Што чакае аптэчны бізнес і спажыўцоў лекаў у Беларусі


Дзяржава ў Беларусі настойліва ўмешваецца ў дзейнасць аптэчнай сістэмы, імкнецца павысіць уплыў дзяржаўных аптэк і паменшыць ролю прыватных. Разбіраліся з эксперткай, што за гэтым можа стаяць.

Аптеки в Минске, аптека бережливых
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На рынку лекаў у Беларусі адбываюцца заўважныя змены. Найбольш заўважныя з іх – увядзенне рэгістрацыі цэнаў на лекі і абмежаванне на продаж рэцэптурных прэпаратаў у прыватных аптэках.

Што датычыць цэнаў, то 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб рэгістрацыі коштаў на лекавыя сродкі». Галоўнае новаўвядзенне гэтага ўказу – цяпер трэба будзе рэгістраваць адпускныя цэны вытворцаў на лекавыя прэпараты, што прадаюцца ў Беларусі. Па сутнасці, гэта аднаўленне рэгулявання цэнаў на лекі, якое было адменена ў красавіку 2020 года з прычыны эпідэміі каронавірусу. Стварыць механізм рэгістрацыі межаў адпускных цэнаў і вызначыць пералік лекаў, якія гэта закране, павінен урад. Аднак указам прадугледжана, што цэнаўтварэнне на лекі будзе рэферэнтным, паколькі чыноўнікі будуць аналізаваць кошты на лекі на падставе іх цэнаў на міжнародным рынку.

Абмежаванне ж продажу лекаў па рэцэптах у прыватных аптэках набудзе моц ужо 1 чэрвеня. Сітуацыя выглядае так, што гэтае абмежаванне закране большасць прыватных аптэк. Прыватныя аптэчныя сеткі да нядаўняга часу актыўна павялічваліся за кошт адкрыцця так званых аптэк пятай катэгорыі, ці, кажучы прасцей, – аптэчных пунктаў. Іх можна было адкрываць у найбольш трафікавых месцах кшталту гандлёвых цэнтраў і ў невялікіх прыстасаваных памяшканнях. Продаж лекаў паводле рэцэптаў можна было ажыццяўляць ва ўсіх аптэках. З 1 чэрвеня большасць аптэк пятай катэгорыі прадаваць рэцэптурныя медыкаменты не змогуць, апроч выпадкаў, калі яны ажыццяўляюць бясплатнае і льготнае забеспячэнне лекамі і перавязачнымі матэрыяламі.

Апроч таго, павысілі патрабаванні для адкрыцця новай аптэкі. У адным будынку мае быць не больш за адну аптэку з першай да пятай катэгорыі. То бок калі раней можна было ў гандлёвым цэнтры сустрэць некалькі аптэк розных аптэчных сетак, то цяпер такога не будзе. Адкрываць аптэкі можна будзе ў нежылых памяшканнях і пры ўмове што на адлегласці 500 метраў у любы бок няма іншых аптэк. Усталявалі нарматывы мінімальнай плошчы, на якой могуць быць адкрытыя новыя аптэкі – не менш за 15 м2 для пятай катэгорыі, не менш за 60 м2 для другой катэгорыі і не менш за 100 м2 для першай катэгорыі. Аптэку пятай катэгорыі можна будзе адкрыць толькі пры наяўнасці ў паселішчы аптэкі больш высокай катэгорыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 24tv.ua

Для дзяржаўных аптэк нічога не мяняецца. На дадзены момант з 3600 аптэк у Беларусі прыблізна палову складаюць прыватныя аптэкі.

Паводле старэйшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтру BEROC Настассі Лузгіной ні рэгуляванне коштаў, ні новыя правілы адкрыцця аптэк і продажу рэцэптурных лекаў аптэчнаму бізнесу «аптымізму не дадае». Абмежаванне продажаў лекаў па рэцэптах скарэктуе паводзіны спажыўцоў, бо будзе прасцей пайсці і па рэцэптурныя, і па безрэцэптурныя лекі ў адно месца.

Пакуль не вядома, наколькі вялікі спіс лекаў закране рэгулявання цэнаў. У любым выпадку будзе важна, з цэнамі ў якіх краінах будуць параўноўвацца цэны ў Беларусі і наколькі цэнавыя межы, якія будуць усталёўвацца, дазволяць пакрываць расходы на дастаўку замежных лекаў у Беларусь.

«Калі рэгуляванне будзе досыць жорсткім, то можа ўзнікнуць сітуацыя, калі будзе складана знайсці арыгінальныя прэпараты і будуць прадавацца спрэс джэнерыкі (копіі арыгінальных лекаў)», – адзначыла Настасся Лузгіна.

Сярод прычынаў новаўвядзенняў рэгулятар (Міністэрства аховы здароўя) называе празмерную канкурэнцыю, што само па сабе гучыць даволі дзіўна, лічыць Лузгіна. Бо канкурэнцыя ў нармальных рынкавых умовах якраз і прыводзіць да зніжэння коштаў. Але ўлічваючы, што разам з рэгуляваннем коштаў змянілі правілы продажу рэцэптурных лекаў і правілы адкрыцця аптэк, то найбольш імаверная мэта дзяржавы – пераразмеркаваць грашовыя плыні ў бок дзяржаўных аптэчных сетак.

«У гэтым сэнсе дзяржава выступае не толькі рэгулятарам, але і гульцом на рынку і выкарыстоўвае адміністратыўныя меры для абмежавання развіцця прыватных аптэчных сетак», – зазначае экспертка.

Пры гэтым у Беларусі не даследавалася пытанне, наколькі прыватныя аптэкі больш ці менш эфектыўныя ў параўнанні з аптэкамі дзяржаўнымі. Аднак суразмоўца дапускае, што прыватныя аптэкі здольныя дзеяць больш гнутка і прапаноўваць пакупнікам больш спрыяльныя ўмовы.

Спрыяючы развіццю дзяржаўных аптэчных сетак, дзяржава тым самым адстойвае і інтарэсы беларускіх вытворцаў лекаў. Напрыклад, прыватныя аптэкі заўсёды былі менш схільныя выстаўляць на вітрыны айчынныя прэпараты, робячы акцэнт на імпартных. Дзяржаўныя ж аптэкі, наадварот, найперш прапаноўваюць наведнікам айчынныя лекі, нягледзячы на тое, што большасць з іх джэнерыкі, гэта значыць аналагі арыгінальных імпартных лекаў.

Лузгіна  згадвае, што ў беларускіх аптэках ужо былі перабоі з пастаўкамі імпартных лекаў, як толькі пачалі дзейнічаць санкцыі. Таму яшчэ адна прычына крокаў, якія робіць дзяржава, – павышэнне стабільнасці забеспячэння фармацэптычнага рынку лекамі, не зважаючы на тое, джэнерыкі гэта ці арыгінальныя прэпараты.

Яшчэ адна вельмі імаверная прычына зменаў – уніфікацыя правілаў дзейнасці фармрынку краінаў ЕАЭС. Да 1 студзеня 2026 года ўсе краіны ЕАЭС павінны перайсці да наднацыянальнай рэгістрацыі лекаў. На практыцы гэта будзе азначаць таксама з’яўленне на беларускім рынку лекаў з Расеі, Казахстану і Арменіі, якія будуць канкураваць з лекамі беларускіх вытворцаў. А паколькі асноўны імпарт лекаў ажыццяўлялі прыватныя аптэчныя сеткі, то іх дзейнасць і абмяжоўваецца штучна, «на апярэджванне».

Тым не менш, як лічыць Лузгіна, пераход да наднацыянальнай сістэмы рэгістрацыі лекаў можа станоўча паўплываць на рынак, бо мяняць адзіныя правілы ЕАЭС беларускай дзяржаве будзе не так і проста.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў