Што паказваюць праверкі МАГАТЭ на Запарожскай АЭС?


У сувязі з шэрагам заяваў, зробленых як украінскім, так і расейскім бокам пра магчымы падрыў Запарожскай АЭС, місія МАГАТЭ запрасіла ў расейскіх вайскоўцаў, якія кантралююць зараз станцыю, дадатковы доступ да яе дахаў і рэактараў. Пакуль інспектары місіі не знайшлі пацвярджэнне фактам мініравання, але агляд яшчэ не скончаны. 

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

Прыкмет мініравання не назіраецца

5 ліпеня Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі зрабіла запыт у расейскіх вайскоўцаў, каб тыя дазволілі доступ на на дахі рэактараў. Такім чынам прадстаўнікі агенцтва мелі намер пацвердзіць або зняпраўдзіць інфармацыю пра мініраванне станцыі, аб якім у свой час заяўляў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Як гаворыцца ў заяве, зробленай генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі, эксперты, што прысутнічаюць на станцыі, цягам апошніх дзён і тыдняў правяралі асобныя часткі ЗАЭС (пэўныя ўчасткі па перыметры вадаёма-ахалоджвальніка), а таксама праводзілі рэгулярныя абходы станцыі.

Станам на 5 ліпеня, паводле словаў гендырэктара МАГАТЭ, «ніякіх прыкмет мін або выбуховых рэчаў не назіраецца».

Тым не менш эксперты запыталі дадатковы доступ да дахаў рэактарных блокаў №3 і №4, а таксама доступ да частак турбінных залаў і некаторых частак сістэмы ахалоджвання на станцыі.

Інспектары МАГАТЭ робяць поспехі

7 ліпеня Рафаэль Гросі адзначыў, што з аўторка па пятніцу інспектары МАГАТЭ атрымалі больш доступу да памяшканняў Запарожскай атамнай электрастанцыі. «Мы робім поспехі», – адзначыў ён.

Гросі падкрэсліў, што прадстаўнікі агенцтва пакуль яшчэ не атрымалі доступ да дахаў будынкаў аб’екта, але ўжо падалі адпаведныя запыты на гэта.

«Я цалкам упэўнены, што мы атрымаем дазвол», – сказаў генеральны дырэктар МАГАТЭ.

У той жа час інспектарам удалося праверыць басейны для ахалоджвання і іншыя памяшканні. Са словаў гендырэктара МАГАТЭ, там не знайшлі «ніякіх прыкмет наяўнасці выбуховых рэчываў ці мін».

Пяць прынцыпаў абароны ЗАЭС

Яшчэ 30 чэрвеня на пасяджэнні Рады бяспекі ААН Рафаэль Гросі сфармуляваў пяць прынцыпаў па абароне Запарожскай АЭС, у якія ўваходзяць забарона на вядзенне агню з тэрыторыі станцыі і ў яе бок, у тым ліку ў бок яе рэактараў, персанала, сховішчаў адпрацаванага паліва; забарона выкарыстання станцыі ў якасці ваеннай базы і размяшчэння на яе тэрыторыі цяжкога ўзбраення і вайскоўцаў; недапушчэнне пашкоджання знешніх лініяў энергазабеспячэння станцыі; абарона ад нападаў і дыверсій усіх структураў станцыі, неабходных для яе працы, а таксама выкананне ўсіх пералічаных прынцыпаў абодвума бакамі вайсковага канфлікту.

Таксама ў нядаўняй заяве генеральны дырэктар МАГАТЭ адзначыў, што «з ваеннай напружанасцю і ростам актыўнасці ў рэгіёне, дзе знаходзіцца гэтая буйная атамная электрастанцыя, нашы эксперты павінны мець магчымасць праверыць факты на месцах». Паводле словаў Гросі, незалежная і аб’ектыўная справаздачнасць прадстаўнікоў місіі дапаможа праясніць бягучую сітуацыю на месцы, што вельмі важна ў такі час, калі назіраюцца непацверджаныя і сустрэчныя абвінавачванні.

Пагрозы падрыву станцыі

Нагадаем, што ў аўторак, 4 ліпеня, прадстаўнікі Узброеных Сіл Украіны зрабілі заяву аб тым, што, паводле аператыўнай інфармацыі, на даху трэцяга і чацвёртага энергаблокаў Запарожскай АЭС былі размешчаныя прадметы, якія нагадваюць выбуховыя прыстасаванні. «Іх падрыў, – заявілі ў ведамстве, – можа пашкодзіць энергаблокі, але можа стварыць карцінку абстрэлаў з боку Украіны. Аб гэтым і дэзынфармуюць расейскія СМІ і тэлеграм-каналы».

Пазней гэтую інфармацыю пракаментавала намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, адзначыўшы, што Расея «нагнятае» сітуацыю з Запарожскай АЭС і здольная «на любыя, нават абсалютна неабдуманыя дзеянні, якія потым паспрабуе выдаць за чужыя».

Праўда, ужо 6 ліпеня кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў адзначыў, што ўзровень пагрозы на Запарожскай АЭС знізіўся.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў