Дзе купляць лекі з 1 чэрвеня. Большасць прыватных аптэк не змогуць прадаваць па рэцэптах


У дзейнасці аптэк з 1 чэрвеня адбудуцца сурʼезныя змены. Большасць прыватных устаноў не змогуць прадаваць лекі па рэцэптах. Аб зменах паведамляе прэсавая служба Міністэрства аховы здароўя.

Аптека, лекарства, препараты, здоровье, Минск
Жанычына выходзіць з аптэкі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 1 чэрвеня ўступае ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя, прынятая яшчэ ў канцы студзеня. Сутнасць зменаў: аптэкі пятай катэгорыі не змогуць прадаваць лекі па рэцэптах. Пакуль жа з рэцэптамі можна набыць лекі ў любой аптэцы.

У абмежавання ёсць выключэнне – аптэкі пятай катэгорыі змогуць па-ранейшаму прадаваць лекі па рэцэптах, калі яны ажыццяўляюць бясплатнае і льготнае забеспячэнне асобных катэгорый грамадзян лекамі і перавязачнымі матэрыяламі.

Улічваючы змены, на сайце «Белфармацыі» ужо размясцілі ў разделе «Аптэчная сетка» адрасы тых пунктаў рэалізацыі лекаў, дзе купіць рэцэптурныя прэпараты будзе можна. Пры неабходнасці атрымаць інфармацыю, куды пасля 1 чэрвеня ісці з рэцэптамі, можна атрымаць па тэлефоне 169 даведачнай службы аптэк Менску.

У арганізацыі працы аптэк адбудуцца і іншыя змены, якія могуць паўплываць на колькасць аптэк. Паводле выдання «Точка», з 1 чэрвеня аптэкі з першай па пятую катэгорыі будуць размяшчацца па правілу «у адным будынку – адна аптэка», толькі з нежылых памяшканнях і пры ўмове, што на адлегласці 500 метраў у любы бок няма іншых аптэк. Каб адкрыць аптэку пятай катэгорыі, трэба мець у распараджэнні памяшканне не менш за 15 м.кв. і аптэкі больш высокай катэгорыі ў тым жа населеным пункце. Адкрыць аптэку першай катэгорыі можна ў памяшканні не менш за 100 м.кв., а аптэку другой катэгорыі – у памяшканні не менш 60 м.кв. Гэтыя патрабаванні тычацца прыватных аптэк, якія будуць адкрывацца пасля 1 сакавіка 2023 года. Для дзяржаўных аптэк нічога не зменіцца.

Чакаецца, што новыя правілы, перш за ўсё, закрануць арганізацыю працы кропак продажу лекаў у невялікіх населеных пунктах, дзе вялікую аптэку трымаць не выгадна.

У Беларусі працуе каля 3600 аптэк. Колькасць дзяржаўных і прыватных аптэк прыкладна аднолькавая.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў