Па Беларусі коціцца хваля дзіўнаватых імпрэзаў да 9 траўня. Што адбываецца


Дзеці ходзяць па бітым шкле, вайсковыя аркестры граюць пад вокнамі пенсіянераў, мянчанка стварыла мемарыяльнаю клумбу, школьнікі прыйшлі ў Палац незалежнасці паглядзець на фатаграфію Аляксандра і Міколы Лукашэнкаў з аўтаматамі – па Беларусі коціцца хваля дзіўнаватых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 9 траўня.

Удзельнікі конкурсу малюнка «Хатынь вачамі дзяцей» разглядаюць фатаграфію Колі і Аляксандра Лукашэнкі з аўтаматамі ў Палацы Незалежнасці. 5 траўня 2023 года, Менск.
Фота: belta.by

Дэманстратыўнае «святкаванне» 9 траўня ў Беларусі сёлета пачалося заўчасна з усіх бакоў. «Крэатывы» ад мясцовых «ідэолагаў» акупавалі сацыяльныя сеткі і медыі. Але задума прадэманстраваць усенародны ўздым патрыятызму рэалізавалася ў бясконцым спектаклі тэатру абсурду. Тлумачэнне гэтаму толькі адно – у краіне амаль не засталося жывых сведкаў падзей 80-гадовай даўніны, а ўсе астатнія ідуць па купінах міннага поля наратываў гібрыднай міфалогіі лукашызму і здараецца падрываюцца.

У гонар 9 траўня школьнікі ў Вялейцы кладуцца аголенымі на бітае шкло. Скрыншот з відэа: «Беларусь за МКАДом» / Telegram

3 траўня ў Вялейцы адбыўся святочны паказ звышздольнасцяў школьнікаў, якія настолькі моцна мабілізаваліся на барацьбу са знешнім і ўнутраным ворагам, што могуць збіраць з завязанымі вачамі не канструктар Пінскага заводу пластмасавых вырабаў, а пісталеты і нават аўтаматы. А выхаваўчыя бяседы з людзьмі, якія сваімі вачамі бачылі тых, хто бачыў жывых ветэранаў, настолькі загартавалі скуру на спінах школьнікаў, што нават самыя кволыя з іх здольныя аголенымі лажыцца на аскепкі бутэлек і хадзіць па іх босымі нагамі. Відэа з мерапрыемства прымушае трымцець усё NATO.

Аднагодкі вялейскіх школьнікаў, пераможцы рэспубліканскага конкурсу малюнка «Хатынь вачамі дзяцей», 5 траўня наведалі палац Незалежнасці ў Менску – рэзідэнцыю Лукашэнкі, каля якой ён летам 2020 года лётаў з сынам і аўтаматам у руках, ратуючыся ад пратэстоўцаў, незадаволеных фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах. У памяць аб гэтай падзеі ў кулуарах палацу нават усталявана фота малога і старога Лукашэнкаў і той самы аўтамат, схаваны далей ад граху пад шкляную піраміду. Аднак у рэпартажы БелТА чамусьці не згадваюцца падзеі жніўня 2020, затое паведамляецца, што палац «увайшоў у летапіс сусветнай палітыкі» не таму, што тут змагаўся са сваімі страхамі Лукашэнка, а таму што тут былі прэзідэнт Францыі і канцлер Нямеччыны падчас паседжання «Нармандскай чацвёркі», якое адбылося пасля пачатай у 2014 годзе расейскай гібрыднай вайны супраць Украіны.

Удзельнікі конкурсу малюнка «Хатынь вачамі дзяцей» сфатаграфаваліся на памяць у залі паседжання «Нармандскай чацвёркі», дамоўленасці якой у 2022 годзе канчаткова парушылі Пуцін з Лукашэнкам.
Фота: belta.by

Карэспандэнты БелТА таксама не паведамляюць, ці расказалі экскурсаводы, як Лукашэнка год таму не справіўся з роляй міратворца і дазволіў Пуціну ўвесці войскі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі і ўцягнуць краіну ў бязлітасную і бязглуздую вайну, якой свет не бачыў з 1945 года. Затое дзецям у якасці ўзнагароды дазволілі пасядзець на тых самых крэслах, на якіх сядзелі сусветныя лідары з «Нармандскай чацвёркі», далі магчымасць зразумець, што ўсё магло быць па-іншаму.

Адна з пераможцаў конкурсу малюнка «Хатынь вачамі дзяцей» асэнсоўвае гісторыю ў крэсле, на якім сядзеў нехта з чальцоў «Нармандскай чацвёркі». 5 траўня 2023 года, Менск.
Фота: belta.by

Афіцыйныя СМІ не паведамляюць ні дзецям, ні дарослым, што па Беларусі ўва ўсю калясяць калоны расейцаў, гатовых «если надо повторить», якія на столькі адчуваюць сябе гаспадарамі на беларускай зямлі, што ў сваіх «патрыятычных» аўтапрабегах не скарыстоўваюць нават чырвона-зялёныя сцягі, а толькі расейскі трохкаляровы сцяг.

А беларускія сілавікі напярэдадні 9 траўня занятыя больш важнымі справамі, чым лавіць удзельнікаў несанкцыянаваных расейскіх аўтапрабегаў па беларускай зямлі. Напрыклад супрацоўнікі ўпраўленняў Следчага камітэту па Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласцях прынялі ўдзел ў прымеркаваным да 9 траўня турніры па мініфутболе ў Мазыры. У ім таксама ўдзельнічала каманда Следчага камітэту РФ па Бранскай вобласці. У прынцыпе, на тле падрываў беларускіх цягнікоў з нафтапрадуктамі на бранскай чыгунцы следчым Беларусі і Расеі ёсць аб чым паразмаўляць ў перапынках паміж футбольнымі матчамі. Ды і тэма падрываў на столькі складаная, што трэба добрая спартыўная падрыхтоўка, каб навучыцца яе адфутбольваць.

Прыз турніру па мініфутболу паміж следчымі Беларусі і Расеі. 5 траўня 2023 года, Мазыр.
Фота: belta.by

Яшчэ адна група не то сілавікоў, не то спартсменаў адзначылася ў Менску заўчасным ускладаннем кветак да стэлы «Менск – горад-герой». Паведамляецца, што такі фальшстарт учынілі «прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці» на чале з прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Віктарам Лукашэнкам. Дзіўнавата выглядае не толькі назва пасады гэтага дзеяча (больш нікому апроч двух Лукашэнкаў не дазволена ў Беларусі называць сябе прэзідэнтамі), і не толькі склад дэлегацыі «спартыўнай грамадскасці», у якой амаль не засталося пазнавальных у твар спартоўцаў (амаль усе знакамітасьці зʼехалі за мяжу ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў на выбарах і жорсткіх дзеянняў сілавікоў).

Прадстаўнікі «спартыўнай грамадскасці» ускладаюць кветкі на стэлы «Менск – горад-герой». 5 траўня 2023 года, Менск.
Фота: belta.by

Дзіўнавата выглядае сам факт таго, што ўвесь дзень 5 траўня адна за адной дэлегацыі розных дзяржаўных і калядзяржаўных структур ускладалі кветкі да звязаных з вайной помнікаў у Менску і іншых гарадах Беларусі, хаця раней яны рабілі гэта сінхронна непасрэдна 9 траўня. Выглядае ўсё гэта дзіўнавата, як і адсутнасць Лукашэнкі на ўрачыстым вечары з нагоды 9 траўня ў Менску, дзе з прамовай замест яго выступіў прэмʼер Раман Галоўчанка. Насцярожвае і ўсталяванне пашпартнага кантролю і праверкі аўтамабіляў на беларуска-расейскай мяжы, распачатае 5 траўня.

Прэмʼер Раман Галоўчанка выступіў замест Лукашэнкі на ўрачыстым вечары з нагоды 9 траўня. 5 траўня 2023 года, Менск.
Фота: belta.by

Пакінем без увагі ўрачысты канцэрт, які не пабачыў 5 траўня Лукашэнка, зазначыўшы толькі, што ў касцюмах удзельнікаў было за надта шмат чорнага колеру, нават сукеначкі маленькіх танцорак былі чорныя. Проста кінулася ў вочы. Але нельга прайсці міма конкурсу песні вайсковай пары «Я, мы – помним!», які правяла ў Жодзіне абʼяднаная арганізацыя «Беларускі саюз жанчын» Міністэрства прамысловасці. Па ўяўленні стваральнікаў гэтага дзеяння песні і танцы вайсковай пары трэба выконваць абавязкова босымі, ёсць у гэтым мабыць нейкі сімвалізм. Вядома, што апроч канцэрту ў Жодзіна адбыўся велапрабег на 20 км. Як кажуць, калі ўжо сабралі людзей на канцэрт, то выкарыстоўвайце іх напоўніцу.

Канцэрт «Я, мы помним!». 5 траўня 2023 года, Жодзіна.
Фота: belta.by

Па ўсёй Беларусі праходзяць і дзіўнаватыя віншаванні пажылых людзей з 9 траўня, арганізаваныя па адной схеме: пад вокнамі пажылога чалавека, які грае ролю ветерана, вайскоўцы і чыноўнікі пяюць савецкія песні пра вайну, граюць вайсковыя аркестры і маршыруюць салдаты.

Віншаванне 100-гадовага ветэрана ў Магілёве. 5 траўня 2023 года.
Фота: belta.by
Віншаванне ветэранкі ў Гомельскай вобласці. 5 траўня 2023 года.
Фота: belta.by
Віншаванне 100-гадова ветэрана ў Гомлі.
Фота: belta.by
Віншаванне ветэрана ў Віцебску. Афіцэры вітаюць рукой пад брыль чырвоны аўтамабіль «Масквіч».
Фота: belta.by

У Менску спелі вайсковую песню для разведчыка. Ён кажа, што беларускаму народу апроч вайны прыйшлося перажыць і шмат іншых бедаў.

Народная памяць пра вайну можа прымаць самыя нязвыклыя формы. У Менску на вуліцы Калініна мясцовая жыхарка Наталля Купрэвіч стварыла мемарыяльны кветнік ў памяць аб ветэранах вайны. На ім расце 113 відаў раслін.

Мемарыяльны кветнік у Менску.
Фота: belta.by

Больш маштабна ў сэнсе колькасці раслінаў да ўшанавання памяці аб ветэранах вайны падыйшлі ў Горадні, дзе ствараюць парк з розных відаў бэзу.

У Горадні ствараюць бэзавы парк ў памяць ветэранаў вайны.
Фота: belta.by

У Гарадзенскім парку збіраюцца высаджваць бэзавыя кусты кожны год. Да 2045 года, калі будуць святкавацца 100-я ўгодкі перамогі над фашызмам, тут будзе расці 149 кустоў бэзу 34 розных відаў.

Ну а 9 траўня па ўсёй Беларусі пройдуць мітынгі, канцэрты, будуць працаваць пляцоўкі вайсковай тэхнікі і паляны з салдацкай кашай. Усё завершыцца салютам.

Схема пляцовак святкавання 9 траўня ў Менску.
Фота: modmilby / Telegram

Праўда, для таго каб патрапіць на мерапрыемствы ў Менску трэба будзе прайсці абавязковы дагляд. Паводле звестак МУС, допуск на ўсе святочныя пляцоўкі будзе ажыццяўляцца  толькі праз пункты пропуска. Іх па сталіцы размесцяць больш за 100. Людзей і рэчы правераць на наяўнасць выбуховых прадметаў. Ці будуць правяраць смартфоны на наяўнасць падпісак на экстрэмісцкія рэсурсы, не паведамляецца.

Вакол месцаў пуску феерверкаў будуць створаны пляцоўкі бяспекі, ацэпленыя супрацоўнікамі міліцыі. У Менску раней былі інцыдэнты, калі ля сцэны гала-канцэрту ўзрываліся самаробныя бомбы ў пакетах з пад соку, а няякасныя феерверкі ўзрываліся ў момант пуску і ляцелі не туды, смяротна калечачы гледачоў. Таму трэба шмат разоў падумаць, перад тым як ісці на якое-небудзь масавае мерапрыемства, арганізаванае ўладамі: па-першае, могуць не пусціць, а па-другое, ёсць рызыка не вярнуцца.

Напрыканцы агляду трохі статыстыкі. Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі пражывае 1,5 тысячы ветэранаў ВАВ. Самым «маладым» удзельнікам той вайны зараз 95 гадоў. З нагоды 9 траўня дзяржава аказвае матэрыяльную дапамогу ветэранам і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Па стану на 4 мая дапамогу атрымалі каля 10 тысячаў чалавек на агульную суму Br 9,5 млн. Колькі грошай пайшло на канцэрты пад вокнамі, ніхто не палічыў.

Галоўным крытэрыем паспяховасці клопату аб ветэранах намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч назвала адсутнасць ад іх якіх бы то ні было просьбаў. Просьбаў няма – значыць і праблем няма, лічыць Ананіч.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў