Ці рыхтавацца Украіне да атакі з Беларусі? Словы Лукашэнкі пра СБУ каментуе ўкраінскі дэпутат


Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка абвінаваціў Службу бяспекі Украіны і Цэнтральнае выведнае ўпраўленне Злучаных Штатаў у правядзенні атакі на расейскі «лятучы радар» у Мачулішчах.

Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагародаў, падчас якой абвінаваціў СБУ і ЦРУ ў здарэнні ў Мачулішчах. Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, дыверсію рыхтавалі 6–8 месяцаў СБУ і кіраўніцтва ЦРУ, «тэрарыстам» выбралі завербаванага ў 2014 годзе расейца родам з Крывога Рогу, які жыў у Крыме, меў расейскі і ўкраінскі пашпарты. Гэты «тэрарыст», казаў Лукашэнка, быў або айцішнікам, або «добра разбіраўся ў IT-тэхналогіях» і спецыяльна рыхтаваўся да тэрарыстычных актаў, а ў час атакі «выкарыстоўваліся самыя высокія тэхналогіі». Лукашэнка сцвярджае, што «тэрарыста» затрымалі.

Атака на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах адбылася 26 лютага. Адказнасць за гэта ўзяла арганізацыя былых сілавікоў «ByPol». Улады Беларусі заяўлялі, што самалёт, які каардынаваў ракетныя атакі на Украіну, не пацярпеў. Аднак праз некалькі дзён ён паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог. Таксама ў Менскім раёне прайшлі масавыя адвольныя затрыманні.

Раней кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў казаў «Белсату», што дыверсію ў Мачулішчах зладзілі пры дапамозе дронаў беларускія партызаны – удзельнікі плану «Перамога». Яны, паводле Азарава, адразу з’ехалі з краіны і цяпер у бяспецы. Акцыя рыхтавалася некалькі месяцаў.

СБУ сапраўды магла б так зрабіць?

Аляксей Ганчарэнка.
Фота: ГОНЧАРЕНКО / Telegram

Служба бяспекі Украіны раней не каментавала здарэння і не брала на сябе адказнасці, адмовілася каментаваць і цяпер. А калі ўкраінскія медыі публікавалі відэа атакі, то заяўлялі, што кадры атрымалі ад СБУ, а тым відэа перадалі беларускія партызаны.

«Белсат» звярнуўся па каментар да Аляксея Ганчарэнкі – дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, ініцыятара і кіраўніка міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь». Ён падкрэсліў, што не ёсць прадстаўніком СБУ, і сказаў, што паводле ягоных звестак, атаку праводзілі беларускія партызаны. На пагрозы і заявы Лукашэнкі ён заклікаў не рэагаваць.

«Не трэба наогул звяртаць на Лукашэнку ўвагі! – заклікае Ганчарэнка. – Усе, якія магчыма, атакі супраць Украіны – Лукашэнка ў іх дапамагае, як марыянеткавы да Пуціна рэжым увесь час».

Ганчарэнка дадаў, што Лукашэнка настолькі ж вінаваты ў вайне ва Украіне, як Уладзімір Пуцін, і ставіцца да Лукашэнкі і Пуціна трэба аднолькава.

Каментар
Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах
2023.03.03 16:38

Лукашэнка пагражаў адказаць на агрэсію

Лукашэнка раней неаднаразова пагражаў адказам на атакі з боку Украіны, у нападзе на якую ён саўдзельнічаў, – даў Расеі тэрыторыю і паветраную прастору для атакі, прапаноўвае расейскім вайскоўцам лекаванне і абслугоўванне тэхнікі. Напрыклад, 16 лютага 2023 года Лукашэнка заяўляў:

«Я гатовы разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны ўчыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар».

Але на гэты раз Лукашэнка не пагражаў адказам, ды і пра само здарэнне расказаў між іншага, падчас раздачы дзяржаўных узнагародаў. І пасля аповеду пра «тэрарыста» вярнуўся да віншаванняў і ўзнагароджвання.

Што калі гэта нагода для новага нападу?

Пасля таго, як Расея прайграла бітву за Кіеў і адвяла войскі з поўначы Украіны, не перастаюць хадзіць чуткі пра магчымы новы напад з боку Беларусі, нават пра патэнцыйны ўдзел беларускіх войскаў у такім нападзе. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны на момант публікацыі не бачыць  на паўночных кірунках фармавання наступальных груповак, выведкі саюзнікаў Украіны, і заходнія ваенныя эксперты таксама не прагназуюць нападу з Беларусі ў найбліжэйшы час.

Ды ўсё ж ці можа заява Лукашэнкі значыць, што знойдзеная нагода для вайны, casus belli? Ганчарэнка адказвае: не патрэбна ніякіх нагодаў для атакі.

«Ёсць толькі адна прычына, з якой Пуцін не атакуе Украіну з Беларусі, гэта зусім не Лукашэнка і не адсутнасць нагоды, – кажа ён. – А прычына гэтая ў тым, што Пуцін не ўпэўнены, што беларуская армія выканае загад атакаваць Украіну.

І ўсё ж беларускае грамадства больш вольнае, тры гады таму прадэманстравала спробу рэвалюцыі, спрабавала прыбраць лукашэнкаўскі рэжым. Таму Пуцін баіцца такі загад даць».

Так ці іначай, украінскія вайскоўцы і памежнікі не выключалі нападу: узмацняюць і мінуюць мяжу і трымаюць там пэўныя сілы, праводзяць вучэнні. Мяжу з Беларуссю ўмацоўваюць плотам таксама Польшча, Літва і Латвія.

Hавiны
У Ровенскай вобласці будуюць другую лінію супрацьтанкавых рвоў уздоўж мяжы з Беларуссю
2023.03.03 22:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў