«Кожнае святло вядзе да перамогі». Перад беларускай амбасадай у Варшаве запалілі больш за 1000 свечак


Польскія праваабаронцы з арганізацыі «Amnesty International» зладзілі 4 лістапада каля амбасады Беларусі ў Варшаве акцыю салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. Удзельнікі акцыі запалілі насупраць пасольства больш за тысячу свечак – 1339. Столькі палітвязняў было ў Беларусі некалькі тыдняў таму, калі гэтая акцыя толькі рыхтавалася. Але за гэты час колькасць палітычных зняволеных у Беларусі павялічылася на 35 чалавек – да 1374…

Пад беларускай амбасадай у Варшаве актывісты Amnesty International разам з беларусамі запалілі 1339 свечак за 1339 палітвязняў у Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта сімвалічная форма падтрымкі. Але ў гэты асаблівы час – на пачатку лістапада, – калі знічамі і свечкамі ўшаноўваюць памяць пра памерлых, мы хочам успамінаць пра жывых. Пра людзей у Беларусі, якіх утрымліваюць у вязніцах выключна за іх перакананні», – казала прадстаўніца «Amnesty International Polska».

«Пабачыла лукашэнкаўскі сцяг – мяне трасе»

Шэры будынак беларускай амбасады ў Польшчы патанаў у цемры (акцыя ладзілася а 19-й). Пасольская спаруда глядзела на тое, што адбываецца побач, сляпымі чорнымі вачніцамі. Не падавала ніякіх азнакаў жыцця. З боку ад будынку, таксама ў цемры, вісеў чырвона-зялёны сцяг.

Беларуская амбасада. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Першы раз за год пабачыла лукашэнкаўскі сцяг – мяне трасе», – прызнаецца беларуска, адна з удзельніц акцыі.

Пасля ўступнай прамовы сімвалічнае слова далі палітзняволенай праваабаронцы «Вясны» Марфе Рабковай: у перакладзе на польскую мову было агучанае апошняе слова Рабковай на судзе, які прысудзіў дзяўчыну да 15 гадоў калоніі.

«Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасці, каб у межах сваёй сферы ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб разарваць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанемся, калі ўсё скончыцца?.». – пыталася яна ў суддзяў і пракурораў.

«Яны невінаватыя. Гэта помста рэжыму»

Пра тое, што за кратамі, апроч Марфы Рабковай, знаходзяцца яшчэ пяць праваабаронцаў «Вясны» (Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, а таксама кіраўнікі арганізацыі – нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч) нагадаў у сваёй прамове на акцыі супрацоўнік арганізацыі Дзмітрый Салаўёў.

Праваабаронца «Вясны» Дзмітрый Салаўёй (у цэнтры) падчас акцыі каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Яны ні ў чым не вінаватыя, гэта проста помста рэжыму. Я лічу, міжнародная супольнасць мусіць зрабіць усё магчымае, каб усе палітвязні як найхутчэй выйшлі на свабоду і каб Беларусь стала вольнай», – заклікаў Дзмітрый Салаўёў.

Пасля гэтых словаў прастора каля пасольства выбухнула крыкам – крыкам за Беларусь. Упершыню акцыю «Крык за Беларусь» правяла беларуская актывістка і мастачка Яна Шостак яшчэ ў 2020 годзе. Сэнс перформансу ў тым, каб прыцягнуць увагу да Беларусі, паказаць, што нельга маўчаць пра тое, што робіць лукашэнкаўскі рэжым. Сама Яна Шостак на акцыю каля амбасады прыехаць не змагла, але атрымалася гучна.

Боль, роспач, але – і надзея чуліся ў тым крыку. Амбасада РБ маўчала ў адказ…

«Нам спатрэбіцца куды больш свечак»

А пасля гэтага тонкі дзіцячы галасок выгукнуў: «Свабоду палітзняволеным!» Удзельнікі падхопліваюць і скандуюць. Аказваецца, удзел у акцыі бяруць малыя дзеткі палітвязняў Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча. Стаяць каля бабулі – маці Антаніны – Ганны Канавалавай, трымаюць плакат з надпісам: «Маму і тату забрала войска таракана».

«Што трэба для таго, каб разарваць ланцуг распачатага зла? – паўтарае Ганна Канавалава пытанне Марфы Рабковай з яе апошняга слова. – Я думаю, зброя. Бо праз некаторы час нам спатрэбіцца куды больш свечак – рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні днём, ні ноччу».

Жанчына распавядае, што рэдка атрымлівае лісты ад дачкі, кажа, што ёй цяжка. Але дадае, што яе зяцю Сяргею Ярашэвічу яшчэ цяжэй. Па апошняй інфармацыі, яму збіраюцца ўзмоцніць рэжым і перавесці ў крытую турму, а магчыма – і дабавіць тэрмін (Сяргей Ярашэвіч асуджаны на пяць з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму).

Пад беларускай амбасадай у Варшаве актывісты Amnesty International разам з беларусамі запалілі 1339 свечак за 1339 палітвязняў у Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Тым часам людзі пачынаюць запальваць свечкі. Іх у дзясятак разоў больш чым удзельнікаў акцыі. Уздоўж плоту перад амбасадай стаяць польскія паліцыянты. На іх таксама падае цёплае святло ад знічак. А цемра за іхнымі плячыма падаецца яшчэ больш густой.

«Мы будзем жыць, калі Лука здохне»

Сустракаемся позіркамі з былым палітвязнем Ігарам Банцэрам. Пытанне Марфы Рабковай пра тое, што трэба зрабіць, каб разарваць ланцуг зла, задаём і яму.

«Я, як чалавек, які сябе назваў апошнім «рокэнрольшчыкам» усходняй Еўропы, адкажу цытатай са Стаса Пачобута, брата палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута. Быў такі супергурт «Deviation», вельмі важны для беларускай незалежнай сцэны, і Стас спяваў такую песню: «Мы будзем жыць, калі Лука здохне». Гэта музычная цытата», – адказвае Ігар Банцэр.

Пад беларускай амбасадай у Варшаве актывісты Amnesty International разам з беларусамі запалілі 1339 свечак за 1339 палітвязняў у Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Полацкі паэт і блогер Алесь Круткін, якога таксама сустракаем на акцыі, лічыць, што ў Варшаве перад беларускай амбасадай агонь трэба падтрымліваць штодзень, як гэта робяць у Вільні на «Вахце святла».

«Не ведаю, ці будзе гэта дастаткова, каб разагнаць цемру. Пэўна, не. Але калі гэта будзе паўсюль, каля кожнай лукашысцкай амбасады, у кожным месцы, дзе жыве хаця б адзін беларус, то гэта будзе значны крок да волі», – кажа Алесь Круткін.

Пад беларускай амбасадай у Варшаве актывісты Amnesty International разам з беларусамі запалілі 1339 свечак за 1339 палітвязняў у Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Некаторыя свечкі гаснуць ад парываў ветру. Іх зноў запальваюць і пераносяць з ходніка ў больш абароненае месца.

«Кожнае святло, якое мы запальваем, у тым ліку ўнутры сябе, так ці інакш прывядзе нас да перамогі. Трэба працягваць змагацца, працягваць адстойваць сваю пазіцыю, а калі трэба – крычаць, крычаць на ўсю Еўропу, на ўвесь свет. Галоўнае – не здавацца, я лічу. Як кажуць, самая густая цемра – перад досвіткам. Так ці інакш – ён настане», – гаворыць яшчэ адзін удзельнік акцыі беларус Аляксандр Сушчэўскі.

Акцыя скончылася праз гадзіну, але людзі адразу не разыходзіліся. Моўчкі глядзелі, як разгараюцца свечкі і як святло набірае моцы…

Рэпартаж
«Ноч, Менск, гукі стрэлаў…» У Варшаве прэзентавалі другое выданне кнігі «(Не)расстраляныя»
2022.10.31 11:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў