Міністр абароны Румыніі Анджэл Тылвэр пацвердзіў, што часткі расейскага беспілотніка ўпалі на тэрыторыі краіны пасля таго, як дрон нацэліўся на ўкраінскі порт. Аб гэтым ён сказаў у каментары CNN.
Абломкі расейскага беспілотніка знайшлі ў ваколіцах вёскі Плаўру на румынскім беразе Дунаю. Яны не ўяўляюць небяспекі.
«Я пацвярджаю, што ў гэтай мясціне выявілі фрагменты, якія могуць быць часткамі дрона», – заявіў міністр абароны Румыніі.
Паводле словаў Анджэла Тылвэра, у краіне будуць узмоцненыя захады бяспекі:
«Відаць, што за даволі кароткі прамежак часу была серыя нападаў, якія Расея здзейсніла на ўкраінскія парты і склады, таму я лічу важным узмацніць захады бяспекі. У нас будзе больш назіральных пунктаў, больш патрулёў, і пры гэтым нашае абсталяванне, якое тэхнічна можа ахапіць тэрыторыю, працягвае працаваць і заставацца ў стане павышанай увагі».
Раней Міністэрства абароны Румыніі зняпраўджвала інфармацыю, што часткі расейскага беспілотніка ўпалі на румынскай тэрыторыі. А прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс сцвярджаў, што «ні адна частка беспілотніка ці іншыя часткі любой прылады» не дасягнулі межаў краіны.
Нагадаем: у ноч на 4 верасня Расея атакавала партовую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці. Тады Міністэрства замежных справаў Украіны сцвярджала, што расейскія дроны ўпалі і здэтанавалі на тэрыторыі Румыніі.
Алена Рувіна belsat.eu