Затрымалі наркабарона і пачалося. У Мексіцы беспарадкі, баевікі падбілі тры верталёты


У мексіканскім горадзе Куліякан успыхнулі самыя маштабныя з 2019 года беспарадкі. Іх прычынай стала затрыманне ўладамі краіны наркабарона Авідыё Гусмана Лопэса, сына былога боса картэлю «Сіналоа» Хаакіна «Эль Чапа» Гусмана.

На самалёце затрыманага Авідыё Гусмана Лопэса даставілі ў Мехіка, дзе змясцілі ў турму строгага рэжыму. А ў горадзе Куліякане пасля гэтага пачаліся перастрэлкі, частку вуліц баевікі заблакавалі падпаленымі аўтамабілямі. Улады закрылі школы і дзяржустановы, мясцовых жыхароў заклікаюць не выходзіць з дому. У выніку сутыкненняў пацярпелі не менш як сем паліцыянтаў.

Радыё «Formula» паведамляе, што загінулі сама меней дзесяць чалавек, яшчэ каля 30 параненыя. З буйнакалібернай зброі, якую наркакартэлі ўсталявалі на свае браняваныя аўтамабілі, былі падбітыя тры верталёты, пад абстрэл трапіў пасажырскі самалёт.

Картэль «Сіналоа» – адна з самых уплывовых у свеце арганізацыяў гандлю наркотыкамі. «Эль Чапа» ўзначальваў яго да таго, як яму прысудзілі пажыццёвае зняволенне ў 2020 годзе. Ягонага сына ўжо спрабавалі затрымаць у 2019 годзе, але тады баевікі здолелі адбіць яго ў паліцыі.

Цяперашняе затрыманне адбылося напярэдадні візіту ў Мексіку прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў