Крымская пастка для Лукашэнкі

Масква хоча канчаткова дабіць стасункі рэжыму з Захадам і падрыхтаваць да «глыбокай інтэграцыі».

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расея чакае прэзідэнта Беларусі ў Крыме. А калі штосьці кажа Пяскоў, значыць, гэта кажа Пуцін. Мае маскоўскія суразмоўцы мяркуюць, што Аляксандр Лукашэнка, магчыма, ужо атрымаў афіцыйнае запрашэнне на адарваны ад Украіны паўвостраў. І нагода ёсць: Дзень ваенна-марскога флоту, які сёлета Расея адзначыць 25 ліпеня. Пуцін традыцыйна прыме парад у Севастопалі. Калі побач стане Лукашэнка, гэта будзе пераломны дзень у гісторыі Беларусі.

Па-першае, гэта будзе азначаць прызнанне расейскай акупацыі Крыму і паставіць крыж на дачыненнях з Украінай. А менавіта Кіеў мог быць добрым пасярэднікам паміж Менскам і Захадам у выпадку, калі б Лукашэнка ўсё ж такі надумаў ратаваць сітуацыю і зрабіў крок назад.

Па-другое, украінскія ўлады будуць дамагацца чарговых санкцыяў Захаду супраць Менску за парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а менавіта ў такім ключы ўспрымецца ягоны візіт у Крым. Лукашэнка, як пасля самалёта з Пратасевічам, ізноў апынецца ў цэнтры ўвагі Вашынгтону і Бруселю, ізноў будуць балючыя рашэнні.

Пуцін і Лукашэнка. Калаж з фота: Russian Presidential Press and I / TASS / Forum

Па-трэцяе, гэта можа азначаць канец экспарту ва Украіну беларускага паліва ды іншых тавараў, а сёння Украіна застаецца галоўным імпарцёрам нафтапрадуктаў, пасля таго як да заходніх санкцыяў далучылася Брытанія. Спрашчаючы, Лукашэнка губляе ў такім выпадку некалькі мільярдаў долараў за год, і гэта вельмі шмат у сённяшняй эканамічнай сітуацыі.

Пра тое, як жывецца ў варунках поўнай дыпламатычнай і эканамічнай ізаляцыі, Лукашэнку ў Крыме распавядзе Сяргей Аксёнаў, кіраўнік расейскай адміністрацыі паўвыспы. Знойдуць пра што пагаварыць, бо маюць шмат супольных тэмаў. Аксёнаў, дарэчы, таксама персона нон-грата на Захадзе. Распавядзе, як заходнія тавары (аўтамабілі, электроніка, тэхналогіі, лекі) трапляюць у Крым выключна праз расейскія фірмы, а не наўпрост. Як жывецца пасля «глыбокай інтэграцыі» з Расеяй, да якой так горача імкнецца беларускі кіраўнік. Цалкам верагодна, што пасля падпісання дарожных мапаў Беларусь Лукашэнкі пачне ператварацца менавіта ў Крым, толькі без захопу зялёнымі чалавечкамі і нават без фікцыйнага рэферэндуму. Вось Пуцін і кліча свайго малодшага калегу прыехаць і, як кажуць у такіх сітуацыях, абмяняцца досведам. І робіць гэта ў зусім не выпадковы час. У жніўні ва Украіне стартуе «Крымская платформа», якую моцна сабатуе расейская дыпламатыя. У Кіеў прыязджаюць кіраўнікі больш як 30 дзяржаваў, каб шукаць магчымасцяў дэакупацыі Крыму. Прыезд у Севастопаль аўтаматычна ставіць Лукашэнку, які дасюль лавіраваў у крымскім і данбаскім пытаннях, на баку Масквы. Беларусь будуць разглядаць як саюзніка Расеі ў вайне супраць Украіны. Нельга выключыць, што ў такой сітуацыі Кіеў будзе ўзмацняць свае вайсковыя пазіцыі на мяжы з Беларуссю, Лукашэнка традыцыйна пачне лямантаваць, вось і чарговая падстава да сталай вайсковай прысутнасці РФ у РБ.

Выглядае на тое, што ўсе апошнія месяцы пасля жнівеньскіх падзеяў Масква гуляла з беларускім кіраўніцтвам. Моцная палітычная, інфармацыйная, дыпламатычная падтрымка, а перадусім падтрыманне спецслужбаў (візіт Патрушава ў Менск і г. д.) узмацнялі ўпэўненасць Лукашэнкі. Памнажаліся рэпрэсіі ды беспрэцэдэнтна абвастраліся стасункі з Захадам. Ці можа адмовіць у такой сітуацыі Лукашэнка Пуціну і не паехаць у Крым? Відаць, гэта ўжо шах перад матам.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў