Фонд «Крэўскі замак» збіраюцца зліквідаваць пасля 18 гадоў працы


Улады збіраюцца зліквідаваць дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які цягам 18 гадоў займаўся вывучэннем і захоўваннем спадчыны Крэва. Слуханні адбудуцца 16 чэрвеня, піша Hrodna.life.

Руіны Крэўскага замка
Фота: belarus.by

Фонд «Крэўскі замак» быў заснаваны ў 2005 годзе, яго галоўнай мэтай было вывучэнне і захаванне спадчыны аднаго з найбольш старажытных замкаў на тэрыторыі нашае краіны. Фонд праводзіў археалагічныя працы, ладзіў спецыяльныя летнікі ды іншыя культурніцкія імпрэзы ў Крэве.

Валанцёрскія летнікі праходзілі амаль штогод, падчас іх рабілася кансервацыя рэштак замку, раскопкі гарадзішча, парадкаванне габрэйскіх могілак. Пры гэтым усе археалагічныя працы вяліся ў партнёрстве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Таксама фонд займаўся выпускам альманаху «Kreva Incognita», з дапамогай якога імкнуўся расказаць больш пра замак і самое Крэва, паспрыяць развіццю новых турыстычных і музейных аб’ектаў.

У 2020 і 2021 гадах арганізацыя праводзіла ў Крэве археалагічныя экспедыцыі, пра што справаздавалася Галоўнаму ўпраўленню юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму. Паводле інфармацыі Hrodna.life, дырэктар і бухгалтар фонду працавалі як валанцёры, без заробку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў