Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах


Улады Расейскай Федэрацыі дагэтуль не гатовыя прызнаць распаду расейскай і савецкай імперыяў, заяўляючы пра несапраўднасць краінаў, якія вызваліліся з-пад прыгнёту Масквы за апошняя стагоддзе. Гэтым у тым ліку тлумачыцца і сённяшняя вайна супраць Украіны. Але калі варушыць гняздо тэрытарыяльных прэтэнзіяў, то варта памятаць, што і ў суседніх краінаў ёсць шмат заўвагаў да сённяшніх межаў РФ. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, хто і як малюе свае мапы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першамайскі парад у Сімферопалі, 2019 год.
Фота: glava.rk.gov.ru

На сённяшні дзень Расея мяжуе з такімі краінамі, як Азербайджан, Беларусь, Грузія, ЗША, Казахстан, Кітай, КНДР, Літва, Латвія, Манголія, Нарвегія, Польшча, Украіна, Фінляндыя, Эстонія ды Японія. І амаль у кожнай з іх жывуць людзі, якія лічаць межы РФ незаслужана вялікімі. Выступаючы са сваімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да суседзяў, Крэмль дае і ім аргументы на карысць сваіх гістарычных правоў.

Азербайджан

У Баку яшчэ ў 1991 годзе была сфармуляваная ідэя Вялікага Азербайджану, які ахоплівае землі ад расейскага Дэрбенту да Персідскай затокі. Яе прыхільнікам быў у тым ліку і прэзідэнт Абульфаз Эльчыбей, які кіраваў краінай у 1992–1993 гадах. Былі створаныя адпаведныя арганізацыі. З ідэяй забраць у Расеі Дагестан выступаў у 2014 годзе і лідар Дэмакратычнай партыі Сардар Джалалаглы.

«Калі Расея хоча стаць саюзніцай Азербайджану, то яна павінна вярнуць нам нашую гістарычную зямлю Дагестан», – лічыць Джалалаглы.

Беларусь

Свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расеі ёсць і ў пэўных жыхароў Беларусі ды нават у Аляксандра Лукашэнкі, які выстаўляе сябе як вернага хаўрусніка Масквы.

Калі Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918 годзе абвяшчала сваю незалежнасць, то ў сваю тэрыторыю яна ўключала ў тым ліку і часткі сённяшняй Расеі – паўднёвыя землі Пскоўскай вобласці ды заходнія Бранскай і Смаленскай з гарадамі Себеж, Вялікія Лукі, Смаленск, Бранск. Аналагічныя землі ўключала ў свой склад і абвешчаная 31 снежня 1918 года ў Смаленску Савецкая Беларусь. Неўзабаве Смаленшчыну з яе складу бальшавіцкі ўрад выключыў, але яшчэ да канца 1920-х там актыўна працягвалі працаваць беларускія школы і арганізацыі, пакуль іх не ліквідавалі камуністычныя ўлады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Нават Лукашэнка 17 кастрычніка 2014 года нагадаў, што «частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх земляў калісьці належала Беларусі». Больш за тое, выказваў ён прэтэнзіі і на Калінінградскую вобласць, якую, паводле яго, БССР мусіла атрымаць пасля вайны, «а не Расея».

Пасля заяваў Лукашэнкі 2014 года на сайце бранскай газеты «Горад Б» большасць чытачоў прагаласавала за Бранск у складзе Беларусі. А ў Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці распачалі збор подпісаў за далучэнне яго да нашай краіны. Дый яшчэ раней – у 2008 годзе – удзельнікі народных сходаў у шэрагу раёнаў Браншчыны і Смаленшчыны прымалі звароты да мясцовых саветаў дзеля далучэння да Беларусі.

Расейскія губерні, у якіх, паводле Даля, быў моцны ўплыў беларускай мовы. Інфаграфіка: Telegraf.by

Дарэчы, паводле расейскага філолага Уладзіміра Даля, у першай палове ХІХ стагоддзя па-беларуску размаўлялі нават побач з Масквой – каля Валакаламску, Ржэву і Мажайску.

Грузія

У Грузіі з Расеяй узброены канфлікт існуе з пачатку 1990-х, калі з-пад кантролю Тбілісі пры падтрыманні Масквы вырашылі выйсці Абхазія і Паўднёвая Асеція. У 2008 годзе канфлікт перарос у расейска-грузінскую вайну, па выніку якой Расея прызнала незалежнасць гэтых утварэнняў.

Але гэта не адзіная кропка магчымых рознагалоссяў паміж краінамі. Яшчэ ў 1918-1919 гадах Грузія спрабавала ўзяць пад свой кантроль Сочы, якія належаў раней грузінскім царам. У 2008 годзе дэпутат Коба Хабазі заявіў, што Тбілісі мае актывізаваць дзейнасць выстаўлення тэрытарыяльных прэтэнзіяў у рамках ААН і пачаць разгляд пытання аб прыналежнасці Сочы.

Нават Абхазія

Хоць сваю фактычную незалежнасць ад Грузіі Абхазія атрымала з дапамогай Расеі, нават у яе ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Масквы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра сяло Аібга, праз якое праведзеная расейска-абхазская мяжа. Абхазы ў сваіх прэтэнзіях спасылаюцца на савецкія законы, у якіх сяло было абхазскім. Цяпер ужо былая віцэ-спікер парламенту Абхазіі Ірына Агрба нават назвала гэтую праблему «пэўнай праверкай даверных і дружалюбных адносін» паміж Масквой і Сухумі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія міратворцы атрымліваюць падарункі ад жыхароў Нагорнага Карабаху на ваенным кантрольна-прапускным пункце на дарозе ў Шуші і Горыс у дзень міратворца Расеі. 9 лістапада лідары Арменіі, Расеі і Азербайджану падпісалі пагадненне аб спыненні агню з мэтай спынення ваеннага канфлікту вакол спрэчнага Нагорнага Карабаху і разгортвання расейскіх міратворчых сіл у рэгіёне. 25 лістапада 2020 года.
Фота: Максім Грыгор’еў / TASS / Forum

Казахстан

Расейскія дэпутаты рэгулярна выказваюць свае прэтэнзіі да Казахстану, але ж свае мапы ёсць і па той бок расейска-казахстанскай мяжы. Гэтак, 14 верасня, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Казинформ» у якасці ілюстрацыі да тэксту аб мадэрнізацыі дзяржаўнай мовы размясціла мапу, на якой да Казахстану аднеслі ўчасткі тэрыторыяў, якія належаць Расеі, з гарадамі Арэнбург і Омск.

Ёсць у казахстанскіх (дый азербайджанскіх) уладаў прэтэнзіі і да шэльфу Каспійскага мора, дзе маюцца вялікія запасы нафты, газу і рыбы. Мора было падзеленае ў 1940 годзе яшчэ СССР і Іранам. Пасля развалу Савецкага Саюзу новага яго падзелу так і не адбылося.

Скрыншот з сайту «Казинформ»

Цікава, што за савецкім часам Казахстан мог стаць істотна большым. У 1919 годзе лідары башкірскага нацыянальнага руху прапаноўвалі стварыць супольную рэспубліку з казахамі. Але Масква на такі крок не пайшла.

Карэя

Прадметам тэрытарыяльнай спрэчкі застаецца востраў Нактундо (Аленіны) на рацэ Туманная ў Прыморскім краі. У 1990 годзе СССР і Паўночная Карэя падпісалі дамову аб устанаўленні дзяржаўнай мяжы па фарватары ракі, у выніку чаго тэрыторыя вострава былая прызнаная савецкай. Гэта не прызнала Паўднёвая Карэя, якая лічыць Нактундо дый КНДР тэрыторыяй адзінай Карэі.

Пры гэтым у карэйцаў ёсць прэтэнзіі і на больш паўночныя землі на тэрыторыі расейскага Прымор’я, якія Расея атрымала яшчэ ў 1860 годзе, – Усурыйскі край. У РФ мяркуюць, што падштурхнуць Паўднёвую Карэю або «адзіную Карэю» да новых прэтэнзіяў у адрас Расеі, можа банальная перанаселенасць невялікага карэйскага паўвострава і важнасць для карэйцаў кожнага кавалка зямлі.

Кітай

З боку Кітаю да Расеі маюць прэтэнзіі і камуністычная Кітайская Народная Рэспубліка са сталіцай у Пекіне, і капіталістычная Кітайская Рэспубліка на востраве Тайвань.

Урад Тайваню лічыць сябе наўпроставым спадкаемцам Цынскай імперыі ў Кітаі і прэтэндуе на ўсе землі, што раней належалі краіне. У іх ліку – тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Тува, з якой паходзіць расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу. Таксама Тайвань мае прэтэнзіі на 64 вёскі насупраць Благавешчанска. Яго плошча – 3600 км².

Спаленыя Сцягі Кітая і Расеі падчас акцыі пратэсту супраць вайсковага перавароту ў мястэчку Лаўнлон, М’янма. 8 красавіка 2021 года.
Фота: DAWEI WATCH / Reuters / Forum

Што датычыць Пекіну, то хоць ён афіцыйна і не мае прэтэнзіяў, але, як пішуць расейскія медыі, паводле неафіцыйных кітайскіх мапаў, увесь Далёкі Усход РФ – гэта тэрыторыя КНР, а ў афіцыйных падручніках гісторыі ў Кітаі сцвярджаецца, што «Сібір – часова страчаная тэрыторыя Паднябеснай».

Літва

На згаданы раней Калінінград мае прэтэнзіі і суседняя Літва. Напрыклад, у 1995 годзе ўдзельнікі круглага стала ў Вільні заявілі пра свае правы на рэгіён. Паводле іх, літоўскі бок мусіць паслядоўна выступаць за перадачу Калінінграду пад свой пратэктарат і паступовае (на працягу 50-60 гадоў) паглынанне «малой Літвы» (як раней у Літве называлі частку Усходняй Прусіі) Літвой «вялікай».

Латвія

Спрэчка паміж Латвіяй і Расеяй датычыць Пыталаўскага раёну Пскоўскай вобласці. Гэтую тэрыторыю замацавалі за Рыгай паводле мірнай дамовы паміж Савецкай Расеяй і Латвіяй ад 1920 года. Аднак у 1940 годзе СССР захапіў Латвію, а праз чатыры гаду перадаў у склад РСФСР і Пыталава (латышская назва – Яўнлатгале) з наваколлем. Пасля распаду СССР Латвія адмовілася прызнаць гэтыя змены, назваўшы Пыталава незаконна анексаванай тэрыторыяй. На думку латвійскіх палітыкаў, знаходжанне раёну ў складзе Расеі парушае латвійскую канстытуцыю, згодна з якой мяжу нельга мяняць без рэферэндуму.

Землі Латвіі ды Эстоніі, захопленыя Расеяй. Інфаграфіка: Wikimedia

Манголія

З пачатку ХХ стагоддзя года бярэ пачатак панмангольскі рух, што выступае за аб’яднанне мангольскіх народаў у адзіную дзяржаву. У Расеі да іх, напрыклад, належаць бураты, калмыкі ды іншыя. На канферэнцыі 1919 года ў расейскай Чыце пры ўдзеле буратаў было вырашана стварыць Вяліка-Мангольскую дзяржаву. Аднавіліся ідэі панмангалізму ў 1991 годзе. На хвалі дэмакратычных рэформаў і нацыянальнага адраджэння былі створаныя ў Манголіі «Рух за адзінства мангольскай нацыі», а ў Бураціі – «Рух за нацыянальнае адзінства Нэгэдэл» і «Бурат-Мангольская народная партыя».

Нарвегія

Ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расеі і ў Нарвегіі. Датычаць яны шэрагу астравоў у Арктыцы. Гаворка ідзе пра зямлю Франца Ёзэфа (у Нарвегіі яе называюць зямлёй Фрыцьёфа Нансэна), якую СССР замацаваў за сабой у 1929 годзе, і архіпелагу Шпіцберген, які Савецкі Саюз у 1945 годзе запатрабаваў перадаць у супольнае кіраванне. У Расеі на апошнім маюцца пасёлкі Барэнцбург, Піраміда і Грумант (апошнія два – закансерваваныя).

Украіна

У Украіны тэрытарыяльная спрэчка з Расеяй самая відавочная. Спачатку ўлады РФ акупавалі паўвостраў Крым, затым стварылі «рэспублікі» на частцы тэрыторыяў Луганскай і Данецкай вобласцяў, а цяпер і ўвогуле пачалі вайну супраць Украіны. У адказ украінскія дзеячы выставілі і свае прэтэнзіі да Крамля. Напрыклад, абвінавачанні ў крадзяжы Кубані.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецк, Украіна. 22 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

«Вы нашу Кубань таксама скралі… Калі ва Украіны будзе сумленнае кіраўніцтва, то вам давядзецца ўсё аддаць і ўсё вярнуць», – заявіў дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка палітык.

Абгрунтоўваюцца права Кіева таксама на Курск, Варонеж, Бранск, Белгарад і Растоў-на-Доне, якія раней належалі да казацкіх рэгіёнаў Старадубшчыны і Слабажаншчыны. Частка гэтых земляў у 1918 годзе была абвешчаная тэрыторыяй Украінскай Народнай Рэспублікі, а на Кубані існавала самастойная Кубанская Народная Рэспубліка, якая шчыльна супрацоўнічала з УНР. Былі спробу стварыць украінскую рэспубліку нават на расейскім Далёкім Усходзе (Амуршчына, Прымор’е, Усурыйскі край і іншыя), дзе пражывала шмат перасяленцаў з Украіны. Таганрог у сучаснай Растоўскай вобласці РФ быў часткай УССР да 1924 года.

Фінляндыя

Урад Фінляндыі афіцыйна не высоўвае прэтэнзіяў да Расеі, але такія арганізацыі, як «ProKarelia», клуб «Karelia» ці часопіс «Karjalan kuvalehti» настойваюць на ўключэнні ў склад краіны суседняй расейскай рэспублікі Карэліі.

Фіны і карэлы – два блізкія народы. Пасля расейскай рэвалюцыі ў 1917 годзе фіны здолелі атрымаць незалежнасць, а карэлы засталіся ў складзе Савецкай Расеі. У выніку вайны 1940 года СССР таксама захапіў паўночную частку Карэльскага пярэсмыка з гарадамі Выбарг і Сартавала, шэраг астравоў у Фінскай затоцы, частку фінскай тэрыторыі з горадам Куалаярві, частку паўвостраваў Рыбачы і Сярэдні. У 1940-1956 гадах у СССР існавала Карэла-Фінская ССР, якую пасля ліквідавалі і ператварылі ў аўтаномную рэспубліку ў складзе Расеі.

Фінляндыя і Карэлія. Інфаграфіка: BFM.ru

Эстонія

У суседняй Эстоніі прадметам афіцыйнай тэрытарыяльнай прэтэнзіі да Расеі з’яўляецца Пячорскі раён Пскоўскай вобласці і горад Івангарад Ленінградскай. Гэтыя землі былі часткай незалежнай Эстоніі ў 1920-1940 гадах. Але пасля савецкай акупацыі мяжа з РСФСР была праведзеная па рацэ Нарва, за кошт чаго былі падзеленыя гарады-спадарожнікі Нарва і Івангорад. Перадалі Расеі і Пячорскі павет. Пасля аднаўлення незалежнасці Эстоніі пытанне прыналежнасці тэрыторыяў зноў стала актуальным. Дамоўленасць адносна іх не дасягнутая і сёння.

Японія

Выпадак з японскімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі ці не самы знакаміты. Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў 1946 годзе Савецкі Саюз уключыў у свой склад Курыльскія астравы і паўднёвую частку вострава Сахалін, якія да таго належалі Японіі. Але мірная дамова паміж СССР, а пазней Расеяй, і Японіяй дагэтуль так і не была падпісаная. На сённяшні дзень Японія лічыць паўднёвыя Курылы (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, групу астравоў Хабамаі) сваёй акупаванай тэрыторыяй, а паўночны Сахалін – тэрыторыяй Расеі. Прыналежнасць паўночных Курылаў і Паўднёвага Сахаліну, на думку японскага боку, выклікае пытанні.

Расейскі і японскі погляды на прыналежнасць Курылаў і Сахаліну. Інфаграфіка: Wikimedia

Не толькі замежныя краіны

У складзе Расеі ёсць таксама шмат аўтаномных рэспублік (Адыгея, Алтай, Башкартастан, Бурація, Дагестан, Інгушэція, Кабардзіна-Балкарыя, Калмыкія, Карачаева-Чаркесія, Карэлія, Комі, Марый Эл, Мардовія, Паўночная Асеція, Татарстан, Тува, Удмурція, Хакасія, Чачэнія, Чувашыя, Якуція) і іншых нацыянальных утварэнняў (Ненецкая, Ханты-Мансійская, Чукоцкая, Ямала-Ненецкая аўтаномныя акругі), у якіх таксама неаднаразова выказвалі сепаратысцкія памкненні.

Прызыўнікі і праваслаўны святар на чыгуначнай станцыі перад адпраўкай на ваенную службу ў расейскую армію. Севастопаль, Украіна. 3 снежань 2021 года.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Ёсць асобна і тэрытарыяльны сепаратызм у пераважна расейскіх рэгіёнах, у тым ліку ў Сібіры, на Урале, Далёкім Усходзе і згаданай раней Калінінградскай вобласці.

Мы, безумоўна, з’яўляемся прыхільнікамі захавання дамоўленых межаў у Еўропе. Але, выказваючы свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі ды адмаўляючы іншым краінам у праве на існаванне, Крэмль адкрывае самую сапраўдную скрыню Пандоры, вынікам чаго можа стаць спыненне існавання Расеі ў тых межах, якія яна мае цяпер.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў