Суд над выкладчыцай Наталляй Дулінай і здзекі ў наваполацкай калоніі. Рэпрэсіі за 7 лютага


Улады Беларусі працягваюць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу 7 лютага.

У Менскім абласным судзе 7 лютага пачалі судзіць чальца Каардынацыйнай рады і былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну, якая падтрымала забастоўку і пратэсты студэнтаў. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК. Суд над Наталляй зрабілі закрытым.

Наталля Дуліна падчас акцыі ў падтрымку студэнтаў і выкладчыкаў.
Фота: Белсат

Расяянку і былую супрацоўніцу «Белагра» Кацярыну Якаўлеву асудзілі за ўдзел у пратэстах паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя прызначыла Кацярыне адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яна была затрымана пасля вобшукаў у арганізацыі 29 верасня 2022 года.

Сілавікі апазналі мужчыну па фотаздымках з пратэстаў – яго судзілі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК. Нібыта ён некалькі разоў удзельнічаў у менскіх акцыях пратэсту і выходзіў на праезджую частку. У выніку Дзмітрыю Бурагу прызначылі тры «хатняй хіміі».

У Менску былога студэнта ЕГУ Юрыя Хрысталюбава асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі» за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць гармадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Пасля затрымання хлопца сілавікі сцвярджалі, што з Юрыем у 2020 годзе нібыта звязваліся спецслужбы Літвы і прапаноўвалі грошы за ўдзел у пратэстах.

Юрый Хрысталюбаў. Крыніца: prisoners.spring96.org

Стала вядома, што баранавіцкі актывіст Мікалай Чарнавус-малодшы затрыманы па крымінальнай справе, але якой – невядома. Яго пасля трох содняў не адпусцілі, бо адміністрацыйная справа перацякла ў крымінальную. Летам 2021 Мікалая арыштоўвалі на тры дні, а затым пакаралі штрафам у 20 базавых. Мікалая 2 лютага затрымлівала 10 міліцыянтаў, якія правялі дома вобшук.

Журналіст Дзяніс Івашын патрапіў у шпіталь пасля этапавання з Горадні ў магілёўскую калонію. У яго ўзнялася высокая тэмпература – да 39 градусаў, таму замест каранціну яго адправілі ў шпіталь.

«Каранціну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь. Адчуваў сябе надта кепска, нават не мог нам пісаць», – паведамляюць аўтары тэлеграм-каналу «Дзяніс Івашын».

Летась у верасні Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Hавiны
«Усё гэта пекла, што тут адбываецца». Былы палітвязень распавёў, як здзекуюцца ў наваполацкай калоніі
2023.02.07 18:08

Сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Леанюка, якога абвінавачваюць у «распальванні варожасці да рускіх». З ім запісалі «пакаяннае» відэа, на якім ён кажа, што нібыта пакідаў каментары ў тэлеграме. Сцвярджаецца, што супраць мужчыны заведзеная крымінальная справа па арт.130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці».

Праваабаронцы «Вясны» прыводзяць статыстыку рэпрэсіяў за студзень. Так, па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 50 чалавек, з якіх 13 жанчын і 37 мужчын. Ім агулам прысудзілі:

  • 111 гадоў і 7 месяцаў пазбаўлення волі;
  • 4 гады і 6 месяцаў «хіміі»;
  • 31 год і 3 месяцы «хатняй хіміі»;
  • 82 510 рублёў штрафаў;
  • 9 месяцаў арышту;
  • 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады ў органах унутраных спраў.

Па «пратэсных» крымінальных справах у студзені суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65% выпадкаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў