Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?


Курды найбольш вядомыя як адзін з тых народаў, якія, нягледзячы на працяглае змаганне і сваю вялікую колькасць, так і не здолелі атрымаць уласнай дзяржавы. І вымушаныя жыць паміж чатырма краінамі, часам варожымі паміж сабой. Чаму так адбываецца, і ці здолеюць курды атрымаць уласную дзяржаўнасць? Пра гэта «Белсат» размаўляў з экспертамі.

Курдскія жанчыны – байцы Пешмэргі, звязаныя з іранскай сепаратысцкай Партыяй свабоды Курдыстану (PAK), на базе ў невядомым месцы ў правінцыі Арбіль, сталіцы аўтаномнага курдскага рэгіёну на поўначы Іраку, так званага Іракскага Курдыстану. 1 снежня 2022 года.
Фота: Safin Hamed / AFP / East News

Паводле розных ацэнак, сёння ў свеце жывуць ад 30 да 45 мільёнаў курдаў. Сам Курдыстан падзелены паміж чатырма краінамі: Іракам, Іранам, Сірыяй і Турэччынай. Моўна курды збліжаюцца з персамі і вельмі далёкія ад суседніх туркаў ды арабаў. Але ў канфесійным плане курды ў асноўным належаць да суніцкай галіны ісламу, што збліжае іх з туркамі, але аддаляе ад персаў, сярод якіх пануе шыіцкі кірунак. Апроч прыхільнікаў сунізму і шыізму, ёсць сярод курдаў і прадстаўнікі мясцовых канфесіяў, у тым ліку язідызму, алевізму ці зараастрызму, а таксама хрысціянства.

У ХХ стагоддзі курды неаднаразова спрабавалі стварыць уласную дзяржаву. Але курдскія краіны, што паўставалі ў 1920-х і 1940-х гадах, неўзабаве былі ліквідаваныя. Курды станавіліся ахвярамі генацыду ў Турэччыне часоў Мустафы Кемаля і ў Іраку пры Садаме Хусэйне. 30 гадоў Працоўная партыя Курдыстану вяла ўзброенае змаганне супраць турэцкіх уладаў. Супрацьстаялі курды і «Ісламскай дзяржаве» на тэрыторыі Сірыі ды Іраку. У 2022 годзе ўжо Іранскі Курдыстан стаў адным з цэнтраў пратэсту супраць рэжыму аятолаў у Іране.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Аднак, нягледзячы на змаганне, курды так і не здолелі атрымаць уласную дзяржаўнасць. Хоць курдская аўтаномія з 1992 года існуе на тэрыторыі Іраку, а ў 2012-м паўстала і ў Сірыі.

Так склалася гістарычна

Беларускі гісторык, спецыяліст у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін адзначае, што гістарычна курды «мелі вельмі мала магчымасцяў, каб утварыць нешта адзінае». Спачатку яны жылі на памежжы паміж Асманскай імперыяй і Персіяй, якое пераходзіла з рук у рукі, а калі Асманская імперыя зазнала паразу ў Першай сусветнай вайне, рэгіён быў падзелены яшчэ больш.

Больш за тое, дадае Красулін, паміж курдамі, нават у межах адной краіны, часта існуюць вялікія адрозненні ў мове, культуры і традыцыях:

«І спрабаваць зляпіць з іх нешта адзінае наўрад ці атрымаецца, гэта будзе канфліктная тэрыторыя».

Больш за тое, кажа Красулін, «курдам гэтае адзінства не тое каб і трэба». Нават падчас выбуху курдскага нацыяналізму XX стагоддзя ідэя незалежнасці не зрабілася агульнай.

Не ўсе курды – сепаратысты

Раз’яднанасць курдаў адзначае і аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ілія Куса:

«Курды розныя. І ў іх рознае стаўленне да ўсяго. Да іхнага становішча, да іхных правоў, да дзяржаваў, у якіх яны жывуць. Далёка не ўсе курды – сепаратысты, як у нас прывыклі думаць. Нехта выступае толькі за абмежаваную аўтаномію, нехта за незалежнасць. Некага ўсё задавальняе».

Напрыклад, у Турэччыне курды працуюць на дзяржаўнай службе. А на прэзідэнцкіх выбарах у траўні 2023 года курдскія партыі як выступалі супраць дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, так і падтрымлівалі яго.

Кейс Косава неактуальны

Апроч падзелу саміх курдаў, у курдскай незалежнасці не зацікаўленыя і тыя краіны, на тэрыторыі якіх курды жывуць і якія ў выніку страцяць частку сваіх цяперашніх земляў.

«Ні Іран, ні Сірыя, ні Турцыя, ні Ірак не хочуць і не збіраюцца мірыцца з гэтым», – адзначае Куса.

Да таго ж, курдскі сепаратызм не гатовая падтрымаць і міжнародная супольнасць, а «любое змаганне павінна мець нейкую вонкавую легітымнасць».

«І на гэты момант я не бачу зрухаў у гэты бок з боку міжнароднай супольнасці. Ні Злучаныя Штаты, ні Еўрапейскі Звяз, ні нейкія іншыя краіны не жадаюць такой дэстабілізацыі. Кейс Косава ніхто не збіраецца ўжываць», – кажа Куса.

«Цяперашняя сітуацыя дазваляе пазбегчы больш сур’ёзных канфліктаў, у якія будуць уцягнутыя шмат якія сілы. Грамадзянская вайна ў Сірыі тады падасца лёгкай прагулянкай у параўнанні з тым, што можа атрымацца ў выніку», – дадае Красулін.

Народ, які немагчыма асіміляваць

Пры гэтым у кожнай краіне жыхарства статус курдаў адрозніваецца. Але большасць іх інтэграваная ў тыя дзяржавы, дзе яны жывуць, адзначае Куса. Пытанні ж асіміляцыі курдаў, на ягоную думку, засталіся ў мінулым, бо «стагоддзі паказалі, што гэта немагчыма».

Найменш курды рэпрэзентаваныя ў органах улады ў Іране, які сам па сабе больш цэнтралізаваны за сваіх суседзяў. Хоць і там, адзначае Куса, нават нягледзячы на пратэсты 2022 года, далёка не ўсе курды «са зброяй у руках ваююць супраць цэнтру».

Іракскія курды адзначаюць пятую гадавіну рэферэндуму аб незалежнасці Іракскага Курдыстану ў Арбілі, сталіцы аўтаномнага курдскага рэгіёну на поўначы Іраку. 25 верасня 2022 года.
Фота: Safin Hamed / AFP / East News

Аднак, кажа ён, улады Ірану баяцца аслабляць кантроль, асцерагаючыся, што курды пачнуць рух у бок аддзялення, асабліва маючы агульную мяжу з суседнім Іракскім Курдыстанам, «дзе іх суродзічы па тым баку мяжы гатовыя ім дапамагчы, калі што». Таксама ў Тэгеране «баяцца, што гэтым скарыстаюцца ворагі, як яны называюць Злучаныя Штаты, якія захочуць дэстабілізаваць Іран і на гэтым згуляць».

У Турэччыне ж курды ўжо адышлі ад радыкальных метадаў змагання. Гэтак, лідар Працоўнай партыі Курдыстану Абдула Аджалян, які з 1999 года адбывае пажыццёвае пакаранне ў турэцкай турме, у канцы 2000-х заклікаў курдаў спыніць узброеную барацьбу, не атакаваць турэцкіх сілаў, не здзяйсняць тэрарыстычных актаў.

«Доўгае, у некалькі дзесяцігоддзяў, узброенае процістаянне прадэманстравала безвыніковасць, прынесла толькі чалавечыя ахвяры і нічога болей. І Аджалян прыйшоў да высновы, што лепш суіснаваць мірна, чым змагацца нават за незалежнасць гэтага рэгіёну», – адзначае Красулін.

Курдская ўтопія

Нават у Сірыі, дзе курдаў доўгі час не прызнавалі грамадзянамі, яны на пачатку грамадзянскай вайны ў 2011 годзе падтрымлівалі рэжым Башара Асада і стаялі на праўрадавых пазіцыях, баючыся стаць ахвярамі апазіцыі, якую ў той час ужо падтрымала Турэччына (а яе сірыйскія курды разглядаюць як свайго праціўніка і ворага). Але калі сірыйскі ўрад пачаў ціснуць на курдаў, яны змянілі сваю пазіцыю на больш прадэмакратычную, адзначае Красулін. У 2012 годзе падкантрольны ім рэгіён Ражава атрымаў фактычную аўтаномію.

Аднак і цяпер, падкрэслівае Ілія Куса, сірыйскія курды не страцілі сувязяў з Дамаскам. З Сірыяй злучаная эканоміка рэгіёну, там працуюць сірыйскія камунальныя службы. А месцамі нават засталася прысутнасць сірыйскіх войскаў як фактар стрымлівання Турэччыны.

«Для курдаў гэта вельмі важна. Яны самі сябе пакуль не могуць абараніць. І задавольваюцца тым, што за іх спінай стаяць Злучаныя Штаты і часам сітуатыўна сірыйскае войска», – адзначае Куса.

У самой жа Ражаве, кажа Красулін, ставяць сацыяльна-палітычны эксперымент, пабудаваны на ідэях згаданага Аджаляна. Там спалучаюцца непасрэдная дэмакратыя, лібертарыянства, анархізм і сацыялізм. Там дамінуюць калектыўныя гаспадаркі, хоць прыватная маёмасць не забароненая, і няма моцных цэнтральных органаў улады, а пытанні развязваюць мясцовыя органы пры шырокім удзеле грамадства.

«Там практычна будуецца ўтопія. Цікава паглядзець, да чаго гэта ўсё прывядзе, бо гэта мара шмат якіх цяперашніх інтэлектуалаў», – адзначае Красулін.

Падзел паміж аўтаноміямі

Пры гэтым Сірыйскі Курдыстан захоўвае падзел з суседнім Іракскім Курдыстанам, дзе пасля звяржэння Хусэйна курды дэ-факта атрымалі поўную ўладу. З Багдадам іх звязвае толькі пытанне экспарту нафты, падкрэслівае Куса.

Пратэстоўцаў адціскае АМАП падчас дэманстрацыі супраць артылерыйскага абстрэлу курдскай вёскі, у якім Ірак вінаваціць суседнюю Турцыю, ля турэцкага консульства ў горадзе Басра, Ірак. 21 ліпеня 2022 года.
Фота: Hussein Faleh / AFP / East News

«Іракскія курды больш прагматычныя. Яны існуюць у сваім «княстве», маюць наладжаныя сувязі з суседнімі краінамі. У іх арганізаваныя фінансавыя, рэсурсавыя плыні, на якіх яны сядзяць», – кажа эксперт.

Больш за тое, Іракскі Курдыстан мае добрыя стасункі з Турэччынай, праз якую адбываецца экспарт нафты. У той час як для сірыйскіх курдаў Турцыя – «вораг, краіна, якая з імі некалькі разоў ваявала, і яны не могуць давяраць цалкам іракскім курдам, прынамсі, асобным іх фракцыям».

Не спрыяе збліжэнню аўтаноміяў і раз’яднанасць курдаў унутры іх. Гэтак, у Сірыі ёсць прынамсі тры буйныя палітычныя курдскія рухі з розным парадкам дня.

«Хтосьці большы аўтанаміст і выступае за перамовы з Дамаскам, хтосьці больш радыкальны і выступае за збліжэнне са Штатамі да поўнага аддзялення, хтосьці ў цэнтры», – кажа Куса.

Іракскі ж Курдыстан да нядаўняга часу быў падзелены на дзве сферы ўплыву: адну кантралявала Дэмакратычная партыя Курдыстану на чале з кланам Барзані, а другую – Патрыятычны звяз Курдыстану на чале з кланам Талябані. Цяпер іракскія курды яшчэ больш фрагментаваліся: там зʼявіліся ўмерана ісламісцкая партыя і марксісцкая, звязаная з Працоўнай партыяй Курдыстану.

«І гэтая фрагментацыя не дазваляе курдам па абодва бакі мяжы мець паўнавартасныя стасункі», – адзначае Куса.

Не дуць на карткавы дамок

Што датычыць будучыні рэгіёну, то, як адзначае Красулін, пакуль тэма курдскай незалежнасці «не стаіць на парадку дня». Не дэманструе такога жадання і ніводзін курдскі рэгіён, іх задавальняе статус-кво.

«Да канфлікту вакол курдскай праблемы можа прывесці моцнае аслабленне нейкага з бакоў, напрыклад, Сірыі на чале з Асадам. Тады б Ражава магла паставіць пытанне пра незалежнасць. Але гэта будзе няпроста зрабіць, улічваючы суседзяў. Турэччына наўрад ці будзе шчаслівая бачыць незалежную курдскую дзяржаву. І яна будзе рабіць усё, каб гэтай дзяржавы не ўзнікла», – мяркуе гісторык.

Не выключае ён і аслаблення курдскіх фармаванняў, у выніку чаго ў наступ могуць перайсці ўжо цэнтральныя ўлады. Агулам жа, дадае Красулін, «цяпер увесь рэгіён стаміўся ад бесперапыннай вайны».

«Пакуль курдская праблема не стаіць вельмі востра, на яе, як на карткавы дамок, лепш не дуць, а то абрынецца і невядома, якія наступствы будуць», – кажа гісторык.

Пашкоджанні, нанесеныя штаб-кватэры Дэмакратычнай партыі Іранскага Курдыстану (KDPI) пасля трансмежнага абстрэлу з боку Ірану гораду Кае (Koye) на ўсходзе рэгіёну Арбіль, Іракскі Курдыстан. 26 лістапада 2022 года.
Фота: Safin Hamed / AFP / East News

Аднак, на ягоную думку, Курдыстан гіпатэтычна можа стаць арэнай больш шырокага супрацьстаяння паміж Іранам і арабскім светам ды Турэччынай.

Калі не незалежнасць, то што?

Вельмі малымі лічыць перспектывы незалежнага курдскага праекту і Куса, бо «гэта складана, гэта дорага для ўсіх у прамым і пераносным сэнсе, і гэта вельмі рызыкоўна». А правал гэтага праекту можа прывесці да дэстабілізацыі цэлага рэгіёну.

Важнае пытанне і ў тым, наколькі незалежны Курдыстан будзе жыццяздольным эканамічна. Самастойная Ражава – «не вельмі», як і іракская аўтаномія, калі страціць нафтавыя радовішчы на спрэчных з арабамі тэрыторыях.

«Падобныя праекты будуць магчымыя, толькі калі курды абʼяднаюцца і прапануюць нейкую ідэю, і яна сапраўды мабілізуе людзей. І гэта праз вуліцу, праз сілу выкліча нейкае падабенства грамадзянскай вайны ў розных краінах», – разважае Куса.

Пры гэтым будзе важна атрымаць згоду ад вонкавага апекуна – Злучаных Штатаў, якія маюць у рэгіёне вайсковыя базы і ўплыў прынамсі на Багдад.

Таму больш імаверным за абвяшчэнне незалежнасці ў найбліжэйшы час эксперт лічыць або пашырэнне існых аўтаноміяў курдаў, або наданне ім такой аўтаноміі. Нават у Іране, падкрэслівае ён, абмяркоўваецца магчымасць пашырыць правы рэгіёнаў як частку канстытуцыйнай рэформы Ісламскай Рэспублікі, што дапамагло б ёй выйсці з палітычнага крызісу.

Hавiны
«Адбывалася язідафобія». Як язіды ўцякалі ад пераследаў у Іраку і сутыкнуліся з ім у Беларусі
2021.12.31 14:33

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў