Беларуса затрымалі на ўкраінскай мяжы на запыт Інтэрполу, але адмовіліся экстрадаваць


На пункце пропуску «Рава-Руская», што ва Львоўскай вобласці Украіны на мяжы з Польшчаю, 31 кастрычніка затрымалі грамадзяніна Беларусі, на якога Інтэрпол выдаў «чырвоную картку», але суд пастанавіў не экстрадаваць беларуса на радзіму, расказвае радыё «Свабода».

Польска-украінская мяжа
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-ўкраінская мяжа. 7 ліпеня 2018 года.
Фота: Jiří Komárek / Wikimedia

Імя чалавека не называюць, але вядома, што гэта грамадзянін Беларусі родам з Пружанаў, які ехаў з Польшчы ва Украіну з польскім падарожным дакументам. Але праз «чырвоную картку» Інтэрполу (запыт на арышт асобы перад экстрадыцыяй, не роўны міжнароднаму вышуку) на яго склалі адпаведны пратакол, пракуратура Львоўскай вобласці звярнулася ў суд па экстрадыцыйны арышт.

Суд адмовіў, бо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне «ў дачыненнях з Беларуссю немагчыма выконваць міжнародныя пагадненні ў пытаннях прававой супрацы ў цывільных і крымінальных справах, у тым ліку з адпаведнымі органамі Рэспублікі Беларусь аб экстрадыцыі асобы», ды і любыя дыпламатычныя кантакты спыненыя. Судовае рашэнне яшчэ могуць абскардзіць у апеляцыйным парадку.

На момант публікацыі ў базе «чырвоных картак» Інтэрполу не было чалавека, які падыходзіў бы пад гэтае апісанне (грамадзянін Беларусі або нарадзінец Пружанаў), таксама адпаведнага чалавека не знайшлося ў ранейшых запісах Інтэрполу, дасяжных ва «Ўэб-архіве». Запытаў ад Беларусі ў той базе наогул няма. Магчыма, запыт быў у нейкіх даўніх версіях базы Інтэрполу.

Паводле радыё «Свабода», Беларусь абвясціла гэтага чалавека ў міжнародны вышук за «махлярства ў асабліва буйным памеры». Пры гэтым улады Беларусі выкарыстоўваюць запыты на міжнародны вышук супраць палітычных апанентаў, а крымінальны артыкул за махлярства часам прыпісваюць палітвязням (напрыклад, Дзмітрыю Стрыжаку, Уладзіславу Савіну, Сцяпану Латыпаву і Уладзіміру Дудараву).

Гісторыі
Беларус Юрый Зайцаў расказаў, як украінскія пракуроры хацелі звольніць яго з ЗСУ, каб перадаць Беларусі
2023.07.29 10:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў