Парталу «TUT.BY» споўнілася 22 гады


Партал «TUT.BY» пачаў працу 5 кастрычніка 2000 года. Рэжым Лукашэнкі разграміў самы папулярны інтэрнэт-рэсурс летась, падчас зачысткі незалежных беларускіх медыяў.

Офіс TUT.BY. Крыніца: TUT.BY

«TUT.BY» заснаваў бізнесовец Юрый Зісер (ён памёр у траўні 2020 года). Спачатку на сайце была толькі электронная пошта, навіны, гасцявая кніга, публікаваўся кошт паліва, курсы валютаў і надвор’е. З цягам часу на партале зʼяўляліся новыя сэрвісы, праекты, паслугі.

З 2004 года на пасадзе галоўнага рэдактара працавала Марына Золатава.

Са звестак кампаніі «Gemius» за красавік 2021 года, у «TUT.BY» было больш за 3 300 000 наведнікаў з Беларусі.

Справа «БелТА»

У 2018 годзе ў рэдакцыі прайшлі вобшукі, журналістаў і рэдактараў парталу дапытвалі ў Следчым камітэце. Была заведзеная крымінальная справа па факце «несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі». Нагодай стала скарга дзяржаўнага агенцтва «БелТА» на збоі ў доступе да платнай падпіскі. Паводле следства, працаўнікі «TUT.BY» карысталіся стужкай навін, заходзячы праз чужы логін. Золатаву абвінавацілі паводле артыкулу «Бяздзейнасць службовай асобы», суд прызначыў ёй штраф 300 базавых велічынь.

Разгром «TUT.BY»

18 траўня 2021 года Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да парталу, абвінаваціўшы «TUT.BY» у «шматлікіх фактах парушэнняў Закону аб СМІ, публікацыі забароненай інфармацыі». У гэты ж дзень Камітэт дзяржкантролю завёў крымінальную справу паводле артыкулу «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». 15 супрацоўнікаў «TUT.BY», у тым ліку Золатава, былі арыштаваныя і змешчаныя ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх усіх палітвязнямі. Пад хатні арышт пасадзілі таксама ўдаву Зісера Юлію Чарняўскую.

У жніўні 2021 года суд у Менску прызнаў рэсурс экстрэмісцкім, у чэрвені 2022 года экстрэмісцкай абвясцілі арганізацыю «ТУТ БАЙ МЕДИА». Суд пастанавіў зліквідаваць яе і забараніць сімволіку выдання.

У «падатковай справе» за кратамі дагэтуль застаюцца генеральная дырэктарка «TUT.ВY» Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава. Астатніх фігурантаў вызвалілі з СІЗА, але абвінавачванняў не знялі. З усіх фігурантаў прысуд вынеслі толькі Дар’і Данілавай – менеджарцы TAM.BY (сервіс быў у складзе «ТУТ БАЙ МЕДИА») і дырэктарцы «RocketData». Ёй прызначылі 1 год 4 месяцы калоніі і адпусцілі ў зале суда, залічыўшы тэрмін, што яна правяла ў следчым ізалятары.

Запуск «Zerkalo.io»

Частка каманды «TUT.BY» зʼехала за мяжу і 8 ліпеня 2021 года абвясціла пра адкрыццё новай платформы, Zerkalo.io. У адмысловай заяве было адзначана, што рэсурс спыніць сваё існаванне ў той жа дзень, калі «TUT.BY» зможа легальна ўзнавіць паўнавартасную працу ў Беларусі з усім архівам публікацыяў.

Артыкулы
«Усё роўна мы ўсе тутбаеўцы». Як жыве «экстрэмісцкая» рэдакцыя Zerkalo.io ў «вымушанай камандзіроўцы»
2022.02.09 07:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў