Ва ўсім свеце неабыякавыя да сітуацыі ў Беларусі людзі выказваюць сваё падтрыманне і салідарнасць самым розным чынам!
«Стояла дзевчына» – першы кліп на беларускай мове, зняты ў Ізраілі пры падтрыманні суполкі «Беларусы ў Ізраілі». Прэм’ера адбылася падчас онлайн-канферэнцыі салідарнасці пры ўдзеле С. Ціханоўскай, П. Латушкі, а таксама вядомых палітыкаў з еўрапейскіх краінаў.
Сюжэт кліпу аб’ядноўвае жаданне падтрымаць жанчын Беларусі, раскрыць праз творчасць энергію мірнага пратэсту, паказаць свету жаночую сілу і прыгажосць.
У суботу 6 лютага беларусы Бостану далучыліся да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю і прымеркавалі сваю акцыю да дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША.
Спецыяльна да гэтай падзеі сенатар ад штату Масачусэтс Эд Маркі даслаў беларусам Бостану ліст, у якім ён выказаў салідарнасць з нашымі адважнымі суайчыннiкамі, якія змагаюцца за свабоду слова, вольныя выбары і правы чалавека.
Сустрэча прайшла вельмі насычана: быў і даклад пра Тадэвуша Касцюшку, сімвалічна прачытаны каля ягонага помніка, і марш па цэнтры Бостану з барабанам і 10-метровым сцягам, і выступ амерыканца, продкі якога родам з Беларусі. Напрыканцы акцыі беларусы Бостану прабеглі ва ўсю моц марафон свабоды 23.34.
«Мы хочам, каб людзі ў Беларусі ведалі, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе за свабоду і справядлівасць. Мы разам з імі кожны дзень!»
МГ belsat.eu