года Апалонія Дарэўская зрабілася першай салісткай трупы «Таварыства танцораў ягонай каралеўскай вялікасці» ў Варшаве.

Бона Сфорца. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Бона Сфорца, каралева і рэфарматарка

Яна нарадзілася ў XV стагоддзі ў Італіі, што задавала трэнды ў тагачаснай Еўропе. У веку 24 гадоў яе выдалі за Жыгімонта І, якому быў 51 год. За восем гадоў Бона Сфорца нарадзіла шасцярых дзяцей. А калі нарэшце хлопчыка – кароль быў задаволены і падарыў ёй землі цяперашняга Кобрына, Горадні, Пінску і Рагачова.

І каралева пачала займацца рэформамі, развіваць гаспадарку. Дзякуючы ў тым ліку і ёй гарады атрымалі Магдэбургскае права – фактычна права на самакіраванне, там пачала імкліва будавацца інфраструктура.

Дарэчы, з італьянскай мовы sforzzare – прымушаць. Паводле легендаў, Бона была жанчына дэманічная і труціла сваіх нявестак. Спачатку памерла Лізавета, а потым сын Жыгімонт Аўгуст ажаніўся з Барбарай Радзівіл, якая таксама хутка памерла. Навукоўцы высветлілі, што Барбара ўсё ж хварэла на рак. Цяпер цяжка разабрацца, хто мае рацыю.

Скончылася жыццё каралевы трагічна. Сын вінаваціў яе ў смерці жонкі, таму яна пераехала ў Італію, ды не адна, а з трыццаццю вазамі золата. Сфорца пазычыла іспанскаму каралю амаль паўтары тоны, і так супала, што пасля гэтага Бона памерла ад атруты.

Еўфрасіння Полацкая. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Еўфрасіння Полацкая, асветніца і першая жанчына-святая на Русі

Пэўна, гэта самая знакамітая беларуска, таму пра ейнае жыццё згадаем сцісла. У 12 гадоў дзяўчынка адмовілася ад шлюбу і пайшла ў манастыр. І там яна пачынае перапісваць і перакладаць кнігі. Прыбытак ад іх продажу яна аддавала бедным. Заснаваныя ёй жаночыя і мужчынскія манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве.

На ейную замову Лазар Богша зрабіў крыж вышынёю паўметра. Крыж аздоблены каштоўнымі камянямі – гэты шэдэўр злотніцтва падчас Другой сусветнай вайны знік з Магілёўскага краязнаўчага музею. Нехта думае, што ён у немцаў, а іншыя сцвярджаюць, што ў Расеі, – сапраўдны беларускі дэтэктыў!

Еўфрасіння Полацкая стала першай жанчынай на Русі, якая была кананізаваная.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў