Запыталі ў «ChatGPT» прагноз на 2023 год і атрымалі парады для Беларусі


Нейрасеткі ўмеюць прыгожа маляваць. Самая прасунутая тэкставая мадэль адмаўляецца даваць прагнозы, але дае парады, якія мог бы даць жывы палітолаг.

Кібарг-астролаг. Выява: Midjourney

Што мы маем на ўвазе пад штучным інтэлектам

Штучная нейрасетка – камп’ютарная мадэль, якая спрабуе працаваць як жывыя мазгі, сімуляваць інтэлект. Ролю нейронаў у ёй выконваюць простыя працэсары. Нейрасетку можна трэнаваць вырашаць задачы на прыкладзе гатовых развязанняў падобных задачаў.

Напрыклад, можна паказаць нейрасетцы, як выглядае банан, паветраны шарык ды іншыя прадметы, а нейрасетка навучыцца маляваць нешта падобнае да паветранага шарыка ў форме банана. Так працуюць «DALL-E», «Midjourney» ды іншыя генератары выяваў. Менавіта ў «Midjourney» мы папрасілі ілюстрацыі да гэтага артыкулу.

Амерыканская кампанія «OpenAI» 30 лістапада 2022 года прэзентавала «ChatGPT» – чат-бот, які працуе паводле зададзеных правілаў на архітэктуры нейрасеткі. Вось што бот адказвае на пытанне пра тое, як ён працуе:

«Я – камп’ютарная праграма, прызначаная для апрацоўвання і стварэння тэксту на аснове ўводных звестак, якія атрымліваю. Я выкарыстоўваю перадавыя метады машыннага навучання для аналізу і разумення мовы ды магу ствараць адказы на тэкст на аснове таго, што я даведалася. Калі вы задаяце мне пытанне або робіце заяву, на якую трэба адказаць, я выкарыстоўваю сваё навучанне, каб даць адпаведны і карысны адказ. Мая мэта – дапамагаць карыстальнікам і даваць ім інфармацыю ды адказы на іхныя пытанні ў парадку маіх магчымасцяў».

Гэты адказ у арыгінале быў на англійскай мове. Па-беларуску «ChatGPT» спрабуе пісаць, але выходзіць трасянка. Прычым нейрасетка сама не ўпэўненая, ці валодае беларускаю. Часам запэўнівае, што валодае, а часам адказвае нешта накшталт: «Я не могу написаць нічым на беларускай мове, таму што я не маю такой функцыі». Крыху лепей яна спраўляецца з расейскаю, затое на англійскай выдае даволі асэнсаваныя тэксты, хай часам і з фактычнымі памылкамі.

«ChatGPT» называе топ-3 месцы ў Беларусі, якія варта наведаць: Менск (паглядзець Нацыянальную бібліятэку, плошчу Перамогі і Траецкае прадмесце), Берасце (на першым месцы – краязнаўчы музей, толькі за ім – Берасцейская крэпасць) і Горадня (тут памылка з датай адносна Старога замку і памылка ў назве касцёлу). Відэа: chat.openai.com

Як мы запытвалі прагноз на 2023 год для Беларусі

«ChatGPT» адмаўляецца казаць пра будучыню. Вось што ён адказвае на просьбу даць прагноз для Беларусі на 2023 год:

«Прабачце, але я не магу рабіць прадказанняў і прагнозаў на будучыню.

Як моўная мадэль штучнага інтэлекту я не маю доступу да актуальных падзеяў або інфармацыі ў рэальным часе і не магу праглядаць інтэрнэту, таму ў мяне няма неабходных ведаў або рэсурсаў, каб дакладна спрагназаваць, што можа адбыцца ў Беларусі ці дзе заўгодна яшчэ ў будучыні. Мае навучальныя звесткі паходзяць з фіксаванага набору тэкстаў, і я не маю магчымасці вучыцца або абнаўляць свае веды на аснове новых падзеяў або досведу».

Калі ўдакладніць, напрыклад, што патрэбны прагноз палітолага, то «ChatGPT» адкажа, што не можа імітаваць палітолагаў, бо «аналіз і прагназаванне шанцаў палітычнага лідара застацца ва ўладзе можа быць складанаю задачаю з нюансамі, якая патрабуе глыбокага разумення актуальнага палітычнага клімату, матывацыяў і дзеянняў розных удзельнікаў, а таксама магчымых наступстваў розных вынікаў». Калі ж папрасіць эканамічны прагноз, апраўдваецца тым, што трэнаваўся на звестках да 2021 года. Бот таксама не хоча абмяркоўваць вайны ва Украіне.

Чырвона-зялёны робат-прадказальнік. Выява: Midjourney

Што мы ўсё ж выпыталі ў штучнага інтэлекту пра Беларусь

Калі не прасіць прагнозу, «ChatGPT» умее даваць даволі асэнсаваныя адказы і нават весці размову з улікам папярэдніх адказаў. Вось які дыялог у нас выйшаў пра палітыку ў Беларусі.

– Калі будуць наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?

– Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 9 жніўня 2020 года. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, выбары прэзідэнта Беларусі праводзяцца кожныя пяць гадоў. Наступныя прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца ў 2025 годзе.

– Выбары пры Лукашэнку – свабодныя і дэмакратычныя ?

– Выказвалася занепакоенасць адносна справядлівасці і дэмакратычнасці выбараў у Беларусі пры прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя групы падымалі такія праблемы, як адсутнасць незалежнасці выбарчай камісіі, абмежаваны доступ апазіцыйных кандыдатаў да медыяў, а таксама паведамленні пра запалохванне і прымус выбарнікаў. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) назвала выбары «моцна не адпаведнымі» міжнародным стандартам, спасылаючыся на парушэнні пры падліку галасоў і праблемы з прававою базаю выбараў. У канчатковым выніку кожны сам вырашае, ці лічыць ён выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі.

Пратэсты ў Беларусі. Звярніце ўвагу на сцягі Аўстрыі на заднім плане. Выява: Midjourney

– Як беларусам дасягнуць свабодных і справядлівых выбараў?

– Ёсць шэраг крокаў, якія можна зрабіць, каб гарантаваць свабодныя і справядлівыя выбары. Яны могуць уключаць:

  1. Стварэнне незалежнай і бесстаронняй выбарчай камісіі з неабходнымі рэсурсамі і паўнамоцтвамі для эфектыўнага выканання сваіх абавязкаў.
  2. Забеспячэнне ўсім кандыдатам і палітычным партыям роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі ды іншых сродкаў агітацыі, а таксама дастаткова працяглага перыяду агітацыі для сапраўднай канкурэнцыі ідэяў.
  3. Забеспячэнне празрыстасці выбарчага працэсу і адкрытасці для незалежных назіральнікаў.
  4. Інфармаванне выбарнікаў і гарантаванне доступу да дакладнай і бесстаронняй інфармацыі пра кандыдатаў ды іхныя праграмы.
  5. Забеспячэнне празрыстасці падліку галасоў і наяўнасці эфектыўных механізмаў для разгляду любых абвінавачанняў у махлярстве або парушэннях.
  6. Абарона свабоды і бяспекі выбарнікаў, каб яны маглі рабіць выбар, не баючыся рэпрэсіяў або запалохвання.
Пратэсты ў Беларусі. Выява: Midjourney

– Каго беларусы хацелі б бачыць сваім прэзідэнтам?

– [Пасля разгорнутай рэплікі пра цяжкасць вызначэння пераваг беларусаў. – Заўв. аўт.] Увогуле, імаверна, што шмат якія беларусы хацелі б бачыць прэзідэнта, які прыхільны адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці і вяршэнства закону, які гатовы прыслухоўвацца да праблемаў людзей і працаваць над іхнымі патрэбамі. Хтосьці з беларусаў таксама можа ставіць на першае месца дасведчанасць і стабільнасць, а кагосьці больш цікавяць свежыя асобы і новыя ідэі.

– Якія палітыкі ў Беларусі настолькі папулярныя, што іх маглі б выбраць на пасаду прэзідэнта?

– [Пасля разгорнутай рэплікі пра цяжкасць вызначэння пераваг беларусаў. – Заўв. аўт.] Некаторыя палітыкі, якія згадваюцца ў якасці патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта Беларусі:

  • Святлана Ціханоўская. Ціханоўская – лідарка беларускай апазіцыі, балатавалася ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. Яна здабыла шырокае падтрыманне і разглядалася як галоўны супернік дзейнаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку.
  • Віктар Бабарыка. Бабарыка – беларускі бізнесовец, былы кіраўнік Нацбанку Беларусі (насамрэч «Белгазпрамбанку». – Заўв. аўт.). Ён быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і разглядаўся як яшчэ адзін моцны канкурэнт Лукашэнку (насамрэч толькі сабраў подпісы за вылучэнне, але быў затрыманы і не дапушчаны да далейшага ўдзелу ў выбарах. – Заўв. аўт.).
  • Валерый Цапкала. Цапкала – беларускі бізнесовец і былы дыпламат, балатаваўся ў прэзідэнты на выбарах 2020 года (насамрэч толькі сабраў подпісы за вылучэнне, але не быў дапушчаны да далейшага ўдзелу ў выбарах. – Заўв. аўт.). Яго разглядалі як яшчэ аднаго патэнцыйнага канкурэнта Лукашэнку.

Важна адзначыць, што гэта толькі некалькі прыкладаў, і ў Беларусі могуць быць і іншыя палітыкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ды патэнцыйна могуць быць абраныя прэзідэнтам.

Сілавікі. Выява: Midjourney

– Як спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў?

– Палітычныя рэпрэсіі і ўтрыманне палітвязняў – гэта сур’ёзныя праблемы, якія патрабуюць разнапланавага падыходу. Некаторыя крокі, якія могуць дапамагчы ў развязанні гэтых праблемаў у Беларусі, уключаюць:

  1. Урады, міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя групы могуць ціснуць на ўрад Беларусі з мэтаю вызваліць палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі. Гэта можна зрабіць дыпламатычнымі намаганнямі, эканамічнымі санкцыямі ды іншымі захадамі.
  2. Групы грамадзянскай супольнасці і актывісты ў Беларусі могуць працаваць над павышэннем дасведчанасці пра палітычныя рэпрэсіі ды выступаць за вызваленне палітычных зняволеных.
  3. Праваабарончыя арганізацыі ды юрысты могуць абараняць правы палітвязняў і аспрэчваць іхнае затрыманне ў судзе.
  4. Прыцягненне ўвагі праз медыі да праблемы палітычных рэпрэсіяў і ўтрымання палітычных зняволеных можа дапамагчы павысіць інфармаванасць і стварыць падтрыманне для развязання гэтых праблемаў.
  5. Пратэсты і дэманстрацыі: мірныя акцыі пратэсту і дэманстрацыі могуць быць эфектыўным спосабам прыцягнуць увагу да праблемаў палітычных рэпрэсіяў і ўтрымання палітвязняў.
  6. Падтрыманне палітычных зняволеных ды іхных сем’яў можа дапамагчы ўсім сем’ям пазбавіцца ад цяжару і прадэманстраваць салідарнасць з іхнаю справаю.
Беларускі ўзброены паўстанец. Выява: Midjourney

– Калі мірныя пратэсты былі здушаныя сілавікамі, як яшчэ беларусы могуць дамагчыся сыходу Лукашэнкі?

– Ёсць некалькі патэнцыйных варыянтаў, якія беларусы могуць разгледзець, калі мірныя пратэсты сутыкнуцца з рэпрэсіямі:

  1. Беларусы могуць браць удзел у актах негвалтоўнага супраціву – такіх, як байкоты, забастоўкі і грамадзянскае непадпарадкаванне, каб сарваць звычайны бег справаў і аказаць ціск на ўрад.
  2. Беларусы могуць шукаць падтрымання ў міжнароднай супольнасці, у тым ліку ўрадаў, міжнародных арганізацыяў і групаў грамадзянскай супольнасці. Гэта можа ўключаць лабіяванне эканамічных санкцыяў, дыпламатычныя намаганні ды іншыя формы ціску на ўрад Беларусі.
  3. Беларусы могуць паспрабаваць уступіць у перамовы з урадам, каб знайсці мірнае развязанне палітычнага крызісу. Гэта можа ўключаць зварот па дапамогу да пасярэднікаў або перамоўнікаў для спрыяння перамовам.
  4. У крайнім выпадку некаторыя асобы могуць узяць удзел ва ўзброеным супраціве  ўраду. Гэта вельмі рызыкоўны і небяспечны варыянт, які варта выкарыстоўваць толькі ў крайнім выпадку і толькі пасля ўважлівага разгляду верагодных наступстваў.

Важна адзначыць, што кожны з гэтых варыянтаў нясе ў сабе рызыкі і патэнцыйныя недахопы, і беларусам важна ўважліва абдумаць найлепшы курс дзеянняў з улікам іхных канкрэтных абставінаў.

Кібарг-прадказальнік. Выява: Midjourney

Чаму гэтым ботам захапляюцца?

Гэткія чат-боты на базе нейрасетак часам лічаць магчымаю заменаю цяперашнім пашукавікам. Хай яны пакуль робяць памылкі, але ўжо ўмеюць не проста выдаць нейкі набор словаў, граматычна падобны да нармальнага тэксту, а даволі асэнсаваныя выказванні. З «ChatGPT» наўрад ці ўдасца напісаць гатовае сачыненне, але можна атрымаць добры набор ідэяў для сачынення, якія трэба пераправерыць.

А яшчэ пару гадоў таму камп’ютары ўмелі генераваць хіба нешта такое:

Папулярны расейскамоўны сэрвіс «Порфирьевич», створаны ўсяго 2 гады таму на базе нейрасеткі «GPT-2», умее дапаўняць сказы, але не надта глыбока аналізуе кантэксту. Сінім вылучанае тое, што дапісаў бот. Скрыншот: porfirevich.ru

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў