Самыя чалавечныя і найбольш жорсткія турмы свету: як на іх тле выглядае Беларусь?


ШІЗА, перапоўненыя камеры, зняволеныя на падлозе, шконкі без пасцельнай бялізны, катаванні холадам, прыніжэнні, фізічны і псіхалагічны гвалт, неаказанне медычнай дапамогі, збіццё да смерці – гэта далёка не поўны спіс здзекаў, з якімі сутыкаюцца зняволеныя ў беларускі турмах, і пра якія за апошнія тры гады стала вядома не толькі ў Беларусі. А як выглядаюць месцы зняволення ў цывілізаваных краінах ды якой павінна быць турма, каб выправіць чалавека? І дзе ў свеце ёсць вязніцы, страшнейшыя за беларускія? Чытайце ў нашым аглядзе.

Фрэска ў стылі Бэнксі бачная на сцяне турмы Халдэн у Нарвегіі, якую называюць самай гуманнай у свеце. Адміністрацыя турмы сцвярджае, што багатае асяроддзе тэрыторыі плошчай 75 акраў дапамагае знізіць і без таго вельмі нізкі ўзровень злачыннасці ў краіне. Кожны зняволены атрымлівае асобную камеру з міні-халадзільнікам, тэлевізарам з плоскім экранам і нават уласным ванным пакоем і вокнамі без кратаў – таму што яны прапускаюць больш сонечнага святла. Халдэн, Нарвегія. 22 кастрычніка 2010 года.
Фота: Caters News / Forum

Як рэфармавалі турмы ў Нарвегіі

Самымі лепшымі лічацца турмы ў Скандынаўскіх краінах, а сярод іх самыя камфортныя месцы зняволення – у Нарвегіі, якія сёння – узор для ўсяго свету.

Пра рэформу пенітэнцыярнай сістэмы ў Нарвегіі задумаліся ў 1990-я гады, калі вырашылі змяніць той факт, што каля 70% вязняў пасля вызвалення паўторна здзяйснялі злачынствы на працягу двух гадоў пасля вызвалення. Пенітэнцыярная сістэма ў краіне ў той час была пабудаваная на ідэі, што менавіта пакаранне – гэта фактар стрымлівання, і, маўляў, чым большыя тэрміны атрымліваюць зняволеныя і ў чым больш жорсткіх умовах знаходзяцца, тым большы будзе страх у іншых паўтарыць гэткі ж лёс.

Аднак нарвежскія заканадаўцы зразумелі, што такая сістэма не працуе і цалкам яе перагледзелі. У выніку ўзровень рэцыдываў сапраўды ўпаў, а турмы сталі спакайнейшымі і больш бяспечнымі.

Нарвегія мае 57 турмаў з агульнай колькасцю 3600 камер, 70% з якіх – камеры строгага рэжыму. Самая вялікая турма мае 400 камер, а самая маленькая – толькі 15. Сярэдняя нарвежская турма мае 70 камер.

У Нарвегіі няма вялікіх цэнтралізаваных турмаў. Замест гэтага выкарыстоўваецца сістэма невялікіх грамадскіх папраўчых устаноў, якія накіраваны на рэабілітацыю і рэінтэграцыю ў грамадства. Урад Нарвегіі лічыць, што зняволеныя павінны быць геаграфічна блізка да сваіх дамоў, каб яны маглі падтрымліваць адносіны з мужам, сябрамі і сям’ёй. Спатканні часам дазваляюцца аж да трох разоў на тыдзень. Вялікі акцэнт робіцца на ўзаемаадносінах, каб асобы, якія знаходзяцца ў зняволенні, мелі моцную сістэму падтрымкі пасля вызвалення.

Халдэн – самая раскошная турма

Крымінальная рэформа законаў Нарвегіі ў 1990-х гадах змяніла не толькі нацыянальныя турмы, але і спосаб асуджэння людзей. Пажыццёвае зняволенне было адменена і заменена на 21 год пазбаўлення волі.

Камера Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек у 2011 годзе, месціцца на двух паверхах. Забойца адбывае пакаранне ў турме Рынгерыке (Ringerike). Тырыстран (Tyristrand), Нарвегія. 14 снежня 2023 года. Фота: Ole Berg-Rusten / NTB / AFP / East News
Камера Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек у 2011 годзе, месціцца на двух паверхах. Забойца адбывае пакаранне ў турме Рынгерыке (Ringerike). Тырыстран (Tyristrand), Нарвегія. 14 снежня 2023 года. Фота: Ole Berg-Rusten / NTB / AFP / East News
Камера Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек у 2011 годзе, месціцца на двух паверхах. Забойца адбывае пакаранне ў турме Рынгерыке (Ringerike). Тырыстран (Tyristrand), Нарвегія. 14 снежня 2023 года. Фота: Ole Berg-Rusten / NTB / AFP / East News
Камера Андэрса Брэйвіка, які забіў 77 чалавек у 2011 годзе, месціцца на двух паверхах. Забойца адбывае пакаранне ў турме Рынгерыке (Ringerike). Тырыстран (Tyristrand), Нарвегія. 14 снежня 2023 года. Фота: Ole Berg-Rusten / NTB / AFP / East News

Якім бы жорсткім ні было злачынства, да нядаўняга часу самы вялікі тэрмін, які мог атрымаць злачынец, складаў 21 год. Фактычна, прызнаны масавы забойца Андэрс Брэйвік быў асуджаны на 21 год за забойства 77 чалавек у 2011 годзе. Нарвегія нядаўна ўнесла папраўкі ў свой крымінальны кодэкс, каб дазволіць 30-гадовы максімальны тэрмін пакарання за некаторыя злачынствы, уключаючы генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і іншыя ваенныя злачынствы.

Хаця ў Нарвегіі злачынца можа быць асуджаны на тэрмін да 30 гадоў, большасць прысудаў нават не набліжаюцца да гэтага тэрміну. Больш за 60% прысудаў – менш за тры месяцы, а амаль 90% прысудаў – менш за год.

Адна з самых «раскошных», як яе называюць, нарвежскіх турмаў – Халдэн. Яна таксама лічыцца адной з самых гуманных вязніц у свеце, хоць фармальна гэта турма строгага рэжыму. Яна знаходзіцца недалёка ад мяжы са Швецыяй. Зняволеныя тут жывуць у адзіночных камерах. У кожнай з іх ёсць асобны ванны пакой, тэлевізар з плоскім экранам і акно, з якога адкрываецца від на зялёныя пейзажы.

У турме ёсць фітнес-цэнтр, бібліятэка, капліца, спартыўныя пляцоўкі, цэнтр наведвання семʼяў, школа і нават поўная студыя гуказапісу. Сама турма аформлена ў яркіх колерах і мае арыгінальныя творы мастацтва.

«У Нарвегіі пакаранне – пазбаўленне волі. Астатнія правы застаюцца»

Яшчэ адна ўнікальная турма – Бастой. Яна знаходзіцца на востраве. У ёй няма агароджаў, сцен або чагосьці, што перашкаджала б зняволеным проста сысці. Бастой – адна з турмаў, дзе дазволеныя сужэнскія спатканні. Тут вязні могуць вучыцца, наведваць забаўляльныя мерапрыемствы, а таксама кансультацыі па барацьбе з гвалтам і наркотыкамі. У гісторыі гэтай турмы была толькі адна спроба ўцёкаў.

Турма Бастой, якая знаходзіцца на востраве, Нарвегія. Крыніца: Grim23 / commons.wikimedia.org

Турма Улерсмо – самая вялікая турма Нарвегіі (мае 400 камераў), у якой таксама знаходзяцца зняволеныя з самымі доўгімі тэрмінамі. Тут сядзяць самыя злосныя злачынцы. У турме ёсць магчымасць вучыцца і атрымаць навыкі рамонту аўтамабіляў і цяслярства.

Рэабілітацыйны падыход Нарвегіі таксама прыносіць карысць эканоміцы краіны. Меншая колькасць людзей у турме азначае больш здольных дарослых для працаўладкавання. Фактычна многія зняволеныя пакідаюць турму з дадатковымі навыкамі.

Сёння ў Нарвегіі ўзровень рэцыдываў на падставе паўторнага судзімасці на працягу двух гадоў складае 20%, самы нізкі паказнік у свеце. Таксама ў Нарвегіі адзін з самых нізкіх узроўняў злачыннасці ў свеце.

Нарвегія імкнецца захаваць чалавечнасць зняволеных падчас іх зняволення.

У нядаўнім інтэрвʼю кіраўнік нарвежскай турмы Арэ Хоідал распавёў пра тое, як у краіне караюць зняволеных. «У Нарвегіі пакаранне заключаецца ў пазбаўленні волі», – сказаў ён. «Астатнія правы застаюцца». Грамадзяне Нарвегіі глыбока вераць, што мэтай турмы павінна быць дапамога зняволеным у дасягненні поспеху пасля вызвалення, а не ўжыванне пакарання, якое ўскладняе жыццё.

Катаванні і рэформа ў турмах Грузіі

Турма паводле нарвежскага ўзору нядаўна была адкрытая ў Грузіі. Разлічаная яна на 700 асуджаных. Мясцовае міністэрства юстыцыі сцвярджае, што ў вязняў ёсць магчымасць займацца спортам і адпачываць, а таксама наведваць онлайн-лекцыі лічбавага ўніверсітэту і атрымліваць адукацыю. Таксам пры турме дзейнічае сучасны медычны блок і філіял Дому юстыцыі (Дамы юстыцыі ў Грузіі – штосьці кшталту дзяржаўнай службы «адно акно» – установы, дзе можна вырашыць шмат якія бюракратычныя пытанні ў адным месцы).

«Пенітэнцыйная ўстанова цалкам адпавядае рэкамендацыям Еўрапейскага камітэту па перадухіленні катаванняў і бесчалавечнага абыходжання», – сцвярджае грузінскі Мінюст.

Паводле Еўрапейскага суду па правах чалавека, да 2012 года ў грузінскіх турмах сістэматычны характар насілі катаванні.

«Ложак быў складзены і прымацаваны да сцяны замком. Персанал установы адкрываў ложак і дазваляў карыстацца ім толькі ад 22:00 да 8:00. Вязні таксама павінны былі стаяць увесь час, калі ў камеру адначасова змяшчалі некалькі зняволеных. Былі абмежаваныя прыём ежы і карыстанне туалетам. Пастаянна абмяжоўваліся спатканні з чальцамі сям’і. Размова паміж зняволенымі дазвалялася толькі шэптам», – распавядалася пра ўмовы ў турмах Грузіі ў заключэнні суду. З 2012 года ў гэтай краіне распачалася рэформа пенітэнцыярнай сістэмы.

Сірыйская турма «Сайдная» – чалавечая жывёлабойня

Нарвежскія і некаторыя іншыя турмы, аднак, хутчэй выключэнне, чым правіла ў сённяшнім свеце. На зямлі ўсё яшчэ ёсць вялізная колькасць месцаў зняволення, дзе вязням ствараюцца ўмовы сапраўднага пекла. Сваёй скрайняй жорсткасцю вядомыя турмы ў краінах Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі ды на постсавецкай прасторы.

Адна з такіх страшных турмаў – турма Башара Асада «Сайдная» у Дамаску, у Сірыі. Агулам, у Сірыі існуюць сотні ўрадавых вязніцаў, дзе масава катуюць і забіваюць зняволеных. Паводле сірыйскай апазіцыі, па стане на 2018 год, у турмах Асада ўтрымліваліся не менш за 500 тысяч чалавек. «Сайднаю» ж называюць «чалавечай жывёлабойняй».

Як выглядаюць умовы ў турме «Сайдная», распавядаў вязень, які здолеў выйсці адтуль за хабар кіраўніцтву:

«Мяне пасадзілі ў камеру плошчай у тры метры, дзе былі і іншыя вязні. Нават сядзець не было дзе. Праз два дні перавялі ў адзіночную камеру. У нас не было ніякіх правоў. Нас катавалі без допыту. Нас вешалі зарукі, што было самым цяжкім з катаванняў. У такім стане нас аблівалі вадой і білі. Катаванні звычайна пачыналіся бліжэй да паўночы. <…>. Нам не дазвалялі карыстацца прыбіральняй, не давалі ежу. Давалі толькі кавалак хлебу і тры алівы. Толькі раз на тыдзень давалі сыр».

Сірыйскі дысідэнт Мунір Факір пасля вызвалення распавядаў, што зняволены прымушалі спаць без коўдраў і вопраткі пры мінусавых тэмпературах. Часам не давалі ваду, тады вязні націралі цела пяском, каб счысціць бруд. Шмат у якіх камерах не было прыбіральняў. Ежы не хапала. Медычную дапамогу вязням не аказвалі.

Сірыйскі ўрад адмаўляў масавыя катаванні і забойствы ў турмах. У 2017 годзе памочнік дзяржсакратара ЗША па Бліжнім Усходзе Сцюарт Джонс распавёў, што ў турме «Сайдная» быў знойдзены крэматорый, у якім спальвалі целы забітых вязняў, а таксама, што штодня ў гэтай турме гінуць ад 50 да 80 чалавек – як удзельнікаў апазіцыйных аб’яднанняў, так і звычайных мірных жыхароў.

Паўночная Карэя: пакаранне ў трох пакаленнях

Рэпутацыю самай страшнай на працягу многіх гадоў мела венесуэльская вязніца «Ля Сабанэта», якая знаходзілася ў горадзе Маракайба.

Турма была разлічаная на 700 чалавек, аднак паведамлялася, што адначасова там маглі знаходзіцца да 3700 вязняў. Вязніца цярпела ад недахопу фінансавання і кадраў. Не хапала ахоўнікаў, таму вязні збіраліся ў банды, якія, уласна, і кантралявалі сітуацыю. Сур’ёзнай праблемай тут быў недахоп ежы, вады, медычнай дапамогі, гвалт. У 2013 годзе турма была зачыненая пасля ўмяшальніцтва ўладаў і цяпер яе ператвараюць у музей.

Турма «Ля Сабанэта». Маракайба, Венесуэла. Крыніца: NPR / Youtube

Нікога не здзівіць, калі сказаць, што адныя з самых жорсткіх турмаў у свеце – у Паўночнай Карэі. Тут ёсць з’ява, якой няма больш нідзе ў свеце – пакаранне трох пакаленняў сям’і, калі не толькі абвінавачаны ў злачынстве атрымлівае пажыццёвы тэрмін, але і ўся ягоная сям’я і яшчэ два пакаленні.

У Паўночнай Карэі распаўсюджаныя лагеры для палітвязняў. Яны маюць вялізную плошчу, абнесеныя электрычнай агароджай і знаходзяцца пад наглядам узброеных ахоўнікаў. Усе зняволеныя павінны працаваць, выконваючы фізічныя задачы з дапамогай прымітыўных прылад. Да людзей тут ставяцца з выключнай жорсткасцю. Паводле аповедаў вязняў, якім удалося ўратавацца, у такіх лагерах квітнеюць пазасудовыя пакаранні смерцю, згвалтаванні, прымусовы аборты, катаванні голадам. НДА Korea Future, якая даследуе парушэнне правоў чалавека ў Паўночнай Карэі, параўноўвае тамашнія турмы з савецкім ГУЛАГам.

«Банг Кванг» – страшная турма ў Тайландзе

Пра ўмовы ў тайскай турме надоечы распавёў саліст «Бі-2» Лёва, які правёў некаторы час пад арыштам у Пхукеце і Бангкоку:

«На Пхукеце яшчэ было больш-менш цярпіма, скажам. Але калі мы прыехалі ў Бангкок і ўбачылі ў пакоі 80 з нечым чалавек, якія ляжаць на падлозе штабелямі, трэба пераступаць, каб прайсці ў прыбіральню… Дзе ўвесь час уключанае святло, і ты не ведаеш, які час содняў, таму што няма вокнаў, а ёсць такія маленькія рашоткі ў самай столі – пыльныя, брудныя. Ты не разумееш, там святло сонечнае ці гэта начны ліхтар свеціць», – распавядаў Лёва Бі-2.

Аднак сапраўды страшнае месца там знаходзіцца на поўнач ад Бангкоку – мужчынская турма «Банг Кванг». У ёй сядзяць асуджаныя на доўгія тэрміны, на пажыццёвае зняволенне і смяротнае пакаранне. Першыя тры месяцы знаходжання тут усе зняволеныя носяць кайданы на нагах.

