Сахашчык: КДБ рыхтуе правакацыі на заходняй і паўднёвай межах Беларусі


Рэжым рыхтуе правакацыі на межах Беларусі, прызывае тысячы вайскоўцаў запасу, на якіх ладзяць сапраўднае паляванне, расце агульны ўзровень агрэсіі да суседніх краін. Аб гэтым «Белсату» расказаў Валер Сахашчык.

Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Валерый Сахашчык.
Фота: Белсат

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык паведаміў, што валодае інфармацыяй аб планах Аляксандра Лукашэнкі па далейшай мілітарызацыі сітуацыі ў краіне і павышэнню ўзроўню агрэсіі на краінаў-суседзяў.

Паводле звестак Сахашчыка, у дадзены момант у Берасцейскай вобласці «адбываюцца практычныя мерапрыемствы па закліку тысяч вайскоўцаў запасу для камплектавання злучэнняў і вайсковых частак і далейшага іх зладжвання. Пры гэтым задзейнічаюць дзяржаўныя і нават прыватныя прадпрыемствы, дзе ладзяць сапраўднае паляванне на беларусаў».

Сахашчык кажа, што рэжым рыхтуецца да правакацыйных дзеянняў на дзяржаўных межах Беларусі: «Вядома, што КДБ даўно распрацаваў план правакацыі на заходняй і паўднёвай мяжы, напрыклад, у сувязі з вясновым наступленнем ЗСУ або з правядзеннем саміту НАТА ў Вільні 11-12 ліпеня».

Каментуючы атрыманыя звесткі, прадстаўнік АПК адзначыў, што сітуацыя ў Берасцейскай вобласці наўпрост звязана з агульнай логікай, па якой дзейнічае рэжым Лукашэнкі, пачынаючы з 2020 года.

«Міжнародная ізаляцыя і нарастанне ўнутранага напружання прымушаюць Лукашэнку пастаянна павышаць узровень агрэсіі ў адносінах да нашых суседзяў. Ён увязваецца ў любую авантуру на заходняй мяжы і кожны раз пагражае, што, маўляў, калі зараз з ім не дамовяцца, то будзе яшчэ горш. Цяпер рэалізуецца чарговы этап гэтага плана. У сувязі з гэтым мы павінны разумець, што ад пагрозы агрэсіі да самой агрэсіі ўсяго адзін крок, таму ўсім нам трэба быць увесь час гатовымі да таго, што ў Лукашэнкі ў нейкі момант не вытрымаюць нервы ці яго проста пісьменна падштурхне да гэтага Расея», – сказаў Валер Сахашчык.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі лічыць, што для патрыётаў у Беларусі і па-за яе межамі адзінай правільнай рэакцыяй на такія нервовыя і правакацыйныя дзеянні рэжыму можа быць толькі рост гатовасці даць адказ агрэсіі.

«Мы, беларусы, атрымліваем інфармацыю пра планы Лукашэнкі. Суседнія краіны ўжо таксама разумеюць логіку агрэсара, якой кіруецца Лукашэнка. Адпаведна, расце наша гатовасць да адбіцця гэтай агрэсіі ў любой яе форме. У гэтым могуць удзельнічаць беларусы як па гэтым баку мяжы, так і на тэрыторыі, якую пакуль яшчэ кантралюе рэжым, – заявіў Сахашчык.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў