ЗСУ актывізаваліся на бярдзянскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 559-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Данецкая ваобласць, Украіна.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць у ваколіцах сяла Новаягораўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. Паводле ўкраінскага камандавання, пакуль сілам абароны краіны ўдаецца стрымліваць наступ праціўніка.

Акрамя гэтага расейцы атакавалі ў ваколіцах Белагораўкі ў Севераданецкім раёне, а таксама не дасягнулі поспеху.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны атакавалі каля населеных пунктаў Торскае і Дзіброва ў Краматорскім раёне Данецкай вобласці. У Міністэрстве абароны РФ сцвярджаюць, што ўсе тры атакі ЗСУ былі адбітыя.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Збройныя сілы Украіны наступаюць на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што цягам содняў украінцы прасунуліся ў заходняй частцы сяла Клішчэеўка і ўзялі пад свой кантроль участак дарогі, якая ідзе цераз населены пункт.

У адказ УС РФ контратакавалі, імкнучыся вярнуць страчаныя пазіцыі, але поспеху не дасягнулі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Ранкам 5 верасня ўкраінскія вайскоўцы актывізаваліся на ўсходзе ад так званага ўрэмеўскага выступу і атакавалі пазіцыі праціўніка ў населеных пунктах Новаданецкае і Новамаёрскае.

Тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што таксама ЗСУ спрабуюць рухацца ўздоўж лесапалосаў у бок сёлаў Старамлынаўка і Керменчык (на паўднёвым захадзе ад Новаданецкага), імаверна, плануючы ўдарыць паміж зонамі адказнасці розных брыгадаў войскаў РФ.

Палкоўнік так званай ДНР Аляксандр Хадакоўскі адзначае, што атакам ЗСУ на Новаданецкае і Новамаёрскае папярэднічалі масіраваныя артылерыйскія абстрэлы прылеглых участкаў фронту, у выніку чаго ўдалося знішчыць мінныя палі перад сёламі. Такія дзеянні дазволілі ўкраінцам прымяніць цяжкую тэхніку для дастаўкі асабовага складу наўпрост да пазіцыяў праціўніка.

Тэлеграм-канал 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ, спаслаўшыся на свае крыніцы, піша пра поспехі сілаў абароны краіны каля Новамаёрскага.

Разам з тым прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што ўсе атакі ўкраінцаў на гэтым участку фронту былі адбітыя.

У гэты ж час на самім урэмеўскім выступе фіксуюцца баі каля сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы развіваюць наступ на поўдні ад гораду Арэхаў.

Цяжкія баі фіксуюцца каля сяла Вербавае, у асноўным – на паўднёвым захадзе ад населенага пункту, дзе ЗСУ намагаюцца прабіцца да лакальных вышыняў. Байцы 46-й брыгады фіксуюць поспехі сілаў абароны на гэтым участку, хоць і адзначаюць актыўныя дзеянні абодвух бакоў канфлікту, у выніку чаго асобныя пазіцыі часцяком пераходзяць з рук у рукі.

Прасоўванні ЗСУ каля Вербавага пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.

Адначасова з гэтым украінцы наступаюць каля суседняга сяла Новапракопаўка, дзе за содні ўдалося заняць прынамсі адзін з важных апорных пунктаў праціўніка.

Расейцы ў сваю чаргу сцягваюць да населенага пункту рэзервы, каб стабілізаваць лінію фронту.

У 46-й аэрамабільнай брыгадзе ЗСУ адзначаюць, што павольныя прасоўванні на мелітопальскім кірунку ў першую чаргу звязаныя з асаблівасцямі мясцовасці, якія не дазваляюць украінцам перамяшчацца незаўважна.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў