«Пайду, як таран, я буду змагацца». Павел Латушка пракаментаваў завочны прысуд – 18 гадоў


Кіраўнік НАУ Павел Латушка заявіў, што такі тэрмін загадаў даць асабіста Аляксандр Лукашэнка. «Прыйдзе час, калі ў клетцы будзе сядзець ён і ўсе ягоныя памагатыя», – сказаў палітык у каментары «Белсату».

Кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў «Белсату», што завочны прысуд толькі матывуе яго на барацьбу. Ён упэўнены, што некалі судзіць будуць самога Аляксандра Лукашэнку:

«Лукашэнка судзіць пустую клетку і робіць гэта ўжо не ўпершыню. Але я перакананы ў тым, што прыйдзе час, калі ў гэтай клетцы будзе сядзець ён і ўсе ягоныя памагатыя, і тыя суддзі і пракуроры, якія гвалтуюць беларускі народ, парушаюць нацыянальныя законы, міжнароднае права. Суд будзе публічным, адкрытым, і да гэтага мы прыйдзем».

Палітык упэўнены, што такі тэрмін зняволення загадаў даць асабіста Лукашэнка:

«Такі прысуд, які сёння вынес Лукашэнка ў адносінах да мяне, як разумею, гэта ягонае персанальнае рашэнне, толькі матывуе мяне на барацьбу. Я пайду, як таран, я буду ісці наперад, я буду змагацца. Я перакананы, што мы пераможам. Усе беларусы мусяць верыць у гэта. Гэты прысуд дае мне дадатковую ўпэўненасць, што мы на правільным шляху».

Павел Латушка сказаў таксама, што яшчэ не вырашыў, ці будзе абскарджваць завочны прысуд:

«Толькі што пагуляць і стварыць ім працэсуальныя дадатковыя крокі. Але ці мае гэта сэнс? Бо судоў у Беларусі няма даўно, няма пракурораў, няма адвакатаў, бо фактычна ўсё гэта знішчана».

Сёння суддзя Менскага гарадскога суда Пётр Арлоў агучыў вырак паводле справы супраць Каардынацыйнай рады. Акрамя Латушкі, завочна асудзілі абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую (15 гадоў калоніі), Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз і Сяргея Дылеўскага (па 12 гадоў кожнаму).

Усіх фігурантаў прызналі вінаватымі ў змове, здзейсненаю з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам; стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве такім фармаваннем; публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і ўчыненні іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, у тым ліку на ўжыванне санкцыяў супраць Беларусі. Іх таксама прызналі вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, учыненых групай асобаў.

Hавiны
Святлане Ціханоўскай завочна прысудзілі 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку – 18 гадоў
2023.03.06 15:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў