Святлана Алексіевіч назвала Алеся Бяляцкага міфалагічнай фігурай для Беларусі


Беларуская пісьменніца павіншавала кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» з прысуджэннем Нобэлеўскай прэміі міру. Святлана Алексіевіч у гутарцы са «Свабодай» не пагадзілася з украінцамі, якія крытыкуюць рашэнне Нобэлеўскага камітэту ўзнагародзіць беларуса і расейскі цэнтр «Мемарыял».

Святлана Алексіевіч і Алесь Бяляцкі.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / spring96.org

Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч прызналася, што вельмі радая за Алеся Бяляцкага і лічыць яго міфалагічнай фігурай для беларускай барацьбы. Пісьменніца ўпэўненая: сёлетняя прэмія сімвалізуе тое, што «сярод і расейцаў, і беларусаў шмат тых, хто змагаецца, рызыкуючы сваім здароўем і жыццём».

«Я вельмі рада за Алеся Бяляцкага, бо ён – міфалагічная фігура для беларускай барацьбы. Усё, што мы ведаем пра сябе падчас барацьбы, мы ведалі ў асноўным дзякуючы арганізацыі «Вясна», якою кіруе Бяляцкі, дзякуючы тым мужным людзям, якія там працуюць. Ён здолеў стварыць гэты калектыў аднадумцаў, і яны рабілі гэтую вялікую працу», – сказала Алексіевіч.

Алексіевіч таксама адзначыла працу расейскага праваабарончага цэнтру «Мемарыял».

«Я рада і за «Мемарыял», які так ненавідзіць расейская ўлада: зараз у яго вельмі шмат складанасцяў. Гэта таксама важная ўзнагарода сёння. А тое, што робяць украінскія праваабаронцы, – пра гэта і казаць цяжка. Людзі працуюць у неймаверных умовах», – падкрэсліла Алексіевіч.

Пісьменніца таксама ўзгадала крытыку ўкраінцаў, якія незадаволеныя прысуджэннем прэміі прадстаўнікам Беларусі і Расеі.

«Я чула ад сваіх украінскіх сяброў, што гэта неадназначна ўспрымаецца ў іх грамадстве, яны не разумеюць гэтага жадання паставіць расейскіх, беларускіх і ўкраінскіх барацьбітоў побач, на адну дошку. Яны лічаць, што расейскі і беларускі народы вінаватыя ў гэтай вайне, бо яны маўчаць. Будзе шмат спрэчак, але я вітаю ўсіх уганараваных сённяшняй прэміяй», – сказала Алексіевіч.

Сёлетняй Нобэлеўскай прэміяй міру ўзнагародзілі кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, расейскую праваабарончую арганізацыю «Мемарыял» і Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

Бяляцкі больш за год застаецца за кратамі. Ён абвінавачаны па крымінальнай справе аб нявыплаце падаткаў.

Святлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 2015 годзе.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў