У Беларусі другі месяц запар падае дапамога на пахаванне


З 1 лістапада родныя памерлых змогуць атрымаць Br 1442,7 на арганізацыю пахавання. Гэтая сума на 20,5 рубля меншая, чым месяц таму, піша Zerkalo.io. У кастрычніку дапамога таксама была ніжэйшая за вераснёўскую на 8,5 рубля.

Памер дапамогі на пахаванне ў Беларусі змяняецца штомесяц, ён залежыць ад узроўню сярэдняга заробку па краіне. Дапамога раўняецца сярэдняму заробку станам на пазамінулы месяц адносна месяца смерці. Напрыклад, у лістападзе для налічэння бярэцца сярэдні заробак за верасень.

Дапамогу можна атрымаць, калі па яе звярнуцца не пазней за шэсць месяцаў са дня смерці блізкага чалавека.

У выпадку смерці інваліда Другой сусветнай вайны, асобы, якая атрымлівала пенсію за асаблівыя заслугі перад дзяржаваю, дапамога на пахаванне складзе дзве прызначаныя гэтаму чалавеку пенсіі, але не менш за сярэдні заробак за пазамінулы месяц перад наступленнем смерці.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў