«Апынуцца ў гэтым спісе – гонар для мяне»: музыкі і журналісты пра спіс «здраднікаў»


У рукі «Белсату» трапіў ліст, які цяпер рассылаецца ў медыйныя і культурныя агенцтвы з просьбаю не прымаць на працу так званых «здраднікаў» – людзей, якія нейкім чынам выказалі сваю пазіцыю ў час паслявыбарчых падзеяў. Імаверна, спіс даволі свежы – у прыватнасці, туды ўжо паспелі дадаць Крысціну Ціманоўскую. Апроч спартоўцаў і музыкаў у спісе таксама былыя супрацоўнікі дзяржаўных медыяў. Разам некалькі соцень чалавек.

Мы распыталі, што думаюць пра гэткія спісы тыя, хто туды трапіў, а таксама як гэта паўплывае на іхную творчасць і працу.

Музыка Павал Аракелян. Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Музыка Павел Аракелян кажа, што нічога новага ва ўзнікненні спісаў «здраднікаў» не бачыць – чорныя спісы музыкаў існуюць даўно.

«Аб існаванні такіх спісаў я даведаўся ў 2006 годзе, з 2010-га ў складзе гурта «Крамбамбуля» заставаўся ў такім спісе. Будзем шчырымі, кожны чалавек, які застаецца ў Беларусі на бягучы момант, застрашаны. Гэта толькі адна з мераў, да якой, у прынцыпе, амаль што ўсе з нас былі гатовыя (не кажучы нават пра тое, што значная колькасць удзельнікаў спісу ўжо за мяжою, і на іх гэта ніяк не ўплывае). Гэта досыць моцна ўплывае на працу, прычым значная частка прыватных працадаўцаў таксама з-за самацэнзуры адмаўляюцца ад працы. Што датычыць асабіста мяне, я ўжо не працую амаль год, таксама год не займаюся аніякай творчасцю (бо публічныя канцэрты забароненыя таксама) і вымушаны прадаваць інструменты, каб на штосьці існаваць. Але ў мяне няма жонкі, крэдытаў, дзетак – як выжываюць астатнія, я нават не ўяўляю. Хацелася б зʼехаць, каб паспрабаваць узнавіць форму і хоць часова папрацаваць, але зʼехаць вельмі цяжка, асабліва калі для рэлакантаў нашай прафесіі нейкая дапамога з-за мяжы адсутнічае як зʼява», – кажа Аракелян.

Артыкулы
«Я магу быць карысным проста тым, што не з’еду, а застануся дома» – вялікая гутарка з Паўлам Аракелянам
2021.03.17 12:06

Некаторыя, хто знайшоў свае прозвішчы ў забароненым спісе, пачуваюцца разгублена і не маюць пакуль ніякіх планаў на будучыню.

«Я ведала, што і так існуюць спісы. Цяпер проста можна яго пабачыць на свае вочы. Для мяне гэта не сакрэт, – кажа акторка Крысціна Дробыш. – Я не спрабавала ўладкоўвацца ў дзяржаўныя ўстановы. Але, думаю, што і без спісаў мяне не асабліва захацелі б браць, каб не рызыкаваць. Што будзе далей, не ведаю. Будучыня пакажа».

Гурты NaviBand і VAL разам з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук.
Фота: by_culture / Telegram

Гурт «Наві» лічыць, што спісы такога кшталту толькі дадаюць каштоўнасці тым, каго туды занеслі:

«Адзінае, чаго ўлады не змогуць забараніць, – слухаць музыку, якую людзі хочуць слухаць. Так, можна забараніць канцэрты, забараніць спяваць, але гэта будзе рабіць такі прадукт яшчэ больш каштоўным. Мне шкада гэтых трох адсоткаў артыстаў, якія засталіся і не трапілі ў гэты спіс: колькі ж мерапрыемстваў іх чакае ў бліжэйшы час. Але насамрэч у гэтым спісе, напэўна, амаль усе артысты, якія існуюць у нашай краіне. І з боку афіцыйных уладаў і прадстаўнікоў культуры проста незаконна – дасылаць такія спісы і прасіць, альбо патрабаваць, не запрашаць, зрабіўшы выгляд, што гэтыя артысты не запатрабаваныя. Хочацца падкрэсліць, што мы толькі ўпэўніліся яшчэ больш у тым, што ўсё робім правільна. І жыве Беларусь, і жыве беларуская культура, і яна будзе жыць, і нават добра і прыемна быць у спісе з такімі цудоўнымі і яскравымі асобамі. Таму ўсё будзе добра, а гэта ніяк нас не здзіўляе, а толькі выклікае ўсмешку».

Былыя супрацоўнікі СТВ таксама ўспрынялі навіну пра новы статус асобаў нон-грата з гонарам і задавальненнем:

«Як мы ўсе ведаем, пераслед за палітычныя погляды супярэчыць нашай Канстытуцыі. Гэта ганебна, нізка, і яшчэ адзін цвік у вечку труны ўладаў. Ну а наогул мне вельмі прыемна трапіць у адзін спіс з Маргарытай Ляўчук і гуртом «Brutto». Гэта тое, што можна з гонарам распавядаць сябрам, а калісьці можна будзе і ўнукам».

«З пачуццём глыбокага задавальнення ўспрыняў тое, што трапіў у спіс. Абавязваюся працягнуць сваю дзейнасць у барацьбе з нелегітымным «прэзідэнтам», а супрацоўнікам СТВ Пуставому і Азаронку збіраюся падчас сустрэчы перадаць «зарад бадзёрасці»!»

Кацярына Ваданосава – паэтка, музыка і выканаўца сваіх песень, выкладчыца беларускай літаратуры і гісторыю Беларусі. Таксама Кацярына робіць беларускія народныя строі.
Фота: асабісты архіў Кацярыны

Музыка і былая аўтарка праграмы «Жывая культура» на «Беларусь 3» Кацярына Ваданосава кажа, што пра спіс даведалася ад цымбалісткі свайго гурта, якая спытала, чаму Кацярына ў спісах, датычных Белтэлерадыёкампаніі, а не музыкаў.

«У цэлым адчуванні вельмі добрыя, бо апынуцца ў гэтым спісе – гонар для мяне. З дапамогаю менавіта такіх захадаў застрашыць людзей можна толькі тады, калі яны ўжо застрашаныя, альбо калі яны не зусім адэкватна ўспрымаюць сітуацыю, што разгортваецца вакол нас. Я ўжо сваё адплакала, адбаялася і адстрашылася. Проста прайшоў пункт гэтага невяртання, калі мне даводзілася з дзецьмі не начаваць дома і баяцца кожнага руху, не падымаць незнаёмых нумароў. Таму асабіста мяне ў творчым плане гэта вельмі стымулюе. Бо апошнія гады былі вельмі цяжкія, вельмі змрочныя – у мяне не нараджалася нічога. І ў прынцыпе цяпер таксама гэта ўсё працягваецца, але канкрэтна гэтая сённяшняя падзея пераключыла нейкі тумблер унутры, і я зразумела, што напэўна варта варушыцца, а то я неяк зусім апусцілася ў творчым плане. І ўся гэтая сітуацыя выпрацавала ў нас пэўны навык – яна навучыла нас жыць адным днём, калі ты спадзяешся толькі на сябе і толькі на канкрэтна гэты момант», – распавяла Кацярына.

Артыкулы
«Адбыўся ўздым беларускай нацыянальнай культуры». Як спявачка Кацярына Ваданосава стварае беларускія народныя строі
2021.07.22 13:34

На хвалі пратэстаў летась у дзяржаўных інстытутах прайшлі масавыя звальненні, на знак пратэсту сыходзілі акторы Купалаўскага тэатру, журналісты Белтэлерадыёкампаніі ды іншыя. Цягам апошніх дзён стала вядома, што ў Беларусь не вернуцца спартоўкі Крысціна Ціманоўская і Яна Максімава.

Інтэрв’ю
«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам
2020.08.31 09:57
Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02

МД belsat.eu

Стужка навінаў