У тайскай турме квітнее ўнутраная іерархія: бедныя вязні служаць заможным. Заможнымі тут лічацца, напрыклад, ліванскія і брытанскія зняволеныя – яны атрымліваюць грошы ад дабрачынных арганізацыяў. Таксама брытанская амбасада забяспечвае сваіх зняволеных вітамінамі і харчаваннем.

З чорным мяшком на галаве: калонія «Чорны дэльфін» у Расеі

Нечалавечымі ўмовамі вядомыя турмы ў Расеі. Адной з самых жорсткіх лічыцца калонія «Чорны дэльфін» ці папраўчая калонія №6 у Соль-Ілецку. Гэта турма з гісторыяй – яшчэ ў XVIII стагоддзі на яе месцы з’явілася катаржная вязніца для распрацоўкі мясцовых саляных промыслаў і перасылачная турма для этапавання зняволеных. Цяпер тут адбываюць пакаранне асуджаныя да даўгіх і пажыццёвых тэрмінаў.

Умовы ў калоніі вельмі строгія. Ноччу зняволеныя спяць пры ўключаным святле. На вузкіх вокнах у камерах стаяць рашоткі, праз якія амаль не бачна неба. Шпацыры адбываюцца ў асаблівых памяшканнях, не на вуліцы. Паміж пад’ёмам і адбоем вязням забаронена сядзець і ляжаць на ложках. Калонія стала вядомая тым, што на галаву вязню пры пераводзе з аднаго корпуса ў іншы надзяваюць чорны мяшок, а таксама пры любых перасоўваннях па турме па-за камерай і боксаў для шпацыраў.

«Умовы ў турмах залежаць ад узроўню развіцця грамадства»

Пра турмы ў свеце і ў Беларусі мы пагутарылі з Васілём Завадскім – праваабаронцам і медыкам, які 25 гадоў адпрацаваў лекарам у беларускай пенітэнцыярнай сістэме. За той час нашаму суразмоўцы давялося пабываць у вязніцах шэрагу краінаў.

«Я бываў і ў заходніх турмах, і на постсавецкай тэрыторыі. Ва ўкраінскіх калоніях быў некалькі разоў. І дарэчы, магу сказаць, што на той момант – каля 2015 года – беларускія турмы выглядалі лепш украінскіх, – распавядае спадар Васіль. – Шо датычыць заходніх, канешне, там зусім іншая карціна і іншыя падыходы. Пачынаючы з таго, што ў турмах на захадзе няма такой казарменнай сістэмы, як у нас, дзе жывуць адразу па некалькі дзясяткаў чалавек. У Беларусі бывае і сотня чалавек у адным памяшканні ў калоніі, дзе ложкі стаяць у два, а то і ў тры ярусы. У заходніх турмах пераважна камеры на 1-2 чалавекі».

У заходніх еўрапейскіх краінах можна сустрэць вязніцы, дзе на працягу дня адкрытыя дзверы камеры, вязні могуць наведваць агульныя месцы – спартыўную залу, сталовую і т.п., распавядае эксперт.

«У Іспаніі мне даводзілася бачыць калонію, дзе ёсць басейн для зняволеных. Калі мы запыталіся ў супрацоўнікаў, ці плаваюць яны, яны здзіўлена сказалі, што не, канешне, гэта ж для зняволеных толькі», – зазначае наш суразмоўца.

«Больш істотнае стаўленне да чалавека, а не афарбоўка сценаў»

Паводле праваабаронцы, умовы ў месцах зняволення залежаць ад узроўню развіцця грамадства, і гаворка тут не толькі пра фінансавыя магчымасці.

«У Беларусі ёсць турмы добра адрамантаваныя, на фота і відэа гэта ўсё добра выглядае, і гэта мы бачым у прапагандысцкіх роліках, як нядаўна мы гэта бачылі пра жаночую калонію, ці пра Жодзіна, калі казалі, што ежа як у рэстаране. Але вонкавы выгляд – гэта адзін бок. Іншы – стаўленне да людзей, гвалт, рэпрэсіі – тое, што не так проста бачыцца, але гэта важна ведаць. І гэта больш істотна – стаўленне да чалавека ад стаўлення да афарбоўкі сценаў», – кажа Васіль Завадскі.

Канфлікты і выпадкі гвалту паміж зняволенымі, а таксама з супрацоўнікамі здараюцца і на Захадзе, зазначае праваабаронца, чаму цалкам спрыяе доўгае знаходжанне ў закрытых памяшканнях. Аднак ёсць істотная розніца ў тым, як гэтыя канфлікты вырашаюцца там і ў Беларусі.

СІЗА №7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Можа з год таму мы былі ў Нямеччыне ў турмах, і там размаўлялі пра канфлікты, і дырэктар турмы распавёў, што калі здараецца канфлікт паміж зняволеным і супрацоўнікам, асабліва, калі хтосьці кагосьці ўдарыў, то з гэтым разбіраецца паліцыя. Не супрацоўнікі калоніі, а паліцыя, і гэта прынцыповая розніца з нашымі, бо ў нас будзе разбірацца супрацоўнік калоніі – зацікаўленая асоба», – распавядае спадар Васіль.

Тое самае і ў ЗША, дзе хоць і даволі жорсткія турмы, аднак ёсць незалежны суд і незалежныя СМІ, якія ўсе гэтыя сітуацыі асвятляюць, кажа эксперт.

«У нас няма павагі да чалавека – яе ўказам прэзідэнта не ўвядзеш»

Ініцыятыва «Лекары за праўду і справядлівасць», якую прадстаўляе Васіль Завадскі, праводзіць даследаванне пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі і прыходзіць да высновы, што ніякія рэальныя рэформы ў гэтай галіне немагчымыя без рэфармавання сістэмы ўлады і ўвогуле дзяржавы.

«Нам наноў трэба ўводзіць азы дэмакратыі – незалежны суд, наяўнасць кантролю за пенітэнцыярнай сістэмай у тым ліку з боку грамадства праз НДА, незалежныя СМІ і свабода журналістыкі і іншыя фундаментальныя асновы любой дэмакратычнай дзяржавы. З гэтага трэба пачынаць і паралельна рэфармаваць пенітэнцыярную сістэму, – кажа праваабаронца. – Канешне, можна было б сказаць, што пенітэнцыярную сістэму трэба перадаць з МУС у Мінюст, пра медычную службу, але гэта нічога істотна не зменіць у сённяшніх умовах, калі не зменяцца фундаментальныя падыходы. У нас няма павагі да чалавека, да годнасці чалавека, і гэта ўказамі прэзідэнта не ўводзіцца па камандзе».

Пенітэнцыярная сістэма мусіць рэгулявацца такімі міжнароднымі дакументамі, як Дэкларацыя правоў чалавека, міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Правілы Нэльсана Мандэлы і Мінімальныя стандартныя правілы ААН датычна абыходжання са зняволенымі, кажа спадар Васіль:

«Мінімальныя стандарты ААН пачынаюцца з такіх словаў: «Усе зняволеныя павінны карыстацца паважлівым стаўленнем, што вынікае з уласцівай ім годнасці і каштоўнасці як чалавечай асобы». Вось дастаткова, каб гэта выконвалася, і ўсё зменіцца, бо з гэтага ўсё вынікае».

«ШІЗА, ПКТ, 411 артыкул – нічога з гэтага не павінна быць»

Паводле праваабаронцы, варта памятаць, што зняволенне і іншыя ізаляцыйныя меры ўжо прыносяць людзям вялізнае цярпенне ў сілу таго, што такім чынам у чалавека забіраецца права на самавызначэнне.

«Таму больш нічога звыш не павінна быць, іншых пакаранняў, нічога з таго, пра што мы цяпер часта чуем – ШІЗА, ПКТ, 411 артыкул», – зазначае эксперт.

Уся дзейнасць пенітэнцыярнай сістэмы, паводле спадара Васіля, павінна быць накіраваная на папярэджанне злачынства новага – рэцыдыву, і адпаведна на рэінтэграцыю зняволенага ў грамадства.

«Тады ўзнікае рытарычнае пытанне – напрыклад, пазбаўленне чалавека права перапіскі ці спатканняў са сваякамі, ці пазбаўленне магчымасці атрымаць пасылку ці купіць прадукты ў турэмнай краме – гэта што і якім чынам стасуецца з рэінтэграцыяй? А пазбаўленне ежы – гэта што? Гэта як мінімум жорсткае стаўленне да зняволеных, якое прыніжае чалавечую годнасць», – кажа праваабаронца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў