Кіраўнік МЗС Аўстрыі прапанаваў перадаць у Гаагу доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту ў Аўстрыю абмеркавала з уладамі краіны сітуацыю ў Беларусі і магчымасці паўплываць на яе звонку. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Офісе палітыка.

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы з прэзідэнтам Аўстрыі Александэрам ван дэр Бэленам Святлана Ціханоўская прапанавала прыняць захады, каб мясцовыя кампаніі спынілі супрацу з рэжымам і падтрымлівалі беларускія кампаніі ў выгнанні.

Бакі абмеркавалі падтрыманне праваабаронцаў, дапамогу ў рыхтаванні спецыялістаў і распрацоўванні рэформаў для новай Беларусі. Таксама гаварылі пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, узмацненне ціску на палітвязняў і паўзучую акупацыю Беларусі Расеяй.

Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Аўстрыі Александэр Шаленбэрг.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Міністру замежных справаў Александэру Шаленбэргу Ціханоўская перадала справаздачу НАУ пра датычнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і прадпрыемстваў, звязаных з «Беларуськаліем», да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Міністр прапанаваў перадаць доказы ў Міжнародны крымінальны суд для правядзення расследавання.

Адносна размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі Ціханоўская адзначыла, што гэта абсалютна недапушчальна: большасць беларусаў разумее, што размяшчэнне зброі незаконнае і можа прывесці як да поўнай страты незалежнасці, так і да магчымага пераносу ваенных дзеянняў на беларускую тэрыторыю.

Гаворка ішла і пра новы пакет санкцыяў з боку Еўразвязу. Ціханоўская прапанавала пашырыць яго на суддзяў, пракурораў і сілавікоў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях.

Святлана Ціханоўская і міністр працы і эканомікі Аўстрыі Марцін Кохэр.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

З аўстрыйскім міністрам працы і эканомікі Марцінам Кохэрам абмяркоўвалася дапамога беларускаму бізнесу за мяжой, а таксама падтрыманне Аўстрыяй выкарыстання 33-га параграфу Статуту МАП у дачыненні рэжыму Лукашэнкі на Міжнароднай канферэнцыі працы.

Святлана Ціханоўская і вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама адбылася сустрэча з вярхоўным камісарам ААН у правах чалавека Фолькерам Туркам. На ёй абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, дзве справаздачы адносна Беларусі, якія будуць разглядацца на найбліжэйшым паседжанні Рады правоў чалавека ААН, і большы ўдзел ААН у вызваленні палітвязняў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў