«Вясна» за кратамі: у Менску судзяць праваабаронцаў, сярод якіх – нобэлеўскі лаўрэат


5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся суд над старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, ягоным намеснікам Валянцінам Стэфановічам, каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімірам Лабковічам і сябрам рады ПЦ «Вясна» Змітром Салаўёвым, якога судзяць дыстанцыйна. Працэс адкрыты. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік.

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Усе хадайніцтвы вязняў адхіленыя

Праваабаронцы «Вясны» напачатку працэсу заявілі некалькі хадайніцтваў. Просьбу зняць з іх кайданкі суддзя нават не разглядала, хадайніцтва весці пасяджэнне на беларускай мове – адхіліла, сказаўшы, што «можна выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моваў, суд вас зразумее».

Алесь Бяляцкі выказаў недавер суддзі Марыне Запаснік і заявіў ёй адвод. Гэтае хадайніцтва было адхіленае.

Бяляцкі таксама папрасіў перакладчыка з расейскай на беларускую. Суд і гэтага хадайніцтва не задаволіў.

Запаснік таксама адхіліла просьбу адвакаткі змяніць Бяляцкаму меру стрымання.

Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва аб выдаленні з суда прапагандысткі Алены Красоўскай, бо яна давала паказанні ў гэтай справе як сведка пад прозвішчам Карповіч. Суддзя адмовіла, назваўшы словы Стэфановіча «здагадкамі». Але было пацверджана, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «дзеля іх бяспекі».

Суд адкрыты, але дыпламатаў не пусцілі

Усіх, хто прыйшоў на адкрыты працэс (каля 30 асобаў), унеслі ў асобны спіс. Спачатку пусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх. Супрацоўнікі суда спаслаліся на ковідную рассадку, аднак усе прысутныя без масак. Каля 10–12 чалавек у судовую залу не пусцілі, сярод іх – прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

283 тома па 300 старонак

Пракурор Аляксандр Кароль зачытваў абвінавачванне паўгадзіны — у судзе абвесцілі перапынак на абед.

У справе 283 тома матэрыялаў па 300 старонак. Бяляцкі раней сказаў, што не паспеў прачытаць болей за 70 тамоў, і папрасіў даць час на азнаямленне. Суддзя заявіла, што ў праваабаронцы быў месяц на тое, каб усё прачытаць.

Віны не прызналі

Ні Алесь Бяляцкі, ні Валянцін Стэфановіч, ні Уладзімір Лабковіч не прызналі віны. Гэта датычыцца кожнага артыкула, паводле якога абвінавацілі праваабаронцаў. Агулам абвінавачванні зачытвалі амаль дзве гадзіны.

Тым часам быў вызначаны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і пры неабходнасці – рэчавыя. У апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.

На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку, заснавальніка і галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што не з’яўляўся супрацоўнікам «Вясны», таму нічога не ведае пра дзейнасць арганізацыі.

Парушэнне правоў

Абвінавачванні зачыталі праваабаронцам на расейскай мове, і Бяляцкі сказаў, што ён не ўсё зразумеў. Суддзя Запаснік заявіла, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне ягоных правоў.

У судзе па справе праваабаронцаў суддзя абвесціла перапынак да 6 студзеня. Працэс распачнецца а 10:30.

Справа «Вясны». Што вядома

14 ліпеня 2021 года на сувязь перасталі выходзіць 11 сябраў праваабарончага цэнтру «Вясна» – да іх з ператрусамі з самага ранку прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Сярод затрыманых былі і журналіст Сяржук Сыс, і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Палуда. Тры прадстаўнікі «Вясны» з таго дня так і не выйшлі на волю: старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Раней яшчэ чацвёра сябраў арганізацый у розны час трапілі за краты: Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца.

Год і два месяцы праваабаронцаў трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Нявыплата падаткаў»). Іх абвінавачвалі ў тым, што яны не зарэгістравалі праваабарончы цэнтр «Вясна» ў якасці юрыдычнай асобы (нагадаем, што раней улады беспадстаўна пазбавілі «Вясну» рэгістрацыі). З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць «здзейснілі ўхіленне ад выплаты сумаў падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплатніка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 да 2020 года на агульную суму не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры».

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку – Алесь Бяляцкі. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Затым гэтыя абвінавачанні змянілі на больш жорсткія. Цяпер вясноўцаў вінавацяць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Праваабаронцам ставяцца ў віну аплату штрафаў і адвакатаў мірным пратэстоўцам. Паводле матэрыялаў справы, вясноўцы «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ «Вясна», а таксама іншых арганізацыяў абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структураў і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі.

Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу агульнай сумай не менш за 201 тыс. еўраў і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання».

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку – Валянцін Стэфановіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Акрамя гэтага, праваабаронцы «ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзянаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцыяў пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года да 14 ліпеня 2021 года».

На допыты цягам гэтага часу выклікалі родных затрыманых, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія раней звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. З адвакатаў праваабаронцаў, а таксама шматлікіх сведкаў былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму справа пакрытая таямніцай.

Праваабаронца і сябра рады «Вясны» Зміцер Салаўёў выехаў з Беларусі пасля пачатку масавага ціску на праваабрончы сектар і НДА. Нагадаем, у лютым 2021 года ў шэрагу праваабарончых арганізацыяў і актывістаў у Менску і рэгіёнах адбыліся масавыя ператрусы і канфіскацыя тэхнікі. У сакавіку стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу за дзейнасць праваабарончага цэнтру «Вясна» (паводле арт. 342 КК — «Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Салаўёў быў затрыманы ў якасці падазраванага ў гэтай справе, але пасля допыту яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер ён за мяжой, таму яго судзяць дыстанцыйна.

Паўтара года за кратамі

Да сям’і намесніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча сілавікі прыйшлі за дзве хвіліны да сёмай. Гэта была апошняя раніца, праведзеная разам з сям’ёй: Валянціна змясцілі пад варту, а ягоная жонка Аліна Стэфановіч з трыма дзецьмі з’ехала ў іншую краіну.

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». На здымку – Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Пра стан Валянціна вядома мала. Адзіны сродак сувязі – гэта ліставанне, але цэнзура СІЗА-1 прапускае далёка не ўсё. Вядома, што яго трымаюць у сутарэнні, ён скардзіцца на пагаршэнне зроку і на тое, што вельмі нязручна чытаць. Але агулам пачуваецца бадзёра.

«Лісты для мяне зараз ледзь не адзіны канал камунікацыі з навакольным светам. Я зараз жыву лістамі і снамі, у якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям’ёй, з жывымі і мёртвымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў падвалах Пішчалаўскага замку…» – піша ён з-за кратаў.

Пра тое, што прыйшлі сілавікі, Уладзімір Лабковіч паспеў паведаміць на старонцы ў «Фэйсбуку»: ён напісаў слова «вобшук». У той дзень затрымалі і жонку Уладзя — Ніну, але праз 10 содняў яе выпусцілі. Сям’я гадуе траіх няпоўнагадовых дзяцей.

Суд у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Сувязь з Уладзімірам таксама вельмі кепская. Вядома, што ягонаек здароўе пагаршаецца: сапсаваўся зрок, з’явіліся частыя галаўныя болі.

За гэтыя паўтара года праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў шмат прэстыжных праваабарончых прэміяў і узнагародаў. Вяршыняй прызнання заслугаў беларускіх праваабаронцаў стала прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, які стаў трэцім у гісторыі лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі за кратамі.

Улады зрабілі так, каб праваабаронцы не атрымлівалі лістоў і словаў падтрымання. Але трэба не пераставаць пісаць.

Адрас для лістоў салідарнасці: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу.

СП  belsat.eu

Стужка навінаў