«У нас сітуацыя чорна-белая». Жонка Бяляцкага выступіла на Сусветным форуме за дэмакратыю


Сусветны форум за дэмакратыю штогод ладзіць у французскім Страсбуры Рада Еўропы. На сёлетнім форуме 6 лістапада выступіла Наталля Пінчук – жонка лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і палітвязня Алеся Бяляцкага.

Форум трывае з 6 да 8 лістапада. На ім ладзяць выступы і дэбаты з удзелам грамадзянскай супольнасці, палітыкаў, навукоўцаў, бізнесоўцаў і медыяў не толькі з Еўропы, а з усяго свету.

Галоўную тэму сёлетняга форуму акрэслілі так: «Дэмакратыя = мір?» Наталля Пінчук пачала прамову з таго, што ёй адказаць на такое пытанне нескладана: так, знак роўнасці можна ставіць, бо дэмакратычны свет трымаецца на каштоўнасцях свабоды і шчасця людзей. Прынамсі, у еўрапейскім рэгіёне войны і агрэсію ініцыююць не дэмакратычныя краіны, а таталітарныя краіны.

«Найноўшая гісторыя маёй краіны дае ясны адказ на гэтае пытанне, – казала Пінчук, разважаючы над пытаннем «Дэмакратыя = мір?». – У нас сітуацыя чорна-белая: абсалютна ясна, дзе бок зла, а дзе бок дабра. Сёння дыктатар Лукашэнка, растаптаўшы парасткі свабоды, стаў саўдзельнікам Пуціна ў ваенных злачынствах супраць Украіны і яе народу».

За 29 гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі знішчыў дэмакратыю, зрабіў Беларусь плацдармам для расейскай агрэсіі і ўпусціў у краіну расейскую ядравую зброю, працягнула яна. На другім баку – беларускае грамадства, якое не хоча быць часткай Расейскай імперыі Уладзіміра Пуціна і ваяваць за яе.

На думку Пінчук, гэта галоўная прычына таго, што Лукашэнка не асмеліўся адправіць беларускае войска на тэрыторыю Украіны.

«Калі б у 2020 годзе свет не пакінуў нас сам-насам з дыктатарам, за спінай якога стаяў Пуцін, то Беларусь без дыктатуры не стала б зямлёй, з якой пачынаўся расейскі напад на Кіеў і адкуль ляцелі смертаносныя ракеты на нашую добрую суседку – Украіну», – лічыць Пінчук.

Яна адзначыла, што з выбараў-2020 знішчэнне Лукашэнкам свабоды беларусаў і беларускай ідэнтычнасці «набыло выразныя рысы вайны з беларускім народам».

Яна нагадала пра забойства людзей на мірных пратэстах і давядзенне да смерці палітвязняў у месцах зняволення, а таксама пра дзясяткі тысячаў, калі не сотні тысячаў пацярпелых ад рэпрэсіяў.

«Так Беларусь робяць тэрыторыяй без народу, плацдармам для наступных чужых агрэсіўных планаў», – сказала Пінчук.

Муж Наталлі Пінчук Алесь Бяляцкі – праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. За актыўную пазіцыю і праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага судзілі больш за 20 разоў: спачатку ў БССР, а потым і ў сучаснай Беларусі.

У ліпені 2021 года Алесь Бяляцкі і іншыя праваабаронцы і валанцёры «Вясны» былі затрыманыя падчас разгрому ў Беларусі недзяржаўных арганізацыяў. Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за кантрабанду і фінансаванне «групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак». А «Вясну» ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем» – паводле Пінчук, гэта значыць, што Лукашэнка лічыць экстрэмізмам абарону правоў чалавека.

У траўні 2023 года кіраўнік «Вясны» быў этапаваны ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Гэтая калонія, нагадала Пінчук, мае нядобрую славу, бо там зняволеныя, асабліва паводле палітычных артыкулаў, зазнаюць сапраўдныя катаванні. Па словах Пінчук, у той калоніі Бяляцкага два тыдні таму з надуманых прычынаў змясцілі ў на больш жорсткі рэжым – у так званую крытую турму. Працяглы час да Бяляцкага не пускаюць да яго адваката.

Дамагацца вызвалення палітвязняў, рэзюмавала Пінчук, значыць дамагацца свабоды і міру для Беларусі, Украіны, рэгіёну і свету агулам, бо «свабода – гэта мір».

Hавiны
Наталля Пінчук заклікала «зрабіць немагчымым лёгкае існаванне» рэжыму Лукашэнкі
2023.05.24 13:34

Аліса Ганчар, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў