Крымінальны пераслед вясны

Беларускія дзяржаўныя ідэолагі заўсёды любілі ператвараць рэпрэсіі ў сімвалічны працэс. Так, каб ужо дакладна да ўсіх дайшоў пасыл. Пры гэтым нават не бянтэжыліся, калі адкрыта парушалі дзеючае – гэта значыць, самой жа ўладай прынятае і прызнаванае, – заканадаўства.

Цяперашнія рэпрэсіі – таксама з разраду сімвалічных. Не выпадкова ледзь не галоўнай падставай для пераследу на працягу апошніх месяцаў стала выкарыстанне былой дзяржаўнай сімволікі, якая дзейнічала са жніўня 1991 да траўня 1995 гг. Аказваецца, ніякі рэферэндум не здатны прымусіць беларусаў забыцца пра тое, што ў іх была далукашэнкаўская гісторыя. І вось, не чакаючы, пакуль орган, які замяняе ў нашай сістэме парламент, прыме папраўкі ў закон, якія абвясцілі б бел-чырвона-белую сімволіку экстрэмісцкай, пайшло-паехала: спачатку – сцягі, потым – пасцілу на фатаграфіі, потым – трусы, якія сохнуць на балконе. І ўсё гэта – калі менавіта ў такім, бел-чырвона-белым чаргаванні.

Акцыя салідарнасці каля станцыі метро Пушкінская, дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй прынялі ўдзел паслы краін ЕЗ. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г. фота: Света Фар / Белсат

Верхам імкнення да сімвалічнасці стала абвінавачванне ў адрас пенсіянерак, якія нібыта меліся спаліць чырвона-зялёнае пудзіла масленіцы. Можна, вядома, сказаць, што яны збіраліся наздзекавацца такім чынам над каляровай гамай дзяржаўнага сцяга. Але ў адказ можна пачуць: не, мы вызнаем культ вуду, і такім чынам імкнуліся нанесці шкоду здароўю галоўнакамандуючага АМАПа, пра якога вядома (фатаграфіі ў інтэрнэце ёсць), што ён носіць трусы чырвона-зялёнай расфарбоўкі. Можна, вядома, было папросту наладаваць падобныя споднікі саломай і калоць іголкамі ў выбітныя месцы, але вырашылі спаліць, каб ужо напэўна. Тады працэс над пенсіянеркамі здабыў бы канчатковую сімвалічную завершанасць, а падсудныя на ім атрымалі б шырокую вядомасць у якасці «маладзечанскіх вядзьмарак». Можна было б пазней і зняць фільм, запрасіўшы на галоўную мужчынскую ролю Джэка Нікалсана.

Hавiны
Следчы камітэт расследуе справу аб факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна»
2021.03.05 14:40

Аднак, з майго пункту гледжання, канчаткова ўся сімвалічная канструкцыя барацьбы з ідэалогіяй пратэсту і абнаўлення набывае толькі цяпер – пасля абвяшчэння аб крымінальным пераследзе пазбаўленага ў свой час рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Ва ўмовах, калі «Вясна» не валодае прававым статусам, але з ёй змагаюцца, відавочна, што змагаюцца не з суб’ектам права, а менавіта з сімвалам. Вясна – як сімвал абнаўлення прыроды, абуджэння сілаў, якія дрэмлць ва ўсім жывым – аказваецца галоўным аб’ектам пераследу. Бо вясна прыходзіць на змену зімы з яе змрочным небам, холадам, немагчымасцю – пры той тэмпературы, якая ў нас нечакана ўсталявалася – масавых акцый. Вясна – час, які ўсяляе ў кожнага чалавека надзеі на перамены – прычым практычна непазбежныя перамены.

Алесь Бяляцкі, ПЦ «Вясна».
Фота: архіў героя

У гэтых умовах суд над «Вясной», інфармацыя пра які будзе гучаць з кожнага ют’юб-канала, з большасці заходніх і расейскіх радыёстанцый, будзе публікавацца на інтэрнэт-сайтах і ў газетах, – такі суд ператвараецца ў суд над вясной. Над гэтым самым абнаўленнем, уласцівым прыродзе.

І тут беларускім дзяржаўным ідэолагам нічога і нікому не прыйдзецца ні тлумачыць, ні даказваць. Больш сімвалічны акт цяжка прыдумаць у прынцыпе. Чалавецтва добра ведае: утрымаць на нашых геаграфічных шыротах вечную зіму немагчыма, колькі б яна ні спрабавала дамагчыся рэваншу над вясной. Усё жывое будзе працягваць чакаць вясну, спадзявацца на яе, змагацца за яе. У фінскага пісьменніка Сакарыя Тапеліюса ёсць казка «Сампо-лапаронак». Маленькі хлопчык пабываў там на гары Растэкайс, дзе жыў Уладар льдоў волат Хійсі. Хійсі думаў, што яму ўдасца спыніць узыход вясновага сонца, увекавечыўшы тым самым царства холаду і змроку, царства ваўкоў і белых мядзведзяў. Але сонца ўзышло, і Хійсі ўцёк з ганьбай.

Немагчыма спыніць прыйсце вясны, паўтараю я. Казка – хлусня, вядома, але ў ёй абагульненая векавая мудрасць народаў.

Дарэчы, Святлана Ціханоўская апошні свой візіт ажыццявіла ў Фінляндыю. Ці выпадкова гэта? Там вясна ўжо надыходзіць.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў