Што з чэргамі на межах Беларусі – і дзе праз межы яшчэ пускаюць. Мапы


Гіганцкі затор цяжкавікоў пад Берасцем з боку Польшчы і вялізны затор на беларускім баку мяжы, вялікія чэргі між Мядзінінкаем і Каменным Логам – такая сітуацыя на заходніх межах Беларусі, якія становяцца ўсё больш закрытымі.

Чарга да пераходу «Кукурыкі – Казловічы», Польшча. 21 лютага 2023 года. Відэа: Белсат

Усход адкрыты, поўдзень закрыты

Беларуска-расейская мяжа фактычна адкрытая і для беларусаў, і для расейцаў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Расеі нават абяцалі прапускаць украінскіх грамадзянаў праз асобныя пункты пропуску на гэтай мяжы.

Беларуска-ўкраінская ж мяжа фактычна закрытая пасля таго, як 24 лютага 2022 года расейскія войскі напалі на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Толькі адзін пераход, «Макраны – Даманава» працуе выключна для вяртання грамадзянаў Украіны з Беларусі.

Дзе адкрытыя і закрытыя памежныя пераходы. Інтэрактыўная мапа

Апошнія паўтары дарогі ў Польшчу

Беларуска-польская мяжа закрывалася паступова. Некаторыя пераходы закрывалі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Пераход «Кузніца – Брузгі» польскія ўлады закрылі восенню 2021 года – пасля штучна створанага ўладамі Беларусі міграцыйнага крызісу і спробаў штурму мяжы мігрантамі пад кантролем сілавікоў з Беларусі. Пераход «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі 10 лютага 2023 года – афіцыйна «з прычынаў бяспекі».

Пераход для грузаў «Кукурыкі – Казловічы» ўлады Беларусі і Польшчы пакідаюць фармальна адкрытым, але Польшча абмежавала рух беларускіх цяжкавікоў, а Беларусь – польскіх.

Нягледзячы на гэта, перад пераходам утварыліся чэргі з абодвух бакоў. Паводле звестак беларускага боку, пад Казловічамі на выезд у Польшчу стаяць тры сотні цяжкавікоў. З польскага боку – чарга на дзве тысячы цяжкавікоў расцягнулася на дзясяткі кіламетраў. Паводле польскага боку, час чакання там – ад 40 да 72 гадзінаў (на момант публікацыі – 57 гадзінаў).

Як перадае карэспандэнт «Белсату», з польскага боку чарга цяжкавікоў пачынаецца яшчэ за Белай Падляскай, за 8 км ад мяжы становіцца шчыльнай, у два шэрагі. У чарзе стаяць цяжкавікі ў тым ліку з Польшчы (імаверна, чакаюць змены рашэння беларускага боку або парадаў начальства), а таксама з Беларусі, краінаў Еўразвязу, нават Сербіі і Грузіі. Нейкіх адмысловых пунктаў абагрэву няма – пагрэцца можна ці ў аўтах, ці ў прыдарожных кавярнях.

«Берасце – Тэрэспаль» – апошні пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы, які працуе паўнавартасна. Але ён прапускае толькі легкавыя аўтамабілі і аўтобусы. На момант публікацыі з польскага боку там практычна няма чаргі, а з беларускага – каля 160 машынаў чакаюць выезду.

Чэргі на мяжы: што цяпер і дзе глядзець актуальныя

Чэргі на межах Беларусі, стан на поўдзень 21 лютага 2023 года. Выява: Белсат

Актуальныя афіцыйныя звесткі пра чэргі:

Літва і Латвія пакуль адкрытыя

Між Беларуссю і Латвіяй адкрытыя два аўтамабільныя пункты пропуску, у абодвух чэргі нязначныя. Між Беларуссю і Літвой – шэсць аўтамабільных пунктаў пропуску, адзін з якіх («Відзы – Твярачус») можна пераходзіць нават пешкі. На бальшыні пунктаў пропуску чэргаў няма або яны нязначныя, хіба «Каменны Лог – Мядзінінкай» на момант публікацыі быў даволі нагружаным: 110 цяжкавікоў чакалі з літоўскага боку, 80 цяжкавікоў і 20 легкавікоў – з беларускага.

Літва закрыла адзін з двух чыгуначных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю – «Стасілас – Беняконі», але гэта быў грузавы пункт пропуску, а пасажырскія цягнікі з Беларусі праз заходнія межы і так не ходзяць з пачатку пандэміі.

Каментар
«Дабівае тых, хто застаўся». Жалезная заслона на мяжы і спрэчкі беларусаў у сацсетках
2023.02.15 19:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў