Рамзан Кадыраў прызначыў свайго 15-гадовага сына на важную пасаду ў службе бяспекі Чачэніі


Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў працягвае скандальнымі метадамі піярыць і прасоўваць свайго 15-гадовага сына Адама.

Спікер чачэнскага парламента Магамед Даўдаў паведаміў, што Адам Кадыраў прызначаны «на важную пасаду» ў службе бяспекі кіраўніка Чачні. «Адам праявіў сябе як смелы, адважны патрыёт Радзімы і чалавек, які гатовы заступацца за рэлігію! У сваім юным узросце ён некалькі разоў пабываў у зоне СВА! Усе ведаюць пра яго адважны нораў і моцны характар!», – заявіў Даудаў, піша «Astra».

Расейская служба «Радио Свобода» паведамляе, што Адам Кадыраў прызначаны на пасаду начальніка аддзела забеспячэння бяспекі кіраўніка

Адам Кадыраў атрымаў шырокую вядомасць у верасні 2023 году дзякуючы відэа, дзе ён збівае 19-гадовага зняволенага Мікіту Журавеля, якога вінавацяць у спаленні Карана. Кадыраў-старэйшы публічна ўхваліў гэтыя дзеянні і сам апублікаваў відэа збіцця.

Збіццё зняволенага з’яўляецца відавочным парушэннем закону і таму відэаролік выклікаў хвалю абурэння, у тым ліку сярод тых, хто падтрымлівае Уладзіміра Пуціна. Аднак Крэмль рэагаваць не стаў і ніхто адказнасці за гэтае злачынства не панёс.

Неўзабаве пасля гэтага хлопчык атрымаў званне Героя Чачэнскай рэспублікі. Пазней ён быў узнагароджаны другім па значнасці ордэнам Татарстана «Дуслык» – «за значны ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру і згоды», а таксама вышэйшым ордэнам Карачаева-Чаркесіі «За заслугі перад рэспублікай». Паведамлялася, што чачэнскае кіраўніцтва прасіла многія каўказскія рэспублікі «падтрымаць» Адама Кадырава.

Палітолагі лічаць, што, узнагароджваючы і прасоўваючы на дзяржаўныя пасады сына, Рамзан Кадыраў паказвае яго ў якасці магчымага пераемніка на пасадзе кіраўніка Чачэніі, адзначае расейская служба «Радио Свобода».

Hавiны
Чачэнскі апазіцыянер: Чуткі пра смерць Кадырава распаўсюджваюць самі кадыраўцы
2023.09.17 17:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў