Польшча пачала «прэвентыўна» ўмацоўваць межы з Беларуссю і Расеяй


За дзень да гадавіны расейскага нападу на Украіну Польшча паказала новыя ўмацаванні пад межамі з Беларуссю і Расеяй – такія ўжо ёсць на ўкраінска-беларускай мяжы.

Новыя супрацьтанкавыя рагачы на мяжы з Расеяй. Польшча. 23 лютага 2023 года.
Фота: Mariusz Błaszczak / Twitter

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак 23 лютага паказаў у Twitter новыя ўмацаванні на межах з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі: металёвыя і бетонныя супрацьтанкавыя рагачы на дарогах перад памежнымі пераходамі. Міністр назваў гэта «прэвентыўнай разбудовай сродкаў бяспекі», «элементам нашай стратэгіі абароны і стрымлівання».

Як згадвае польскае радыё «RMF24», ад пачатку лістападу мінулага года польскія вайскоўцы ставілі на мяжы з Расеяй часовыя агароджы з калючага дроту, а ў пачатку лютага 2023-га Памежная служба анансавала будаўніцтва на мяжы з Калінінградскай вобласцю «электроннага бар’еру» – сістэмы датчыкаў і камераў для маніторынгу мяжы пры любым надвор’і, якая ўжо стаіць на ўчастках польска-беларускай мяжы.

Польшча пачала ўмацоўваць мяжу з Беларуссю яшчэ восенню 2021 года праз міграцыйны крызіс, штучна створаны беларускімі ўладамі (а той крызіс працягваецца дагэтуль). На некаторых участках нават паставілі 5-метровы плот – мігранты нават прарываліся праз калючы дрот пры дапамозе беларускіх памежнікаў. З гэтай жа прычыны ўмацаванне мяжы з Беларуссю пачала Літва – плот на мяжы з Расеяй яна будавала яшчэ пяць гадоў таму. А яшчэ раней плот на мяжы з Беларуссю пачала будаваць Латвія. Яшчэ больш магутныя ўмацаванні на мяжы з Беларуссю будуе Украіна.

Новыя супрацьтанкавыя рагачы на мяжы Польшчы. 23 лютага 2023 года.
Фота: Mariusz Błaszczak / Twitter

Фота новых умацаванняў на беларуска-польскай мяжы з’явіліся за дзень да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой Беларусь выступіла суагрэсарам – у тым ліку дала сваю тэрыторыю для расейскага нападу. Два дні таму ў Варшаву з Кіева прыехаў прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн – разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам яны шмат казалі пра бяспеку Польшчы і Еўропы на тле вайны ва Украіне. Праз гэтую вайну Польшча збіраецца выдаткаваць на абарону 4 % валавага ўнутранага прадукту – гэта вельмі шмат па сусветных мерках і ўдвая больш за стандарт NATO.

Польска-беларуская мяжа паступова закрываецца: спачатку праз пандэмію каронавірусу, потым праз міграцыйны крызіс спынялі працу памежныя пераходы. Пасля нядаўняга закрыцця пераходу «Баброўнікі – Бераставіца» апошнім адкрытым застаўся пераход у Берасці – і там Беларусь і Польшча ўзаемна забаранілі рух грузавікоў.

Мяжу Польшчы і Літвы, што між Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі, называюць «сувалкаўскім калідорам» і магчымым месцам атакі Расеі.

Каментар
«Дабівае тых, хто застаўся». Жалезная заслона на мяжы і спрэчкі беларусаў у сацсетках
2023.02.15 19:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў