КДБ улучыў Эдуарда Бабарыку ў «тэрарыстычны пералік»


Камітэт дзяржбяспекі абнавіў «Пералік арганізацыяў і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У апублікаваны на сайце ведамства спіс улучылі 7 асобаў, у тым ліку палітвязня Эдуарда Бабарыку.

Эдуард Бабарыка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Павел Крычко

Улучэнне Эдуарда Бабарыкі ў «пералік тэрарыстаў» абгрунтаванае тым, што набыў моц вырак аб прызнанні палітвязня «вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Гэта артыкул «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу».

У тэрарыстычных злачынствах Бабарыку-малодшага не абвінавачвалі. За нібыта «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «суарганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «ухіленне ад выплаты падаткаў» маладзёну прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым не быў залічаны тэрмін яго знаходжання ў СІЗА. Такі вырак у ліпені сёлета агучыў суддзя Менскага абласнога суда Уладзімір Арэшка.

28 лістапада калегія Вярхоўнага суда на чале з суддзём Ігарам Букатам пакінула прысуд без зменаў.

У «тэрарыстычны пералік» КДБ улучыў яшчэ Максіма Варнэля, якога абвінавачваюць у масавых беспарадках, а таксама Кірыла Крошкіна і Аляксандра Сігіневіча, якіх абвінавачваюць у распальванні варожасці.

Акрамя таго, у спісе цяпер – Кацярына Джыг і Яўген Верхаводкін, асуджаныя паводле артыкулу аб закліках да санкцыяў, ды Іван Янчук, якому вынеслі прысуд паводле артыкулу аб распальванні варожасці.

Гісторыі
Эдуарду Бабарыку вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі
2023.07.05 16:41

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў