«Інсцэнізаванае відэа». «BELPOL» назваў фікцыяй кадры «спецаперацыі» ФСБ з забойствам беларуса


Арганізацыя «BELPOL» пракаментавала відэа ФСБ з, як сцвярджаецца, спробаю затрымаць беларуса Мікалая Аляксеева. «Ролік мае інсцэнізаваны характар», – адзначаецца ў заяве, атрыманай «Белсатам».

«Спецаперацыя» ФСБ з забойствам беларуса ў Карэліі. Скрыншот: ru2ch / Telegram

6 сакавіка ў Карэліі супрацоўнікі ФСБ застрэлілі беларуса Мікалая Аляксеева, які нібыта аказаў супраціў пры затрыманні. Мужчыну абвінавацілі ў рыхтаванні да тэракту: ён нібыта планаваў падарваць адміністрацыйны будынак у райцэнтры. Расейская спецслужба распаўсюдзіла відэа «спецаперацыі». Гэты ролік вывучыў «BELPOL».

«Відэа мае відавочна інсцэнізаваны характар. Мяркуем, відэа знятае ўжо пасля забойства Аляксеева, калі ён быў забіты насамрэч. Дзеянні супрацоўнікаў спецпадраздзялення ФСБ не адпавядаюць тактыцы захопу аб’ектаў, якія могуць быць узброеныя», – гаворыцца ў атрыманай «Белсатам» заяве арганізацыі.

У «BELPOL» адзначаюць, што ў такой сітуацыі больш рацыянальным і бяспечным для сілавікоў было б затрыманне падазраванага на двары, калі ён выхадзіў бы з будынку.

Мікалай Аляксееў.
Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»

«У выпадку штурму ўнутры будынку і блакавання «тэрарыста» ў адным з памяшканняў, што нібыта дэманструецца на відэа, звычайна выкарыстоўваюцца святлошумавыя гранаты, што дазваляе цалкам дэзарыентаваць аб’ект і захапіць яго жывым», – растлумачылі ў арганізацыі, падсумаваўшы: «Таму мяркуем, што гэты відэаролік – фікцыя».

У «BELPOL» звярнулі ўвагу, што Аляксееў спакойна працаваў вахтамі ў Расеі, пры гэтым сцвярджаецца, што мужчына быў у міждзяржаўным вышуку. Таксама выклікае пытанні версія пра вербаванне ўкраінскімі спецслужбамі і ў полк Каліноўскага: навошта чыніць тэракт у карэльскай глыбінцы, дзе са стратэгічных прадпрыемстваў – хлебазавод і малочны камбінат?

У аб’яднанні былых беларускіх сілавікоў таксама нагадалі, што расейская ФСБ «ужо шмат гадоў у мэтах «барацьбы з тэрарызмам» практыкуе затрыманне грамадзянаў, у тым ліку замежнікаў, без дакументальнага афармлення, затым іх катуюць і дамагаюцца прызнання ў нібыта ўчыненых злачынствах, а потым, праз некалькі дзён, ужо здымаюць ролікі з нібыта затрыманнем гэтых асобаў».

Hавiны
«Планаваў тэракт, вынятая бомба». ФСБ паказала відэа з забойствам беларуса ў Карэліі
2024.03.07 13:00

Былы супрацоўнік антытэрарыстычнага падраздзялення «Алмаз» Ігар Макар у каментары «Белсату» адзначыў, што відэа ФСБ усцяж складаецца з нарэзак і склейванняў:

«Затрыманне адбывалася па-за жылым масівам у закінутым будынку. Пагрозы інфраструктуры і жыццю грамадзянаў не было. Было б слушна і разумна блакаваць гэты аб’ект і прымусіць асобу здацца. Пры адмове маецца багата спосабаў зрабіць гэта прымусова, без ліквідацыі падазраванага. Толькі самагубства можа гэтаму перашкодзіць».

Абноўлена
Медыі паведамілі пра забойства ў Расеі актывіста з Беларусі. Яго застрэлілі супрацоўнікі ФСБ
2024.03.07 11:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў