Беларусь увяла памежны кантроль з Расеяй «да асаблівага распараджэння»


На беларуска-расейскай мяжы 5 траўня беларускія памежнікі пачалі ўсталёўваць КПП, паведамляюць беларускія медыі. Вядома, што на ўездзе ў Беларусь правяраюць пашпарты.

Беларуская мяжа. Крыніца: toursoyuz.by

Пункты пропуску для транспарту, які ўязджае з Расеі, заўважылі на трасе М10 і М1 у Гомельскай вобласці. Тэлеграм-канал «Флагшток» паведамляе, што «на выездзе з РБ праз Добруш усталёўваюць нейкія КПП у выглядзе церамкоў. Працуюць памежнікі».



У Дзяржпамежкамітэце парталу «Зеркало» пацвердзілі, што памежнікі будуць правяраць дакументы на ўездзе ў Беларусь.

«На выездзе няма, гэта на ўезд. Згодна з заканадаўствам аб органах памежнай службы, на ўездзе ў Рэспубліку Беларусь цяпер будзе весціся правяранне дакументаў», – паведамілі ў Дзяржпамежкамітэце. У ведамстве дадалі, што гэта часовы крок.

На гарачай лініі Дзяржпамежкамітэту пацвердзілі, што кантроль будзе весціся на асноўных уездах у краіну «да асаблівага распараджэння».

«Так, праводзяцца зараз пэўныя мерапрыемствы. Гэта ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні візаў з Расеяй. На шасці асноўных кірунках працуе гэты кантроль. Гэта толькі на ўезд», – заявілі ў ведамстве.

Калі скончыцца кантроль на беларуска-расейскай мяжы, невядома.

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» дадае, што ў чатах перасячэння мяжы паведамляюць аб вялікай чарзе на трасе М1. Там кантроль вядзецца ўжо каля трох гадзінаў, нібыта «ўсіх выганяюць з машынаў, абшукваюць, запісваюць дакументы». Таксама КПП з’явіўся на трасе паміж беларускім паселішчам Лёзна ў Віцебскай вобласці і расейскім горадам Рудня, да яго выстраілася чарга на некалькі кіламетраў да вёскі Круглоўка ў Смаленскай вобласці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў