Памежная служба Польшчы налічыла 130 асобаў, якія напярэдадні, 4 лютага, спрабавалі трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Затрыманыя тры асобы, якія «садзейнічалі незаконнаму перасячэнню мяжы», паведаміла ведамства ў сваім Twitter.
Большасць парушэнняў зарэгістравана на ўчастку мяжы з Берасцейскай вобласцю: 59. Таксама працягваюцца спробы трапіць у Польшчу па рэках, у суботу 11 асобаў пераплылі Свіслач.
У Памежнай службе паведамілі, што сярод мігрантаў былі грамадзяне Сірыі, Афганістану, Емена і Іраку.
Ведамства таксама апублікавала відэа, на якім відаць, як мігранты нясуць да агароджы, што стаіць на мяжы, драбіну.
«Іншаземцы плацяць арганізатарам, якія давозяць іх да самай мяжы, даюць драбіны, нажніцы для рэзкі дроту», – адзначылі ў Памежнай службе.
Крызіс на беларуска-польскай мяжы не сціхае з восені 2021 года. Польшча абвінавачвае Беларусь у спрыянні мігрантам, у Менску кажуць, што «Еўропа сама паклікала гэтых людзей».
Сяргей Крот belsat.eu