Чаму беларускія банкі пачалі мяняць валюту разлікаў па картках на юань і што гэта значыць для карыстальнікаў?


Некалькі банкаў у Беларусі з 3 красавіка зрабілі кітайскі юань валютай разлікаў па картках «Mastercard». Чаму банкі гэта робяць і якімі будуць наступствы для трымальнікаў такіх картак, разбіраліся са старшай навуковай супрацоўніцай даследчага цэнтру BEROC Настассяй Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Альфа Банку» ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

З 3 красавіка 2023 года некалькі банкаў у Беларусі змянілі валюту разлікаў па картках плацежнай сістэмы «Mastercard», ёй стаў кітайскі юань. Так «БНБ-Банк» і «Белгазпрамбанк» перайшлі на юань з еўра, а «Альфа Банк» – з долару. Паводле Настассі Лузгіной, такім чынам банкі спрабуюць панізіць рызыкі пры разліках іх карткамі за мяжой і павысіць верагоднасць правядзення трансакцыяў на фоне санкцыйных перашкод. Аднак для трымальнікаў картаў пры разліках за мяжой прывязка да юаняў можа азначаць большыя выдаткі з-за зʼяўлення яшчэ адной канвертацыі валютаў.

Чаму банкі гэта робяць?

Настасся Лузгіна адзначае, што такім шляхам банкі спрабуюць мінімізаваць рызыкі і пераадолець праблемы аплаты іх карткамі за мяжой. «Вядома шмат выпадкаў, калі карткі беларускіх банкаў не працавалі ў іншых краінах альбо працавалі кепска. Зыходзячы з гэтага, пераход на юані выглядае як варыянт павышэння надзейнасці працы картак і імавернасці правядзення транзакцыяў», – кажа экспертка.

Яшчэ адна прычынна прывязкі трыма банкамі картак «Mastercard» да юаня – агульны кірунак на пашырэнне выкарыстання кітайскай грашовай адзінкі ў разліках у Беларусі. На Беларускай валютна-фондавай біржы абʼёмы таргоў юанем трэція пасля расейскага рубля і долара, абʼёмы гандлю еўра зусім невялікія. Лузгіна лічыць, што беларускія банкі «спрабуюць у пэўнай ступені прыбраць з разлікаў валюту так званых не дружалюбных да Беларусі краінаў, магчыма працуючы на перспектыву».

Асабліва гэтая перспектыва заўважна пры міжнародных пераводах. Любы міжнародны банкаўскі перавод у еўра з Беларусі можа быць адменены, бо абавязкова праходзіць праз еўрапейскія банкі, якія жорстка прамяняюць санкцыі. Тады як пры пераводзе спачатку ў юанях перашкодаў амаль няма. Кітайскія банкі пераважна не так строга прытрымліваюцца санкцыяў у параўнанні з еўрапейскімі калегамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карта «Mastercard».
Фота: Pexels

«Калі ж кажам пра карткі, то банкам прасцей ажыццяўляць праз кітайскія банкі такія трансакцыі з улікам таго, што кітайскі юань уваходзіць у валютны кошык Беларусі, і валютны курс разлічваецца на прамую праз каціроўкі на біржы», – кажа суразмоўца.

Якія праблемы могуць узнікнуць у карыстальнікаў?

За паніжэнне рызыкаў і павышэнне імавернасці правядзення трансакцыяў карыстальнікі картак «Mastercard» павінны будуць заплаціць больш высокімі выдаткамі, звязанымі з дадатковай канвертацыяй, але толькі пры разліках за мяжой. Калі картка ў беларускіх рублях, то за мяжой плацеж з яе раней праходзіў канвертацыю з беларускіх рублёў у еўра ці долары, і страты калі і былі, то толькі звязаныя з адрозненнем курсаў у Беларусі і курсаў, устаноўленых «Mastercard». Цяпер жа ўладальнік такой карты павінен ведаць, што плацеж спачатку будзе канвертаваны з беларускай валюты ў кітайскую, а потым у еўра. Калі гэта еўрапейская краіна, дзе ходзіць ячшэ ўласная валюта, напрыклад Польшча, то будзе яшчэ і канвертацыя ў нацыянальную валюту. Нават пры наяўнасці карты ў еўра плацеж з яе ў кліентаў трох названых вышэй банкаў будзе спачатку канвертавацца ў юань, а потым зноў у еўра ці ў мясцовую валюту.

Як лічыць Лузгіна, ці не адзіны спосаб пазбегнуць дадатковай канвертацыі – адкрыць картку ў юанях і пакласці на яе суму ў гэтай валюце прама ў Беларусі, а потым ужо з ёй ехаць за мяжу. Будзе толькі адна канвертацыя – альбо ў еўра, альбо ў долар, альбо ў нацыянальную валюту краіны знаходжання беларускага падарожніка. Пры разліках з Кітаем увогуле канвертацыі не будзе. Трэба аднак улічваць, што пры разліках будуць прымяняцца курсы канвертацыяў, якія ўстанаўлівае «Mastercard», і яны могуць адрознівацца ад курсаў валют у Беларусі.

«Але ўсе гэтыя складанасці ўзнікаюць толькі пры разліках за мяжой. Для карыстальнікаў картак «Mastercard» у Беларусі амаль нічога не зменіцца, – падсумоўвае экспертка.

Настасся Лузгіна сумняваецца, што прывязка трыма банкамі картак «Mastercard» да юаня прывядзе да росту попыту на карткі іншых плацежных сістэмаў, асабліва «Visa». Прывязку ўвялі толькі тры банкі, не самыя вялікія ў Беларусі. Апроч таго, звычайна ў Беларусі адна асоба мае карткі некалькіх плацежных сістэмаў, у тым ліку «VISA». Наадварот, аматары падарожжаў, якія маюць «Visa», хутчэй паспрабуюць адкрыць сабе яшчэ і картку «Mastercard» з прывязкай да юаня.

Як юань прыходзіць у Беларусь?

Таргі ў кітайскай валюце Беларуская валютна-фондавая біржа пачала 18 сакавіка 2022 года. З 15 ліпеня 2022 года Нацбанк РБ уключыў юань у склад кошыка замежных валют. Размеркаванне ў кошыку было закладзена такое: 50% – расейскі рубель, 30% – долар ЗША, па 10% еўра і кітайскі юань.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайская валюта.
Фота: CFOTO / ddp images / Forum

Паводле звестак Нацбанку, па стану на 1 студзеня 2023 года знаходзілася ў абарачэнні 18 075 485 адзінак банкаўскіх плацежных картак. Годам раней іх было 15 730 210 штук. Прырост склаў 2 345 275 ці 15%. Для параўнання, за ўвесь 2021 год колькасць банкаўскіх картак вырасла ўсяго на 1, 57%, або 240 тысяч карт.

Эканамічныя медыі Беларусі звязваюць такі значны рост колькасці картак беларускіх банкаў з інтарэсам да іх з боку грамадзян Расейскай Федэрацыі, якія сутыкнуліся з санкцыямі пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне. Пры гэтым, расейцаў цікавілі карткі ўсіх плацежных сістэм, у тым ліку і БЕЛКАРТ, бо нацыянальная плацежная сістэма выпусціла кабрэндынгавыя карткі БЕЛКАРТ/МИР, з якімі можна было разлічвацца ў падарожжах. На пачатак 2022 года ў звароце знаходзіліся 3 534 707 картак БЕЛКАРТ. Цяпер на сайце беларускай плацежнай сістэмы размова ідзе пра больш чым 5 300 000 карт.

Аднак самымі хадавымі ў краіне працягваюць заставацца карты міжнародных плацежных сістэм «Visa» і «Mastercard». На пачатак 2022 года іх агульная колькасць перавышала 12 200 000 адзінак. Пры гэтым колькасці картак «Visa» трохі перавышае колькасць «Mastercard». Гэтыя плацежныя сістэмы сышлі з Расеі ў сакавіку 2022 гада, іх замежныя карты не працуюць у Расеі, а раней выпушчаныя расейскімі банкамі карткі гэтых сістэмаў не працуюць за мяжой. Таму расейскія грамадзяне актыўна пачалі адкрываць карткі не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах СНД. Паралельна ў Расеі расце попыт на юань. У 2022 годзе абʼём гандлю юанем на Масбіржы вырас у 40 разоў. Юань актыўна прымяняецца Расеяй ва ўзаемаразліках з Кітаем.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў