Навошта Польшча інвестуе ў свабоду Беларусі?

Польшча не можа пагадзіцца на візавыя абмежаванні ў дачыненні шараговых грамадзянаў Беларусі. Бо гэта пярэчыць нацыянальным інтарэсам Польшчы.

Ніводная краіна Еўропы не разумее беларусаў так, як Польшча. Пасля 2020 года мне давялося напісаць артыкул пра Беларусь у чэшскія медыі, тлумачыць зусім базавыя рэчы. Пра рэпрэсіі, палітвязняў, пераслед Саюзу палякаў. І ўжо тады праз год пасля выбараў, у 2021 годзе, беларуская тэматыка там амаль адсутнічала. Гэта не віна чэхаў, эстонцаў, славакаў або іспанцаў, што яны асабліва нічога не ведаюць пра Беларусь і не цікавяцца гэтаю тэматыкаю. Гэта віна Беларусі Лукашэнкі, адсутнасці сапраўднай дыпламатыі цягам ужо больш як 28 гадоў дыктатуры. Вось таму некаторыя краіны Еўропы сёння лёгкай рукой спрабуюць закінуць шараговых беларусаў у адзін мяшок з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі. Маўляў, калі беларусы ў Менску не хочуць кідацца пад кулі, каб зрынуць рэжым, няма ім месца ў Еўропе. Такое недальнабачнае меркаванне могуць выказваць толькі краіны, якія ніколі асабліва не падтрымлівалі і не дапамагалі беларускаму дэмакратычнаму руху. Але не Польшча, якая сёння фінансуе буйныя незалежныя беларускія медыі.

Консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Горадні. Афіцыйная Варшава падтрымлівае незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі.
Фота: Белсат

Складана сабе ўявіць, што Варшава адною рукою будзе падтрымліваць беларускіх журналістаў, якія распавядаюць суайчыннікам пра свабоду і дэмакратыю ў Еўропе, а другою – забароніць уезд у свабодную Еўропу звычайным беларусам. Гэта адна з прычынаў, але не галоўная прычына таго, чаму Польшча не можа далучыцца да ўвядзення візавых абмежаванняў для беларусаў.

Уведзеная ў 2008 годзе карта паляка, з якой так моцна змагаўся рэжым Лукашэнкі і якую крытыкавалі некаторыя кансерватыўныя беларускія дзеячы, сапраўды моцна прывязала Польшчу да беларускай тэматыкі. Са звестак, якія я нядаўна атрымаў ад польскага МЗС, вынікае, што да канца 2021 года такі дакумент атрымалі амаль 150 тыс. грамадзянаў Беларусі. А гэта дазваляе атрымаць гадавую візу, легальна працаваць у Польшчы і вяртацца на выходныя, напрыклад, у Берасце ці Горадню. Як у такой сітуацыі Польшча магла б увесці візавыя абмежаванні? Аддаваць перавагу адным грамадзянам Беларусі польскай нацыянальнасці і стыгматызаваць іншых? Немагчыма, каб нейкі цвярозы польскі палітык падтрымаў такую ідэю. І акурат таму Польшча павінна і будзе блакаваць розныя спецыфічныя ініцыятывы асобных краінаў ЕЗ, якія не маюць такіх сувязяў з Беларуссю, не маюць там сваёй вялізнай нацыянальнай меншасці, не інвеставалі цягам доўгіх гадоў у яе дэмакратычныя перамены і вольнае слова. Краіны, якія не мяжуюць з беларусамі, не адчуваюць да іх гістарычнай і культурнай прывязанасці.

Пакінуць беларускую тэматыку і закрыць мяжу Польшча таксама не можа і з прычыны ўласнай бяспекі. Бо ў Варшаве выдатна разумеюць, што лепш мець на сваёй мяжы незалежную, дэмакратычную і прадказальную краіну, а не агрэсіўную імперыю. Няхай не сёння, але праз 5, 10 ці 15 гадоў. Такая вось доўгатэрміновая інвестыцыя ў свабоду свайго суседа.

Hавiны
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія хочуць абмежаваць уезд грамадзянам Расеі ў краіны ЕЗ
2022.09.01 09:28

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў