На 90-м годзе жыцця памёр пастар Беларускай евангельскай царквы і савецкі дысідэнт Эрнст Сабіла


5 лютага пайшоў з жыцця савецкі дысідэнт Эрнст Сабіла. Пахаванне адбудзецца ў ягонай роднай вёсцы Дзегцяроўка, пад Менскам. Дакладны дзень і час будуць вядомыя пазней.

Эрнст Сабіла.
Фота: Белсат

Эрнст Сабіла нарадзіўся ў в. Дзегцяроўка 18 сакавіка 1932 г. Сям’я Сабілаў як ненадзейная была выселеная падалей ад савецка-польскай мяжы – у Бабруйск. Падчас нямецкай акупацыі далучыліся да евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

Партызанілі. У 1951-м годзе Сабіла, студэнт Медыцынскага інстытуту ў Менску, быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ. У віну яму паставілі артыкул 72б савецкага крымінальнага кодэксу: «Актыўная антысавецкая агітацыя з ужываннем рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Некалькі месяцаў Сабіла правёў у «амерыканцы», дзе прайшоў праз катаванні. Прысуд – расстрэл, які, аднак быў заменены на 25 гадоў пазбаўлення волі.

У лагеры беларус перажыў голад, здзекі, хваробы. Спярша ў Падмаскоўі, потым на ўранавых шахтах у Усць-Каменагорску. Сабіла двойчы ўцякаў з лагеру. Падчас уцёкаў у яго стралялі. Выжыў цудам: у стралка аховы, які стаяў на вышцы, раптам заклініла зброю.

Пасля вызвалення жыў пад пастаянным наглядам КДБ. У 1988-м годзе, ледзь толькі дыхнула Адраджэннем, Эрнст Сабіла арганізаваў у Менску Беларускую Евангельскую Царкву. Вернікі з усёй Беларусі ехалі ў ягоную кватэру на Паўднёвым Захадзе.

У 1989-м годзе ў Вільні пастар Сабіла асвяціў першы з’езд Беларускага народнага фронту. У 1990-я Сабіла як прадстаўнік пратэстантаў быў адным з сустаршыняў Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці.

З другой паловы 2000-х – сябра БХД. Пастар Сабіла збудаваў у Асіповічах Малітоўны дом, пераклаў Новы Запавет і Псальмы на беларускую мову. Таксама апекаваўся на «хіміі» Міколам Маркевічам – беларускім палітычным і грамадскім дзеячам, рэдактарам легендарнай газеты «Пагоня», які адзін з першых быў пазбаўлены волі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў