У Грузіі працягваюць шукаць людзей пасля сходу апоўзня. Вядома пра 15 ахвяраў


Увечары 3 жніўня на курорце Шові ў горным рэгіёне Грузіі Рача сышоў апоўзень. На дзень 5 жніўня ў выніку катаклізму загінулі 15 чалавек. Больш за 20 не выходзяць на сувязь, іх шукаюць ратавальнікі. Адмыслоўцы кажуць, што такога маштабу геалагічнай катастрофы ў Грузіі яшчэ не было.

Апоўзень у Шові, Рача, Грузія.
Фота: gov.ge

Ратавальная аперацыя ў Шові трывае ўдзень і ўначы. На месцы трагедыі працуюць каля 600 чалавек, разам з ратавальнікамі – у тым ліку вайскоўцы. Яны зазначаюць, што ўмовы для пошукаў вельмі неспрыяльныя: грунт нестабільны, яго глыбіня складае 4-5 метраў.

З зоны бедства да вечара 5 жніўня эвакуявалі 210 чалавек. Загінулымі знайшлі 15, апазнаныя з іх не ўсе. Некаторыя целы настолькі пашкоджаныя, што спатрэбіцца аналіз ДНК, каб высветліць асобы загінулых.

Больш за 20 чалавек лічацца зніклымі без вестак. У мясцовых чатах распаўсюджваюцца допісы з фотаздымкамі асобаў, якія не выходзяць на сувязь, іх шукаюць сябры і блізкія. Большасць загінулых і зніклых – грузіны. Вядома таксама пра грамадзянку Расеі Ксенію Трычаву, сувязь з якой адсутнічае з моманту сходу апоўзня.

Апоўзень у Шові, Рача, Грузія.
Фота: gov.ge

Ахвярамі стыхіі сталіся цэлыя сем’і. 5 жніўня знайшлі загінулай Аліну Палікоўскую. Дасюль невядомы лёс ейнага мужа Зазэ Мэсхі ды іхных траіх дзяцей. Сярод зніклых ёсць сям’я з 9 чалавек.

Спікер грузінскага парламенту Шалва Папуашвілі паабяцаў з боку дзяржавы падтрымаць сем’і пацярпелых і загінулых, у тым ліку фінансава.

Паводле рашэння прэм’ер-міністра Грузіі Іраклі Гарыбашвілі, панядзелак 7 жніўня абвешчаны ў краіне днём жалобы. З 00:00 7 жніўня да 00:00 8 жніўня паўсюль будуць спушчаныя дзяржаўныя сцягі.

Забаўляльныя імпрэзы па ўсёй Грузіі адмененыя таксама на выходныя 5-6 жніўня.

Апоўзень у Шові, Рача, Грузія.
Фота: gov.ge
Апоўзень у Шові, Рача, Грузія.
Фота: t.me/nlevshitstelegram

Людзі ў сацсетках крытыкуюць хаду ратавальнай аперацыі, задаюць пытанні, чаму гэтая трагедыя ўвогуле здарылася, чаму не працуе сістэма маніторынгу і ранняга апавяшчэння, з’яўляецца інфармацыя, што катастрофы можна было пазбегчы, калі б адсочваліся змяненні ўзроўню вады ў рацэ Буба ў курорце Шові, пагатоў напярэдадні два дні ішлі дажджы. У каментарах пішуць, што мясцовыя жыхары бачылі прадвеснікі і казалі пра іх – апоўзнева-паводкавы працэс прывёў да спынення цячэння ракі ўнізе рэчышча.

Эвакуацыя пасля сходу апоўзня ў Шові. Рача, Грузія.
Фота: t.me/nlevshitstelegram

Паводле геолага Мэраба Гафрынадашвілі, прыроднай з’явы такога маштабу ў Заходняй Грузі раней не было, калі не лічыць землятрусу 29 красавіка 1991 года. Тады ў той жа Рачы была зруйнаваная вёска. Цяпер у выніку апоўзня з гораў сышло больш за 5 мільёнаў кубаметраў зямлі.

У Грузіі працуе гарачая лінія для атрымання інфармацыя пра катаклізм у Рачы: +995 598 913 089 ці 112.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў